КДБ арыштаваў больш за 20 афіцэраў ДФР — пад чысткі трапілі і антыгероі 2020-га
Ад трох інфармаваных суразмоўцаў «Нашай Ніве» сталі вядомы абставіны «справы ДФР», якая цяпер разгортваецца ў Беларусі. Затрыманыя два дзясяткі старшых афіцэраў Дэпартамента фінансавых расследаванняў Дзяржкантролю. Асноўны ўдар прыйшоўся на ўпраўленне па Мінскай вобласці і Мінску, а таксама на цэнтральны апарат.
08.02.2024 / 20:34
ДФР — Дэпартамент фінансавых расследаванняў пры Камітэце дзяржаўнага кантролю. Своеасаблівая фінансавая міліцыя, якая стала часткай палітычнай паліцыі рэжыму Лукашэнкі, выконваючы замовы па ліквідацыі бізнэсаў, пасадках няўгодных ці выцісканні іх за мяжу праз фабрыкацыю эканамічных крымінальных справаў.
Тут.бай, Белгазпрамбанк, «Грын», «Суседзі» і многія-многія іншыя, каго або пасадзілі, або распранулі — гэта было зроблена рукамі ДФР, па большай частцы мінскага ўпраўлення. І вось узнагароды знайшлі сваіх герояў — праз чатыры гады пасля старту масавых рэпрэсій з вобшукамі прыйшлі ў кабінеты саміх работнікаў ДФР.
Як стала вядома «Нашай Ніве» ад трох не звязаных між сабой суразмоўцаў, ужо як некалькі тыдняў КДБ праводзіць арышты афіцэраў цэнтральнага апарату ДФР і ўпраўлення па Мінску і Мінскай вобласці ў рамках расследаванняў спраў па 430 (атрыманне хабараў) і 424 (перавышэнне службовых паўнамоцтваў) артыкулах.
«Пачалося як звычайна: узялі аднаго дзеяча з мінскага ўпраўлення з хабарам ад прадпрымальніка за «вырашэнне пытанняў». Той пачаў здаваць іншых. Так і раскручваецца. Моцна прарадзілі мінскае ўпраўленне, цяпер ідуць па цэнтральным апараце. Затрымлівае КДБ», — паведаміў нам дасведчаны суразмоўца.
Нагадаем, нядаўна Лукашэнка прызначыў выхадца з КДБ Андрэя Самбука на пасаду кіраўніка ДФР.
Чытайце таксама:
Прызначылі новага кіраўніка ДФР
Што ўяўляе сабой імперыя «Новы зрок» і ў якой схеме іх абвінаваціў ДФР