Грамадства2424

«Бананавы кароль» Захараў зарубіўся з ДФР і шле Качанавай пакаянныя лісты, называючы апазіцыю «жопазіцыяй» 

Наваполацкі прадпрымальнік Уладзімір Захараў збіў свой капітал побач з «бананавымі каралямі» Цлафам і Думпай. А пасля шэрагу крымінальных прыгод перакваліфікаваўся ў дэвелаперы. Жыхарам Полацка і Наваполацка ён вядомы як уласнік большасці гандлёвых цэнтраў рэгіёна. Але нядаўна Захараў трапіў пад каток Дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР), які адпрацоўвае гэтак званае «драбленне бізнэсу». Апынуўшыся ў замежжы, Захараў спрабуе дамовіцца з рэжымам шляхам эксцэнтрычнай перапіскі, вытрымкі з якой трапілі ў распараджэнне «Нашай Нівы».

Уладзімір Захараў — не толькі бізнэсовец, але і вядомы беларускі гулец у покер. Фота: forum.gipsyteam.ru

На пачатку года ў эфіры АНТ выйшаў сюжэт, у якім прапагандысты прайшліся па знакамітым наваполацкім прадпрымальніку Уладзіміру Захараве. 

Некалі, у 90-х, ён вырас у кампаніі знакамітых беларускіх «бананавых каралёў» Барыса Цлафа і Сяргея Думпы, якія з фірмай «Фрутрэал» завезлі ў маладую краіну бананаў на дзясяткі мільёнаў даляраў. Як потым настойвала следства — не ўсе з іх легальна. 

Думпа ў выніку сядзе ў турму, а бізнэс-супольнасць будзе за вочы вінаваціць Захарава ў тым, што гэта ён данёс на сваіх бізнэс-партнёраў. У кожным разе, яму адпомсцілі, і Захараў у турме таксама пабываў. Зноў жа за вочы кажуць, што гэта Думпа і Цлаф падкінулі кампрамату на свайго былога партнёра. 

Нейкую частку капіталаў бізнэсменам удалося захаваць афіцыйна, выплаціўшы налічаную шкоду ў даважку да тэрмінаў у калоніі. «Фрутрэал» працягнуў працу і існуе да сёння.

Пасля таго, як іх дарогі разышліся, кожны з бізнэсменаў развіваўся па-свойму.

Захараў спрабаваў заняцца вырабам вінаў, галаўная кампанія, да слова, называлася «Вінрэал», мела свае крамы «Бахус» (у апазіцыі да «Дыяніса» Думпы і Цлафа), але не ўзляцела.

Лепш за ўсё Захараву ўдалося кіраванне будаўнічай кампаніяй. Ён сапраўды вельмі моцна разросся — больш як 100 тысяч квадратных метраў па ўсёй краіне, 80 з якіх у Полацку і Наваполацку. 

Самы вялікія ягоны арандатар з сетак — «Еўраопт». 

Хапае і ўласных гандлёвых цэнтраў ды кірмашоў, плошчы ў якіх арандуюць іпэшнікі. 

Нерухомасць Захарава, у выніку, і падвяла пад манастыр другі раз. 

«Сёння прадпрымальнік ва ўцёках за фінансавыя махінацыі. Супраць уласніка падазрона вялікай колькасці нерухомасці заведзеныя тры крымінальныя справы. Яму інкрымінуюць легалізацыю злачынных прыбыткаў, утойванне выручкі, нявыплату падаткаў. […]

Ва ўласнасці мужчыны ў Беларусі — 68 аб'ектаў нерухомасці, з іх 24 буйныя гандлёвыя цэнтры. Бізнэсмен раздрабіў свой бізнэс на некалькі падкантрольных кампаній, такім чынам ён размяркоўваў прыбытак ад здачы ў арэнду. Хітрасць у тым, што ён незаконна карыстаўся льготным рэжымам выплаты падаткаў», — казалі на АНТ, цытуючы ДФР. 

У сюжэце прагучала, што ў Захарава арыштавана маёмасці на 92 мільёны еўра, і расплата, маўляў, немінучая. Сам бізнэсовец уцёк у эміграцыю. 

Фота: arendastrelets.by

Перакладаючы на чалавечую мову, ДФР ухапілася за Захарава праз «драбленне» — схему аптымізацыі падаткаў, якую лукашэнкаўцы апошнія гады пачалі лічыць незаконнай. 

За «драбленне» ўжо шмат да каго прыходзілі — ад «Белцяжмаша» да 21 vek.

Сэнс у тым, што ў Беларусі ёсць некалькі рэжымаў падатакаабкладання. Па адных, спрошчаных, ты плаціш падаткі з абароту і да пэўнай сумы (2 млн 150 тысяч рублёў) без ПДВ, па іншых — плаціш падаткі з прыбытку. 

Выбар рэжыму падаткаабкладання залежыць ад маржынальнасці таго, чым ты займаешся. Калі ў цябе малая маржынальнасць — абіраеш агульны рэжым, калі высокая маржынальнасць, то выбіраеш спрошчаны рэжым. 

У нейкі момант, калі бізнэс у нерухомасці вырастае да вялікіх памераў, у некаторых уласнікаў з'яўляцца спакуса рэзаць свае плошчы на часткі, каб яны былі дастаткова малыя, каб не плаціць ПДВ, і дастаткова маржынальныя, каб было выгадна сядзець на спрошчаным рэжыме. Некаторыя рэгіструюць на сябе і на сваякоў статус ІП і на сваё ІП перадаюць (прадаюць) частку плошчаў, у выніку атрымліваючы грошы з меншым аб'ёмам падатковай нагрузкі, чым калі б гэта было на адной фірме. 

На такім трапіўся і Захараў.

Логіка бізнэсу зразумелая — ён імкнецца да скарачэння выплаты падаткаў там, дзе гэта наўпрост не забаронена законам.

Але аптымізацыю вось у такім выглядзе лукашэнкаўскія органы трактуюць як крымінал. За такое ў камеры адправілася маса народу, пацярпела шмат кампаній. 

З моманту публічных абвінавачванняў у бок Захарава інфармацыі пра развіццё гісторыі не было, і толькі тыя, хто моцна цікавіўся, ведалі, што аб'екты Захарава перадалі пад знешняе кіраванне, а сам ён не вяртаецца ў Беларусь. 

Гэта можна было адсачыць па эмацыйных публікацыях бізнэсмена ў сацыяльных сетках, у прыватнасці — у суполцы ягонага закрытага гандлёвага дома «Стралец» ва «УКантакце». 

Але, насамрэч, кулуарна бізнэсовец разгарнуў вялікую вайну за свае актывы, якая выявілася ў перапісцы з органамі ўлады. Праўда, відаць, без аніякай гарантыі на зваротную сувязь. 

Захараў пісаў лісты прэм'еру Галоўчанку, кіраўніку КДБ Церцелю, старшыні Савета Рэспублікі Качанавай і іншым, у якіх прыбягаў да даволі экстравагантных аргументаў у спробе выратаваць свой бізнэс, а таксама апісваючы норавы начальніка Наваполацкага міжраённага аддзела ДФР, падпалкоўніка Дзмітрыя Завяржэнца. 

Два такія лісты аказаліся ў распараджэнні «Нашай Нівы». 

У лісце да прэм'ера Рамана Галоўчанкі Уладзімір Захараў у асноўным блытана расказвае сэнс прэтэнзій да яго следчых і правяраючых органаў, выпінаючы выгадныя для сябе факты і ўтойваючы нявыгадныя.

Асноўныя ягоныя аргументы ў лісце да прэм'ера — лічбы шкоды дзяржаве і рытарычныя высновы. 

«Са 110 000 м² нерухомасці ў маёй асабістай уласнасці 1700 м², якія я як ІП здаваў больш за 10 год […]. І цяпер, па меркаванні ДФР і падатковай, я вінаваты ў гэтым, і не маю правоў на гэтыя 1700 метраў як грамадзянін, і з'яўляюся фіктыўным уласнікам гэтых аб'ектаў», — піша Захараў, фармальна пацвярджаючы фабулу абвінавачванняў у свой бок. 

Расказвае пра тое, што не можа выплачваць падаткі на нерухомасць і іншае праз арышты, а таксама піша, што ягоны падарунак гораду ў выглядзе тэхнапарку і парку адпачынку за 10 мільёнаў рублёў — пад пагрозай зрыву.

Таксама ў лісце называецца сума налічанай яму шкоды, з якой Захараў не згодны — 2,3 мільёна рублёў, а таксама спіс арганізацый, канцавым бенефіцыярам якіх следства лічыць Захарава: «ТАА «Ларс», ТАА «Стрелец-инвест», ТАА «Стрелец-реал», ІП Захараў В.А., ТАА «Торговый дом «ПАЛ», ТАА «Созвездие Стрельца», ТАА «Профит-ЗНВ», ТАА «Рента-инвест», ТАА «Доверие-ЗВА», ТАА «Доверие-реал», ТАА «Респект-ЗВА», ТАА «Оскар-ЗВА», ТАА «Персонал-реал».

Гэты ліст можна прачытаць па спасылцы, мы загрузілі яго ў інтэрнэт. 

А вось ліст Уладзіміра Захарава старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай з копіяй кіраўніку КДБ Івану Церцелю нашмат больш эмацыйны і багаты на нетрывіяльныя аргументы. 

Ён пралівае святло на тое, як камунікуюць бізнэс і органы ў правінцыі, а таксама да чаго можа апускацца чалавек у спробе выратаваць свае капіталы. 

У сваіх бедах Захараў абвінавачвае сасланага з Мінска падпалкоўніка ДФР Завяржэнца, апісваючы, як той нібыта спрабаваў схіліць Захарава на хабар за спыненне справы, адначасова шантажуючы пагрозамі пасадзіць і прадпрымальніка, і ягоную сям'ю.

Дзмітрый Завяржэнец

«Паважаная Наталля Іванаўна! Проста зараз у Наваполацку-Полацку адбываюцца падзеі, якія (калі не ўмяшацца на вышэйшым дзяржаўным узроўні) будуць мець каласальныя негатыўныя наступствы для сацыяльнай і эканамічнай сітуацыі ў рэгіёне.

Амбіцыі і непрыхаваная асабістая непрыязь начальніка Наваполацкага міжрайаддзела ДФР Завяржэнца Д. да мяне асабіста і да суб'ектаў нашага бізнэсу ў абодвух гарадах ствараюць пагрозу існуючай сацыяльнай і эканамічнай стабільнасці, якія, (у тым ліку мы), у канструктыўным супрацоўніцтве з органамі вертыкалі ўлады будуем дзясяткі гадоў», — ад самага пачатку ліста да Качанавай Захараў торгае самыя рэзанантныя струны чыноўніцкай душы. 

Качанава таксама шмат гадоў аддала Наваполацку і, безумоўна, асабіста ведае прадпрымальніка.

Захараў расказвае, як адначасова з пагрозамі пасадзіць следчы з ДФР нібыта прапаноўваў яму «наладзіць супрацоўніцтва і выбудаваць адносіны». А таксама спробы Завяржэнца націснуць на палітычную кнопку праз ананімныя даносы на Захарава ў органы дзяржбяспекі, якія, сцвярджае прадпрымальнік, нічога супольнага з рэальнасцю не маюць і вось чаму. 

Гандлёвы дом «Стралец» у Полацку. Фота: arendastrelets.by

«З улікам значнасці для краіны палітычных падзей апошніх год не дзіўна, што я і мой бізнэс неаднаразова правяраліся і правяраюцца на прадмет таго, ці ёсць факты: 

— удзелу мяне ці маіх супрацоўнікаў у пратэстах;

— заклікаў ад мяне да пратэстаў;

— фінансавання мной структур і асобных людзей у гэтым кірунку. 

Такіх фактаў няма і быць не можа», — піша Захараў Качанавай. 

«Мы неаднаразова і ўвесь час даказваем словам і справай, што мы за моцную і квітнеючую Беларусь. Мы не ломім — мы будуем. 

а) Мы адзіная камерцыйная структура, якой за час выбараў 2020-га было даверана размясціць у будынку гандлёвага цэнтра, які нам належыць, выбарчы ўчастак. Выбары ў ім сумеснымі намаганнямі з мясцовай уладай прайшлі ўзорна, без найменшых прыкмет праяў пратэснасці і з аб'ектыўным вынікам у падтрымку дзейнага кіраўніка дзяржавы. 

б) На 9 Мая і Дзень Незалежнасці на ўсіх нашых аб'ектах (як індыкатар нашага і майго асабіста стаўлення да гэтых дат) вывешваліся дзяржаўныя сцягі Беларусі. Мы выразна і адназначна, публічна паказвалі, з кім і за што мы ў гэтыя няпростыя дні. 

в) У публічнай сферы і ў сваіх сацыяльных сетках я неаднаразова выказваўся і пісаў пра так званую апазіцыю не іначай як са здзекам, называючы яе Жопазіцыяй.

А ў дачыненні да асоб Бабарыкі, Ціханоўскага, Латушкі я даўно выказаў публічна пазіцыю і ў дыялогах прадстаўнікам спецслужбаў ахарактарызаваў гэтых асоб як бяду, з якой можна і трэба змагацца, каб не дапусціць іх да ўлады. 

г) У дачыненні да гісторыі і сучаснай праблематыкі (тэмы Украіны), каштоўнасцяў грамадзянскай супольнасці я таксама шматразова і публічна выказваўся, маючы поўнае супадзенне пазіцый у гэтай сферы з дзейнай уладай Беларусі. 

Уладзімір Захараў. Фота: сацсеткі

Мая нязгода з некаторымі эканамічнымі падзеямі, рашэннямі і публічныя заявы аб неабходнасці іншых шляхоў рашэння ў эканоміцы з'яўляюцца адкрытымі і ўспрымаюцца ўсімі як нармальнае, канструктыўнае хваляванне за лёс краіны», — працягвае Захараў і дзеліцца дэталямі сваёй дзейнасці. 

«Пры канцы года праз праблематыку росту цэн была высокая імавернасць падрыхтоўкі пратэстаў з боку суб'ектаў, асабліва прадпрымальнікаў.

Многія гады раней мы паспяхова ўзаемадзейнічалі з мясцовым КДБ па спыненні такіх спробаў. І гэтым разам мы сачылі за дзеяннямі галоўнага патэнцыйнага арганізатара — Шостак Таццяны (арандатара на ТЦ «Капітал» у Наваполацку). І не дапусцілі ніякіх праяў яе дзеянняў на нашых аб'ектах.

Аднак яна наведала мэра Наваполацка, дзе праявіла публічную непавагу і абвінаваціла ўлады краіны ўва ўсіх магчымых бедах, за што пасля ГАУС горада і судом была пакарана арыштам на 30 сутак», — піша Захараў. 

Але гэта або вельмі свабодная трактоўка гісторыі, або свядомая хлусня. У рэальнасці Шостак арыштавалі на выхадзе з дома, да выканкама яна не даехала. 

Між тым з ліста Захарава вынікае, што ён на прадпрымальніцкую лідарку даносіў, што і прывяло да яе арышту.

Чытайце таксама: Полацкую прадпрымальніцу арыштавалі за спробу перадаць калектыўны зварот мясцовым уладам

Захараў красамоўна, у сваім стылі, апісвае сваё бачанне падпалкоўніка Завяржэнца. 

«Ён публічна сваім супрацоўнікам неаднаразова заяўляў, што «ДФР — гаспадары ў горадзе. Усе павінны нас баяцца». Гэтую (знешне бяскрыўдную выказаную дурасць) ён на справе імкнецца рэалізоўваць не толькі ў адносінах да суб'ектаў гаспадарання, але і да іншых прадстаўнікоў улады.

Усе ягоныя аператыўныя тэмы, ператвораныя ў крымінальныя справы, па выніку не маюць судовых рашэнняў і спыненыя СК. Аб узроўні яго канфліктнасці з іншымі органамі кажа хаця б факт таго, што на дзень СК (12 верасня) яго не пусцілі ў памяшканні СК і адмовіліся прыняць падарунак у гэтае іх прафесійнае свята.

Дзякуючы Завяржэнцу і яго даверанай асобе, Кісіну Эдуарду (гуляку і даўжніку наваполацкаму казіно і яго гаспадару Фралову) усе мерапрыемствы, якія праводзяцца ДФР сумесна з ІМПЗ па спыненні дзейнасці падпольнага покернага клуба, які доўгі час працаваў у памяшканнях казіно, скончыліся. Гаспадара казіно Завяржэнец (дзякуючы кантакту з ім праз Кісіна) адпусціў праз суткі. «Парашалі» на траіх.

У некалькіх месцах і розным людзям Завяржэнец спецыяльна агучыў (каб да мяне гэта дайшло): «Калі маці і сын апынуцца ў клетцы, Захараў сам прыпаўзе».

Што гэта? Ідэя ўзяць у закладнікі блізкіх сваякоў? Мне на гэтую пагрозу як адрэагаваць?

[…] Адразу пасля прыдуманых фантазій, на мяне ў Чарнагорыі, дзе я зараз знаходжуся, неаднаразова спрабаваў выйсці нейкі Андрэй (які раней здымаў у Завяржэнца яго мінскую кватэру, а цяпер жыве і працуе ў Чарнагорыі), якому Завяржэнец гатовы агучыць прапанову ў мой адрас, у сувязі з чым і адправіў гэтага Андрэя «наладзіць са мной кантакт». «Рашалы» ад Завяржэнца спрабуюць знайсці мяне паўсюль», — дадае Захараў. 

І кампраметуе супрацоўніка ДФР наступным аргументам. 

«Мы вымушаныя былі вывучыць асобу Завяржэнца ў публічных доступах.

І са здзіўленнем выявілі, што ў яго ў розных сацсетках мноства старонак з яго фота, дзе ён шматкроць і шыкоўна адпачывае ў Егіпце, валодае дарагім супермотабайкам, і, самае важнае, — у яго на старонцы ў сацсетцы УКантакце на працягу 6 месяцаў пад яго фота быў змешчаны падрабязны каментар, у якім асуджаліся дзеянні Прэзідэнта Беларусі і агучваўся заклік адправіць ваяваць ва Украіну сына Прэзідэнта Беларусі. Не думаем, што такое з'яўляецца нармальным для кіраўніка спецслужбы міжрайаддзела ДФР», — звяртае ўвагу Захараў. 

«Наша Ніва» не можа ні пацвердзіць, ні абвергнуць абвінавачванні, якія Захараў выказвае на адрас Завяржэнца.

Прачытаць цалкам пра дэталі ягоных узаемаадносін з палкоўнікам можна ў лісце, які мы далучаем. 

А мы ў завяршэнне акцэнтуем увагу толькі на варыянтах выхаду з сітуацыі, прапанаваных Захаравым — Качанавай і Церцелю. 

«Мы гатовы выступіць генеральнымі спонсарамі Нацыянальнага алімпійскага камітэта і забяспечыць выкананне задач, пастаўленых Прэзідэнтам у спартыўнай галіне. Мы будзем ганарыцца, калі гэта (выхаванне алімпійскіх чэмпіёнаў-беларусаў) будзе выканана з нашым удзелам», — прапануе Захараў і працягвае. 

«Мы ажыццявілі перамовы з зацікаўленымі бакамі і гатовы былі выступіць з прапановай да кіраўніка дзяржавы аб магчымасці (яго дазволе) продажу нам гандлёвага цэнтра «Дана мол» у Мінску (бо гэты суб'ект знаходзіцца ў пераліку, продаж якіх магчымы толькі са згоды Прэзідэнта).

Мы шчыра імкнуліся заслужыць гэтае права ў Кіраўніка Дзяржавы.

Такі значны аб'ект, можа, і павінен належаць беларускаму суб'екту, а не іншаземцам, і прыносіць цалкам карысць краіне ад дзейнасці ў ім, а не выводзіць вынікі (дывідэнды і прыбытак) ад гэтай дзейнасці за межы краіны.

Дзеянні, амбіцыі Завяржэнца, яго крыўда за «ссылку ў глухмень са сталіцы» (з яго слоў), яго адкрытае жаданне проста нашкодзіць, нанесці шкоду мне і маім суб'ектам, а не выканаць сваю працу ў інтарэсах дзяржавы, не даюць магчымасці выканаць усе вышэй згаданыя праекты, значныя для нас і краіны», — рэзюмуе Захараў. 

Наколькі «Нашай Ніве» вядома, топавыя чыноўнікі засталіся глухія да зваротаў наваполацкага бізнэсмена, і стан спраў у яго не змяніўся — аб'екты, якімі ён валодаў, перададзеныя ў часовае дзяржаўнае кіраванне, арандатары цяпер плацяць арэнду непасрэдна лукашэнкаўцам, а Захараў працягвае адседжвацца ў эміграцыі. 

Размаўляць з аўтарам «Нашай Нівы» на тэму гэтых лістоў Уладзімір Захараў адмовіўся. 

Што датычыць асобы падпалкоўніка Дзмітрыя Завяржэнца, то абазнаныя суразмоўцы «Нашай Нівы» пацвердзілі, што ягоная гісторыя ў Мінску скончылася пасля таго, як бізнэсмены завалілі органы ўлады і кадравыя службы скаргамі на яго. За руку яго не злавілі, але са сталіцы сапраўды выслалі ў Наваполацк. 

Імаверна, гэтую гісторыю ведае і Захараў, які пайшоў дзейнічаць тымі ж метадамі, але ў адзіноце. 

Калі вы лічыце важным матэрыялы, як гэты, калі ласка, падтрымайце нашу працу праз Патрэон па спасылцы ніжэй.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары24

  • За Свабоду!
    29.08.2023
    Таварыш Ста...Качанава, адбылася жахлівая памылка©
  • Эл
    29.08.2023
    Не хапае подпicу - "жопалiз"
  • Ёсік
    29.08.2023
    Нікому ты не цікавы, ты сябе пахаваў. Улады цяперашнія цябе з'ядуць. Так с.аку лізаць шчэ ўмець трэба. Мярзотнік ванітны.

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд1

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд

Усе навіны →
Усе навіны

Беларускія кампаніі пастаўляюць у Расію заходнія мікрасхемы ў абыход санкцый — новае расследаванне5

Памёр былы рэгіянальны начальнік КДБ Іван Корж12

У Хойніцкім раёне воўк напаў на вартаўніка, а потым на міліцыянераў, якія прыехалі на выклік1

Арыштавалі маёмасць уласніка кампаніі па вырабу надмагілляў. Ён падмануў сотні беларусаў на мільёны рублёў

У доме на праспекце Незалежнасці знайшлі таемны пакой1

Наступствы ДТЗ у Лідскім раёне з чатырма загінулымі: кіроўцу затрымалі

Скандал у каралеўскай сям'і Нарвегіі: сына прынцэсы абвінавачваюць у сэксуальным гвалце7

Украінцы выбілі расіян ад Купянска6

ГУБАЗіК паправіў пракуратуру18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд1

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд

Галоўнае
Усе навіны →