Экадашы і аскеза. Дыетолаг тлумачыць, які з модных трэндаў у харчаванні насамрэч дапаможа скінуць лішнюю вагу
Модныя дыеты з'яўляюцца ледзь не кожны сезон — цяпер на піку папулярнасці экадашы і аскеза. Даведаліся ў дыетолага, якую небяспеку хаваюць гэтыя практыкі і як іх правільна выконваць, каб не нашкодзіць здароўю.
18.02.2024 / 18:39
«Трэба разумець, што любая дыета — стрэс для арганізма, таму перад тым, як на яе вырашыцца, неабходна пракансультавацца з доктарам. Ён распрацуе план харчавання, улічваючы асаблівасці вашага арганізма, і не дапусціць дэфіцыту карысных мікраэлементаў і вітамінаў», — перасцерагае ад самалячэння і жорсткіх дыет доктар-гастраэнтэролаг і дыетолаг Ірына (поўнае імя не прыводзіцца ў мэтах бяспекі).
Да таго ж, большасць модных пахудальных практык, калі выкарыстоўваць іх няправільна, могуць проста не спрацаваць. А эфект, калі яго не замацоўваць, неўзабаве сыдзе на нішто. Таму варта падыходзіць да скідвання вагі сур'ёзна.
Экадашы
«У перакладзе з санскрыту «экадашы» азначае «адзінаццаць» — ці адзінаццаты дзень пасля маладзіка і поўні. У аюрведычнай літаратуры напісана, што гэты час як мага лепш падыходзіць для разнастайных духоўных практык. Таму менавіта ў экадашы прынята асэнсавана абмяжоўваць сябе ў ежы», — расказвае Ірына.
Фота: unsplash.com
Людзі, якія прытрымліваюцца гэтай традыцыі, на дзень адмаўляюцца ад тлустай, цяжказасваяльнай ежы ці наогул абыходзяцца без яе. Лічыцца, што ў экадашы нельга ўжываць мяса, яйкі, рыбу і морапрадукты, бабовыя, збожжавыя, злакавыя прадукты, усе віды круп і асабліва рыс. Алкаголь, кава і іншыя напоі, якія ўплываюць на свядомасць, таксама выключаюцца. Дазволенымі застаюцца вада і свежавыціснутыя сокі, свежая садавіна і гародніна, дэгідрыраваная гародніна без цукру і хіміі, малочныя прадукты.
«Экадашы — добры варыянт разгрузачнага дня, праўда, трэба з розумам рыхтавацца да пачатку такой дыеты і плаўна з яе выходзіць. Як правіла, мінімум за тры дні трэба паступова адмаўляцца ад цяжкай ежы, алкаголю і кавы. Пасля канца «разгрузкі» — таксама плаўна ўваходзіць у звычайны рэжым харчавання. Асобна трэба адзначыць, што фруктовыя дыеты могуць не падысці людзям, якія пакутуюць на гастрыт і падвышаную кіслотнасць. У іх выпадках перад тым, як спрабаваць экадашы, трэба пракансультавацца са спецыялістам» — адзначае лекар.
Фота: unsplash.com
Аскеза
Аскеза — выдатны спосаб, каб прапрацаваць сілу волі, і дрэнны, каб схуднець. Сэнс гэтай практыкі зводзіцца да ўсвядомленага выхаду са сваёй зоны камфорту: у якасці аскезы чалавек можа адмовіцца ад мяса, цукру, мучнога, кавы і іншага або ўзяць на сябе абавязацельства рэгулярна выконваць нейкае дзеянне: чытаць па сто старонак на дзень, рабіць зарадку ці піць дастатковую колькасць вады.
«Адмовіцца ад алкаголю ці цукру на 30 дзён, а менавіта столькі доўжыцца мінімальная аскеза, заўсёды карысна. Тым больш, калі чалавек дадасць зарадку ці іншыя рэгулярныя фізічныя нагрузкі. Плюс аскезы ў тым, што за месяц, як правіла, арганізм прывыкае да адсутнасці якога-небудзь інгрэдыента ў рацыёне і перабудоўваецца на новыя смакавыя патэрны. З мінусаў можна адзначыць часты хуткі адкат: я ведаю кліентаў, якія месяц абмяжоўвалі сябе ў тлустай ежы, але потым ішлі адзначаць канец устрымання ў «Макдональдс». Канешне, для арганізма гэта быў стрэс», — тлумачыць Ірына.
Фота: unsplash.com
Па словах лекара, хоць адмова ад канкрэтнага шкоднага прадукта будзе сапраўды карысная для арганізма, на зніжэнне вагі яна можа не паўплываць: «Часта, адмаўляючыся ад салодкага ці мучнога, жанчыны чакаюць неверагодных вынікаў, але за ўвесь час губляюць толькі кілаграм-паўтара. Вядома, такія паказчыкі моцна дэматывуюць. Таму трэба разумець, што аскеза — гэта больш трэніроўка волі і першая цаглінка ў далейшае будаўніцтва здаровага рацыёну, а не класічная дыета».
Дыета
Канешне, мы не маглі абысці бокам класічныя дыеты. «Чаго толькі не робяць жанчыны, каб схуднець — і воцат п'юць, і лічынкі глістоў глытаюць, але ўсе гэтыя нялюдскія спосабы толькі калечаць арганізм», — наракае лекар.
За час працы ў прафесіі Ірына выпрацавала правіла:
«Я перакананая, што чым мацней пакутаваў чалавек падчас дыеты, тым больш верагодны зрыў і наступны адкат. У дыету трэба ўваходзіць плаўна і без надрыву — часам перабудова харчовых звычак займае некалькі месяцаў. Затое, правільна падышоўшы да рацыёну і ведаючы, якія прадукты менавіта вам трэба выключыць, вынік хоць і прыйдзе пазней, але затрымаецца з вамі надоўга».
Фота: unsplash.com
Тым, хто плануе пазбавіцца залішняй вагі да вясны, Ірына рэкамендуе ўспомніць «правіла талеркі».
«Звычайную талерку дыяметрам 20-24 см трэба візуальна падзяліць на дзве роўныя часткі. Адну з іх — яшчэ раз напалову. Так, палову порцыі павінна займаць гародніна, адну чвэрць — складаныя вугляводы, астатнюю частку — бялкі. Гэтае правіла дапамагае разнастаіць рацыён і прытрымлівацца здаровага харчавання» — кажа яна.
Чытайце таксама:
Пасля абеду цягне на салодкае? Магчыма, арганізм падае вам важны сігнал
Як алкаголь уплывае на жывот і чаму ад алкаголю стул становіцца дзіўным?