Пуцін у інтэрв'ю Карлсану абвінаваціў Кіеў і Захад у пачатку цяперашняй вайны ва Украіне

«Расія чакала, што яе возьмуць у брацкую сям'ю «цывілізаваных народаў», нічога падобнага не адбылося. Вы нас падманулі», — сказаў расійскі кіраўнік.

09.02.2024 / 07:37

Фота: Gavriil Grigorov / Sputnik, Kremlin, Pool Photo via AP

Уладзімір Пуцін у інтэрв'ю Такеру Карлсану абвінаваціў Украіну і Захад у пачатку цяперашняга вайсковага канфлікту, заклікаў Вашынгтон перагледзець сваю пазіцыю і пацвердзіў, што Расія «гатовая да дыялогу», піша Бі-бі-сі.

Прэзідэнт Расіі заявіў вядомаму амерыканскаму журналісту Такеру Карлсану, што яшчэ ў пачатку 2000-х, стаўшы прэзідэнтам, ён спрабаваў наладзіць адносіны з Захадам і нават спытаў у свой час прэзідэнта Клінтана, ці магчыма для Расіі далучыцца да NATO.

Са слоў Пуціна ў выніку ён атрымаў адмову. «Калі б ён сказаў «Так», пачаўся б працэс збліжэння, і ў канчатковым выніку гэта магло б адбыцца, калі б мы ўбачылі шчырае жаданне партнёраў зрабіць гэта. Але гэтым не скончылася», — сказаў Пуцін.

«Расія чакала, што яе возьмуць у брацкую сям'ю «цывілізаваных народаў», нічога падобнага не адбылося. Вы ж нас падманулі — я калі кажу «вы», не вас асабіста маю на ўвазе, вядома, а Злучаныя Штаты, — абяцалі, што не будзе пашырэння NATO на ўсход, але гэта адбылося пяць разоў, пяць хваляў пашырэння», — сказаў Пуцін Такеру Карлсану.

Пуцін зноў паўтарыў свае старыя сцвярджэнні, што да цяперашніх варожых стасункаў Расіі з Захадам прывяло пашырэнне NATO на ўсход і перспектыва ўступлення ў альянс Украіны.

З ягоных слоў, трыгерам, які прывёў да вайсковага канфлікту, стаў «дзяржаўны пераварот у Кіеве» ў 2014 годзе і пасля — адмова Кіева выконваць Мінскія пагадненні.

Пуцін таксама заявіў, што Расія была гатовая да вяртання Данбаса ў склад Украіны.

«Я шчыра лічыў, што калі ўсё ж такі ўдасца ўгаварыць тых людзей, якія на Данбасе жывуць, — іх трэба было яшчэ ўгаварыць вярнуцца ў рамкі ўкраінскай дзяржаўнасці, — то паступова, паступова раны зажывуць», — сказаў Пуцін.

Але, па яго словах, У Кіеве хацелі вырашыць пытанне з дапамогай ваеннай сілы. Са слоў расійскага прэзідэнта, цяперашнюю вайну пачала Украіна «восем гадоў бамбіўшы Данбас», а не Расія.

Пуцін таксама заявіў, што, калі б не Вашынгтон і брытанскі прэм'ер Барыс Джонсан, на яго думку, якія перашкодзілі заключыць Стамбульскае пагадненне, вайна ўжо даўно скончылася б.

Ён сказаў, што Вашынгтон павінен перагледзець сваю пазіцыю. «Варыянты ёсць, было б жаданне», — сказаў Пуцін, дадаўшы, што Масква гатовая да дыялогу, але не ўдакладніўшы, на якіх умовах.

Уладзімір Пуцін абвінаваціў Злучаныя Штаты ў падрыве «Паўночнага патоку», заявіўшы, што «ў ЦРУ няма алібі».

«Усё гэта было б смешна, калі б не было так сумна», — вымавіў Пуцін, кажучы пра стасункі Расіі, Украіны і Захаду.

«Гэтая бясконцая мабілізацыя на Украіне, істэрыка, унутраныя праблемы, усё гэта… рана ці позна ўсё роўна мы дамовімся».

Адказваючы на пытанне Карлсана пра тое, ці нападзе Расія на Польшчу, Пуцін заявіў, што гэта адбудзецца, толькі калі Польшча нападзе на Расію. «У нас няма ніякіх інтарэсаў ні ў Польшчы, ні ў Латвіі — нідзе. Навошта нам гэта? У нас проста няма ніякіх інтарэсаў», — сказаў расійскі прэзідэнт.

Такер Карлсан спытаў Пуціна пра журналіста Wall Street Journal Эвана Гершковіча, які знаходзіцца ў расійскай турме.

«Я не выключаю, што чалавек, пра якога вы кажаце, містэр Гершковіч, зможа вярнуцца на радзіму. У канчатковым рахунку, не мае ніякага сэнсу трымаць яго ў турме ў Расіі», — адказаў расійскі прэзідэнт, даўшы зразумець, што магчымы абмен Гершковіча, калі будзе сустрэчны рух з боку ЗША.

«Ну толькі трэба дамаўляцца», — дадаў Пуцін.

Чытайце таксама:

У размове з Карлсанам Пуцін паказаў сябе спецыялістам у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай

«Супрацоўнікі канала выдатна ведалі, што ніхто выбары не фальсіфікаваў, але вырашылі казаць адваротнае». Чаму амерыканскі «пакутнік» мала чым адрозніваецца ад зорак БТ

Звольнілі з працы амерыканскага тэлевядучага, які трансляваў наратывы расійскай прапаганды

Nashaniva.com