Расія накіравала ва Украіну значна менш людскіх і матэрыяльных рэсурсаў, чым патэнцыйна магла б
Згодна з аналізам Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў, Масква патэнцыйна яшчэ можа вытрымаць каля трох гадоў цяжкіх страт. А паводзіны Расіі падштурхнулі еўрапейскія краіны да рэкорднага павелічэння выдаткаў на абарону і перагляду ваеннай стратэгіі.
14.02.2024 / 21:30
Мабілізаваныя ў расійскую армію. Фота: AP
Bloomberg знаёміць з некаторымі палажэннямі новага аналітычнага матэрыялу Міжнароднага інстытуту стратэгічных даследаванняў (IISS).
У якасці асноўнага кароткатэрміновага сцэнарыя IISS разглядае тупіковую сітуацыю ў баявых дзеяннях паміж Расіяй і Украінай. У матэрыяле адзначаецца, што з пачатку поўнамаштабнага канфлікту Масква страціла больш за 2900 асноўных баявых танкаў — прыкладна столькі ж, колькі мелася на ўзбраенні ў пачатку аперацыі. Аднак ёй удалося папоўніць страты за кошт больш старой тэхнікі.
Па ацэнках IISS, Масква патэнцыйна можа вытрымаць яшчэ каля трох гадоў цяжкіх страт і папаўняць недахоп танкаў з запасаў. Хуткасць, з якой Расія раскансервуе старыя машыны, «часам можа дасягаць 90 танкаў у месяц», гаворыцца ў даследаванні.
Згодна з ацэнкамі IISS, Расія накіравала на вайну значна менш людскіх і матэрыяльных рэсурсаў, чым патэнцыйна магла б, і Пуцін застаецца прыхільнікам перамогі, а не кампрамісу, нават калі да яе трэба будзе ісці гадамі шляхам пастаяннай мабілізацыі рэсурсаў.
Выданне звяртае ўвагу на той факт, што паводзіны Расіі падштурхнулі еўрапейскія краіны да павелічэння выдаткаў на абарону і ўмацавалі НАТА. Сусветныя выдаткі на абарону выраслі на 9% да рэкордных 2,2 трыльёна долараў. Палова з іх, па даных IISS, прыпадае на краіны — сяброўкі НАТА.
Змяніліся і прыярытэты абаронных бюджэтаў. Калі ў 2014 годзе краіны НАТА трацілі на закупкі і развіццё ў сярэднім 15% свайго абароннага бюджэту, то ў 2023 годзе, на думку старшага навуковага супрацоўніка па абароннай эканоміцы ў IISS Фенэлы Макгерці (Fenella McGerty), яны будуць выдзяляць больш за 30%.
«Тэмпы расходавання боепрыпасаў падчас баявых дзеянняў ва Украіне прымусілі Захад прызнаць, што вытворчыя магутнасці атрафіраваліся, і краіны кінуліся выпраўляць недахопы, якія ўзніклі ў выніку шматгадовага недаінвеставання», — цытуе выданне паведамленне IISS.
Акрамя гэтага, вялікім попытам сталі карыстацца беспілотнікі. А абаронныя ведамствы па ўсім свеце спрабуюць выкарыстоўваць хуткасць развіцця прадпрымальніцкіх стартапаў у гэтай сферы.
Тым часам, па даных IISS, амерыканскія вайскоўцы знаходзяцца ў рэжыме пераасэнсавання, засвоіўшы ўрокі з расійскай вайны ва Украіне. Армія ЗША прыступіла да распрацоўкі новай артылерыйскай стратэгіі з упорам на дальнабойны дакладны агонь і перагледзела падыход да падбору кадраў. А высокія паказчыкі выкарыстання ключавых відаў зброі ў вайне прымусілі ВПС ЗША павялічыць іх колькасць.
Чытайце яшчэ:
Расія страціла больш за 60 танкаў і БТР у наступе пад Аўдзееўкай — Bild
Расійская армія зняла з кансервацыі старыя эксперыментальныя БТРы і адправіла ва Украіну