На Сашу Філіпенку завялі крымінальную справу
Гэта стала вядома падчас затрымання ягонага бацькі ў Мінску.
14.02.2024 / 10:29
«Я так і не зразумеў, за што яны яму прыдумалі 13 сутак. Тата распавёў, што калі з ім размаўлялі ў РУУС, перад ім паклалі раздрукаваныя фатаграфіі мяне з прэзідэнтам Швейцарыі, з Ціханоўскай, з міністрам культуры Нямеччыны», — расказаў пісьменнік у інтэрв'ю «Новай Еўропе».
«Бацьку тыкалі пальцам у гэтыя фота, задавалі пытанні. Пакуль ішоў допыт, яны ўскрывалі яго тэлефон і шукалі ў яго нешта, за што можна закрыць. Тата падпісаў пратакол, што супраць мяне заведзена крымінальная справа; па якім артыкуле яна распачата, мы да гэтага часу не ведаем, ведаем толькі, што, акрамя гэтага, яшчэ дзве іншыя справы ў працэсе завядзення. Дома ў яго прайшоў ператрус, бо я прапісаны па гэтым жа адрасе», — дадаў Саша Філіпенка.
«Нядаўна бацька зноў быў на допыце і вельмі смешна сказаў: «Ты ведаеш, мне здаецца, следчыя на тваім баку». Думаю, у яго ўжо развіўся стакгольмскі сіндром. Я кажу:»так, яны для гэтага справы і распачалі, каб проста зразумець, што я добры хлопец».
Следчыя пыталіся ў бацькі, ці збіраюся я вяртацца. Сказалі, што глядзяць усе мае інтэрв'ю. Пыталіся, ці ганаруся я Беларуссю.
Папа адказаў: «Так, і нядрэнна было б, калі б і Беларусь таксама пачала Сашам ганарыцца».
Таму так, мне страшна. Але гэта ніяк не можа паўплываць на сітуацыю.
У таты цяпер няма пашпарта, ён не можа з'ехаць. Можна, напэўна, неяк бегчы, але тата не хоча гэтага, бо ён нічога злачыннага не здзяйсняў. Дзіўна і няправільна, што бацькі адказваюць за дзяцей. Нават у сапраўдных бандытаў ёсць паняцце, што забіраць бацькоў неспартыўна», — расказаў Саша Філіпенка.
***
Саша Філіпенка — беларускі пісьменнік, журналіст і публіцыст. Аўтар кніг «Былы сын», «Крэмулятар», «Чырвоны Крыж», «Вяртанне ў астрог», «Цкаванне». Ягоныя раманы перакладзеныя на многія мовы. Філіпенка рэзка крытыкаваў і раней і цяпер улады Беларусі і Расіі.
З 2004 да 2020 года жыў у Расіі, дзе працаваў у незалежных СМІ.
Улетку 2023 года ў Вільні была пастаўлена яго п'еса «Ціхары» пра падзеі ў Беларусі ў 2030 годзе. Па сюжэце настаў апакаліпсіс, але нават ён не спыніў палітычных судоў, якія праводзяць у бункеры.
У студзені ў Маскве спектакль па яго п'есе быў адменены.
Чытайце таксама:
Саша Філіпенка: Ці магчыма ўвогуле, каб усё вярнулася, стала як раней?
«Крэмулятар» Сашы Філіпенкі атрымаў прэстыжную літаратурную прэмію
Маскоўскі тэатр адмяніў прэм'еру спектакля «Крэмулятар» паводле Сашы Філіпенкі
Пісьменнік Саша Філіпенка распавёў пра цяперашні стан бацькі і падрабязнасці яго затрымання
Дома ў пісьменніка Сашы Філіпенкі адбыўся ператрус. Ягонага бацьку затрымалі