Грэцыя стала першай праваслаўнай краінай, якая ўзаконіла аднаполыя шлюбы
Парламент прагаласаваў за законапраект упэўненай большасцю.
16.02.2024 / 06:39
Прыхільнікі законапраекта радуюцца падчас мітынгу на цэнтральнай плошчы Сінтагма ў Афінах. Фота: Michael Varaklas / AP
Парламент Грэцыі ў чацвер упэўненай большасцю прагаласаваў за легалізацыю аднаполых шлюбаў і ўсынаўленне дзяцей аднаполымі сем'ямі. Грэцыя стала 37-й краінай у свеце і першай праваслаўнай краінай, якая ўзаконіла шлюбы людзей аднаго полу, піша Бі-бі-сі.
За новы закон прагаласавалі 176 з 245 прысутных дэпутатаў грэцкага парламента.
Закон прасоўваў асабіста прэм'ер-міністр Кірыякас Міцатакіс, лідар кансерватыўнай партыі «Новая дэмакратыя».
Пры гэтым супраць легалізацыі аднаполых шлюбаў выступалі дзясяткі дэпутатаў ад партыі прэм'ера, але затое за яго прагаласавалі дэпутаты ад апазіцыі, у тым ліку ад левай партыі «Сірыза», чый лідар, Стэфанас Каселакіс — гей.
«Гэта гістарычная вяха ў справе забеспячэння правоў чалавека, якая адлюстроўвае сённяшнюю Грэцыю — прагрэсіўную, дэмакратычную краіну, якая горача верыць у еўрапейскія каштоўнасці», — напісаў прэм'ер-міністр Міцатакіс у сацсетцы Х (былым твітары).
Грэцкая (Эладская) праваслаўная царква, якая мае ў краіне дзяржаўны, канстытуцыйны статус «пераважаючай рэлігіі» і карыстаецца аўтарытэтам сярод многіх дэпутатаў партыі Міцатакіса, выступае рашуча супраць легалізацыі аднаполых шлюбаў.
Кіраўнік царквы, архіепіскап Афінскі і ўсёй Элады Еранім II, заявіў, што новы закон — гэта спроба навязаць краіне новыя рэаліі, якія руйнуюць тканку грамадства.
У нядзелю ў Афінах прайшла дэманстрацыя супраць новага закона. На яе з іконамі і распяццямі ў руках выйшлі каля чатырох тысяч чалавек.
Грэцыя, па даных сацыёлагаў — самая рэлігійная краіна ў Еўропе. Па падліках амерыканскага Pew Research Center, да 90% жыхароў Грэцыі лічаць сябе праваслаўнымі хрысціянамі, 58% з іх сцвярджаюць, што рэлігія грае вельмі важную ролю ў іх жыцці.
Праўда, у царкву ходзяць усяго 16%, але і гэта — найвышэйшы паказчык ва ўсёй Еўропе.
Як нагадвае агенцтва AFP, грамадзянскія саюзы — але не шлюбы — аднаполых пар былі ўзаконеныя ў Грэцыі ў 2015 годзе, калі краінай правіла партыя «Сірыза». Яе лідар, Стэфанас Каселакіс, у кастрычніку мінулага года пабраўся шлюбам са сваім партнёрам у ЗША, за што падвергнуўся абразам з боку кансерватыўных палітыкаў-гамафобаў.
Прыняты пры ўрадзе «Сірызы» закон не дазваляў аднаполым парам і ўсынаўляць дзяцей: узяць прыёмнае дзіця афіцыйна мог адзін партнёр, але не абодва. Не вырашаў гэты закон і праблемы спадчыны аднаполых пар.
ЛГБТ-арганізацыі Грэцыі віталі прыняцце новага закона. «Сёння — дзень радасці!» — абвясціла ў сацсетках адна з іх, «Вясёлкавыя сем'і Грэцыі».
Чытайце таксама:
Каталіцкі касцёл у Беларусі не збіраецца бласлаўляць аднаполыя пары, хоць гэта дазволіў Ватыкан
Эстонія стала першай постсавецкай краінай, якая дазволіла аднаполыя шлюбы