Лукашэнка пацвердзіў затрыманні супрацоўнікаў ДФР

Выступаючы на сходзе Белкаапсаюза, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне чатырох супрацоўнікаў Камітэта дзяржкантролю. Мяркуючы па ўсім, ідзе гаворка пра затрыманых супрацоўнікаў Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК, пра якіх «Наша Ніва» пісала раней.

16.02.2024 / 18:48

«Колькі ў цябе ўжо там пад следствам? Чатыры чалавекі? — запытаўся Лукашэнка ў старшыні КДК Васіля Герасімава. — Тыя, якія кантралявалі разам з ім. Ніхто не пашкадаваў. Сёння ты кантралёр, заўтра ты парушыў закон — туды [у турму]», — сказаў Лукашэнка.

Пра затрыманне больш за 20 афіцэраў Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК «Наша Ніва» паведамляла 8 лютага. КДБ праводзіла арышты афіцэраў цэнтральнага апарата ДФР і Упраўлення па Мінску і Мінскай вобласці ў рамках расследаванняў спраў па 430 (атрыманне хабараў) і 424 (перавышэнне службовых паўнамоцтваў) артыкулах.

Таксама падчас гэтага выступлення Лукашэнка прызнаў праблему з карупцыяй у Беларусі і папрасіў чыноўнікаў не браць і не даваць хабару, таму што «лепш жыць вельмі бедна, але на волі». Пры гэтым ён нагадаў, што затрымліваюцца нават ягоныя памочнікі, намякаючы на лёс Ігара Брыло, і ім «будзе больш, чым каму-небудзь».

Чытайце таксама:

Становяцца вядомымі падрабязнасці маштабнай «справы ДФР»

КДБ арыштаваў больш за 20 афіцэраў ДФР — пад чысткі трапілі і антыгероі 2020-га

«Мы дойдзем да канца. Будуць яшчэ затрыманні, будуць яшчэ крымінальныя справы» — намеснік міністра ўнутраных спраў Казакевіч

Nashaniva.com