Грамадства22

Выкладаў фота ў майцы Russia, а Лукашэнка наказваў яму зазямліцца. Шэсць фактаў пра Ігара Брыло, затрыманага па «малочнай справе»

14 лістапада Аляксандр Лукашэнка заявіў, што раскрытая карупцыйная схема ў так званай «малочнай справе», дзе «свецяцца і члены ўрада». У яе межах затрыманы 26 чалавек, 15 з іх — пад арыштам. Затрыманы аказаўся і Ігар Брыло — экс-міністр, інспектар па Віцебскай вобласці. Згадваем цікавыя моманты з яго біяграфіі.

Ігар Брыло. Фота: president.gov.by

З дзяцінства марыў стаць вайскоўцам або міліцыянтам

Ігару Брыло 51 год. Ён нарадзіўся ў Барысаве, тамсама скончыў сярэднюю школу №19 (цяпер гімназія №1).

Яго бацькі рабілі на барысаўскім піўзаводзе. Маці адпрацавала там усё жыццё — больш за 40 гадоў. Бацька таксама пачынаў на гэтым прадпрыемстве, потым перайшоў працаваць на Барысаўскі завод медычных прэпаратаў.

У школьныя гады Ігар Брыло актыўна займаўся спортам — лыжнымі гонкамі. Падлеткам марыў стаць вайскоўцам або міліцыянтам. Яму вельмі падабаліся заняткі па пачатковай вайсковай падрыхтоўцы, якія былі абавязковымі для тагачасных вучняў. Але юнак меў праблемы са зрокам, таму не спадзяваўся прайсці медкамісію ў вайсковую вучэльню.

Як варыянт разглядаў вучобу ў Інстытуце фізічнай культуры. Аднак яго адгаварылі настаўнікі: маўляў, быць фізруком і трэнерам не прэстыжна, тым болей для амаль што выдатніка (у атэстаце выпускніка Брыло былі толькі дзве «чацвёркі», астатнія «пяцёркі» — тады ў беларускіх школах дзейнічала пяцібальная сістэма ацэнкі ведаў).

З жонкай пазнаёміўся на лыжных зборах

У Віцебскі ветэрынарны інстытут Брыло трапіў па парадзе трэнераў. Хлопца з'агітавалі паступаць менавіта туды, бо на базе ВНУ была моцная школа па лыжных гонках і біятлоне. Вучыцца аказалася складана, бо даводзілася спалучаць трэніроўкі з вучобай. Прычым трэніроўкі для студэнта былі больш важнымі — ён спадзяваўся стаць прафесійным спартоўцам. Аднак падвяло здароўе, і ад трэніровак прыйшлося адмовіцца па рэкамендацыі дактароў. Давялося засяродзіцца на вучобе, і ў 1996 годзе Брыло скончыў Віцебскую ветэрынарную акадэмію (за час яго навучання ўстанову перайменавалі) па спецыяльнасці «Ветэрынарыя».

З будучай жонкай Ігара Брыло таксама звёў спорт: яны пазнаёміліся на лыжных зборах. Святлана маладзейшая за мужа на 6 гадоў, і распісалася пара ўжо тады, калі дзяўчына стала студэнткай інстытута фізкультуры, а яе абраннік адпрацаваў першы год па размеркаванні.

У сям'і трое дзяцей. Старэйшая дачка Карына скончыла ветэрынарную акадэмію, як і бацька, сярэдняя Кацярына адвучылася на выкладчыцу фізкультуры — таксама пайшла па спадчыннай сцяжынцы. Зрэшты, абедзве дачкі ў дзіцячыя гады сур'ёзна займаліся спортам — тымі ж лыжнымі гонкамі. Сын Ілля яшчэ школьнік, і таксама не цураецца спорту — займаецца плаваннем і футболам.

Жонка некаторы час працавала трэнерам, цяпер — хатняя гаспадыня. Каб падтрымліваць фізічную форму, Ігар Брыло нават на пасадзе міністра паспяваў хадзіць у басейн і катацца на лыжах — пераважна пад Лагойскам.

Рабіў рэктальныя даследаванні каровам і працаваў ва ўбойным цэху

Першым працоўным месцам Ігара Брыло стала Барысаўская раённая ветэрынарная станцыя. Яго прызначылі ветлекарам, якіх у 1990-я заўважна бракавала. Па працы ўчорашняму студэнту даводзілася шмат паездзіць па фермах, дзе не было нават гарачай вады, браць аналізы ў кароў і прыводзіць рэктальныя даследаванні.

«Гэта калі плоднасць каровы правяраеш не сканерам, а рукой. І калі паглядзіш 30-40 кароў, то рука ўжо нямее», — тлумачыў у адным з інтэрв'ю будучы міністр сельскай гаспадаркі.

У 2001-м Ігар Брыло памяняў месца працы: пайшоў працаваць ветэрынарным лекарам на Барысаўскі мясакамбінат. Яго запрасіў туды тагачасны дырэктар Генадзь Скітаў — цяпер генеральны дырэктар магілёўскай «Бабушкінай крынкі» і галоўны фігурант «малочнай справы». Імаверна, сяброўскія адносіны са Скітавым і паўплывалі на тое, што Брыло колькі дзён таму быў арыштаваны.

На мясакамбінаце Скітаў прапанаваў Ігару Брыло пасаду з добрым заробкам, але вельмі своеасаблівую. Яго паставілі працаваць ветэрынарным доктарам ва ўбойны цэх. У абавязкі Брыло ўваходзіў агляд жывёлы, якую прывозілі на камбінат, у тым ліку пасля забою. «Гэта цяжкая праца — ты па калена ў брудзе, па локаць у крыві, з нажом у руках, а паўз цябе ідзе канвеер, які немагчыма спыніць. Што ж, праца такая», — прыгадваў пазней Ігар Брыло.

Фатаграфаваўся ў майцы з надпісам Russia

У 2019 годзе, падчас працы ў міністэрстве сельскай гаспадаркі, Ігар Брыло стаў героем скандальнага інцыдэнту, выклаўшы ў сваім інстаграме фота ў майцы з надпісам Russia. Здымак быў зроблены на барысаўскім прадпрыемстве «Здравушка мілк ААТ», якое выпускае малочную прадукцыю. Пасля таго, як на гэта звярнулі ўвагу СМІ, чыноўнік закрыў сваю старонку. 

Прэс-сакратарка міністэрства Зінаіда Бярэшчанка абмацюкала журналіста «Нашай Нівы», калі ён звярнуўся па каментар наконт гэтага фота. Пасля спадарыня Бярэшчанка выбачылася, але яе звольнілі.

У сваіх публічных выступах Брыло неаднаразова падкрэсліваў, што сапраўдны патрыёт — гэта той, хто падтрымлівае дзяржаўны курс. І што найважнейшыя працоўныя якасці, паводле якіх трэба адбіраць кіраўнічы склад у любой галіне, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы — гэта не толькі прафесіяналізм, а найперш — патрыятызм.

Каментуючы паслявыбарчыя падзеі 2020 года, Ігар Брыло падкрэсліваў што прадстаўнікі падведамаснай яму галіны мала падтрымлівалі пратэсты. І выказваў уласныя версіі, чаму гэта так: «Гэтыя людзі засталіся вернымі прэзідэнту. Напэўна, яны бачылі стаўленне прэзідэнта да сельскай гаспадаркі, яго трапяткое стаўленне і тое, як ён умеў усім нам паставіць задачы».

Згадваў ён і заслугі вайскоўцаў: «Трэба сказаць ім вялікі дзякуй, бо, пры ўсім жаданні кагосьці разгайдаць краіну, яны гэтага не дазволілі і не зрабілі. Насамрэч, адчуваецца наша сіла ў дзяржаве».

Лукашэнка загадаў яму зазямліцца

Сёлета 21 ліпеня Аляксандр Лукашэнка зняў Ігара Брыло з пасады міністра сельскай гаспадаркі і харчавання (Брыло займаў яе з 2022-га). Здарылася гэта проста падчас селектарнай нарады па пытаннях уборкі ўраджаю. Раскрытыкаваўшы хаду ўборачнай на Віцебшчыне, Лукашэнка заявіў, што накіроўвае туды Брыло сваім інспектарам. І што той разам са старшынёй аблвыканкама «галавой адказвае» за ліквідацыю недахопаў.

Былому міністру Лукашэнка дадаў і некалькі слоў ад сябе асабіста: «Калі ты ўспрымаеш гэта як высылку — гэта твае праблемы. Табе трэба прайсці гэты этап. І калі ты там возьмешся моцна, то і вынік будзе, і для цябе асабіста вельмі карысны вынік. Трэба зазямляцца, калі ты думаеш далей працаваць».

І парадаваўся, што Брыло не пярэчыў: «Ты салдат, і па-салдацку паступаеш. Я гэта вельмі цаню».

Ігар Брыло актыўна ўзяўся за працу. У прыватнасці, пачаў ездзіць з праверкамі па рэгіёнах, дзе раённае кіраўніцтва з гэтай нагоды ладзіла сустрэчы з насельніцтвам. Мясцовыя жыхары, якія даўно не спадзяюцца на дапамогу ўладаў у вырашэнні сваіх праблем, традыцыйна ігнаравалі «грамадскія прыёмныя». І тут інспектар заявіў, што бачыць ў гэтым выключна станоўчую з'яву: маўляў, «мінімальная колькасць зваротаў грамадзян — гэта максімальная ацэнка працы кіраўніцтва».

Імкнучыся дагадзіць інспектару, у райцэнтры Дуброўна мясцовае начальства аднойчы рэалізавала гэты трэнд напоўніцу: падчас прамой тэлефоннай лініі замест пытанняў да Ігара Брыло гучалі адныя падзякі работнікам райвыканкама.

Пераразаў стужку на адкрыцці сталоўкі

Апошні візіт Ігара Брыло па рэгіёнах Віцебшчыны адбыўся 4 лістапада. У той дзень адразу сямёра чыноўнікаў рознага ўзроўню ўрачыста пераразалі чырвоную стужку на адкрыцці сталоўкі ў пасёлку Бігосава Верхнядзвінскага раёна.

Ігар Брыло — другі справа. Фота: vitvesti.by

З гэтага года Брыло быў таксама кіраўніком Беларускай федэрацыі коннага спорту.

Каментары2

  • Бобр
    23.11.2023
    Поехал заземлиться, а в итоге приземлился.
  • даведка
    23.11.2023
    Жадность фраера сгубила... 

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру7

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Усе навіны →
Усе навіны

Улады Літвы не выключаюць тэракта на борце самалёта DHL, які ўпаў у Вільні

17-гадовая дзяўчына ў Расіі панесла есці свінням і загінула2

Сёння на таргах даляр падскочыў на чатыры капейкі

Хто прыдумаў ютуб-праграму «Гадзіннічак цікае»?3

Прапуцінскі папуліст перамог у першым туры выбараў у Румыніі, але прэзідэнтам мае стаць жанчына-ліберал1

Сярэдні заробак у кастрычніку вырас амаль на 50 рублёў

Папярэдняя прычына падзення самалёта ў Вільні — тэхнічнае пытанне3

У Пінску закрылі буйны махлярскі кол-цэнтр. Пацярпелых — амаль 50 тысяч чалавек4

Перад прыездам Лукашэнкі ў Пакістан там забаранілі агульнанацыянальны марш апазіцыі. Тысячы затрыманых5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру7

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Галоўнае
Усе навіны →