Расійскага ваенкара Андрэя Коца затрымалі ў Маскве з марыхуанай
Журналіста «РИА Новости» і брата прапагандыста Аляксандра Коца затрымалі паліцыянты. Пры аглядзе ў яго быў знойдзены скрутак з невядомым рэчывам. Чым усё скончылася?
19.02.2024 / 21:41
Андрэй Коц. Фота: тэлеграм-канал BAZA
Па даных «Базы», вайсковага карэспандэнта РІА Новости Андрэя Коца затрымалі яшчэ ноччу 10 лютага. Супрацоўнікі паліцыі спынілі мужчыну на вуліцы Дзекабрыстаў у Маскве. Ён прыкметна нерваваўся, таму паліцэйскія вырашылі яго даглядзець.
У журналіста знайшлі скрутак з невядомым рэчывам. Як пазней паказала экспертыза, гэта была марыхуана. Як ваенкар растлумачыў следчым, ён купіў яе толькі што і зняў закладку з тыльнага боку дома.
Як піша «База», Коцу наўрад ці пагражае крымінальная справа. Згодна з расійскім заканадаўствам, для гэтага патрэбна больш за шэсць грамаў рэчыва.
У скрутку ў журналіста было толькі 2 грамы. Цяпер сілавікі шукаюць невядомага, які прадаў журналісту марыхуану. Супраць яго будзе заведзеная крымінальная справа за гандаль наркотыкамі.
Як стала вядома журналістам, Коца адпусцілі. Сам жа мужчына адмовіўся каментаваць «Базе» сваё затрыманне. «Не разумею, адкуль вы ўзялі гэтую інфармацыю, не буду каментаваць», — сказаў журналіст.
Аляксандр і Андрэй — дзеці савецкага і расійскага журналіста Ігара Коца, які быў намеснікам галоўнага рэдактара «Расійскай газеты», а да гэтага працаваў намеснікам галоўнага рэдактара «Камсамольскай праўды» і 10 гадоў займаў пасаду галоўнага рэдактара газеты «Савецкі спорт».
Чытайце яшчэ:
Якая сітуацыя з наркотыкамі на фронце?