Раптоўна памёр 35-гадовы сын Ігара Сечына — кіраўніка «Раснафты» 

У рэестры спадчынных спраў з'явіўся запіс аб смерці сына кіраўніка «Раснафты» Ігара Сечына, 35-гадовага Івана. Увагу на гэта звярнуў былы віцэ-прэзідэнт ЮКАСа Леанід Неўзлін. Да гэтага пра смерць сына Сечына не паведамлялася. 

20.02.2024 / 08:28

«Напэўна, цяжка паверыць, але я шчыра спачуваю бацьку, які страціў дзіця. Як спачуваю маме Аляксея Навальнага. Як спачуваў апошнія гады маме Боры Нямцова, якая пакінула нас у гэтым месяцы. Мае спачуванні сямʼі Сечыных, вымушанай хаваць сваё гора», — напісаў Неўзлін. 

Паводле рэестру, Іван Ігаравіч Сечын памёр 5 лютага, яму было 35 гадоў. Раней пра яго смерць і яе прычыны публічна не паведамлялася. 

«Медиазона», праверыўшы запіс у рэестры пераканалася, што ён аформлены на Івана Ігаравіча Сечына 1989 года нараджэння, які жыў у Маскве па адрасе Шведскі тупік, дом 3. У 2013 годзе РБК называла гэты будынак домам для паплечнікаў Пуціна. Паводле інфармацыі РБК, там жыў у тым ліку і Ігар Сечын. 

Паводле ўцечак з расейскіх баз звестак, піша «Медиазона», Іван Сечын працаваў у «Раснафце» з 2014 года. У студзені 2015 года, калі яму было 25 гадоў, ён атрымаў медаль ордэна «За заслугі перад Айчынай» II ступені.

У 2022 годзе ён трапіў пад санкцыі ЗША за ўварванне ва Украіну як сын свайго бацькі.

Па афіцыйна не пацверджанай інфармацыі канала ВЧК-ОГПУ, прыкладна ў 04:30 у ноч на 5-е лютага 35-гадовы Іван паскардзіўся, што яму дрэнна, ён задыхаецца. Мужчына ўпаў і страціў прытомнасць. Яму імкнуліся зрабіць першасныя рэанімацыйныя мерапрыемствы. Адначасова хуткую выклікаў ахоўнік Івана Сечына, праўда, назваў недакладны адрас. У выніку медыкі ехалі амаль дзве гадзіны. Калі хуткая прыбыла на месца, то лекары толькі змаглі канстатаваць смерць Івана. 

Крыніца ВЧК-ОГПУ распавяла, што афіцыйнай прычынай смерці 35-гадовага Івана Сечына названы тромб. 

Пры гэтым Сечын забараніў супрацоўнікам СКР, ФСБ і іншым сілавікам займацца пытаннямі смерці Івана.

Па даных ВЧК-ОГПУ, на трэція суткі пасля смерці мужчына быў пахаваны.

Іван быў адзіным сынам Ігара Сечына. Вядома, што ў яго яшчэ ёсць дзве дачкі. 

Чытайце таксама:

«А хто ён такі?» — рэакцыя ботаў на навіны пра смерць Навальнага 

Цела Навальнага не аддадуць сваякам яшчэ 14 дзён

«Мы ведаем, за што канкрэтна Пуцін забіў Аляксея. Мы хутка вам раскажам». Юлія Навальная запісала зварот да расіян

Nashaniva.com