Парламент Венгрыі нарэшце ўхваліў уступленне Швецыі ў НАТА
Парламент Венгрыі 26 лютага пасля паўтарагадавога зацягвання нарэшце ратыфікаваў дакумент аб уступленні Швецыі ў Паўночнаатлантычны альянс. Пра гэта паведамляе «Еўрапейская праўда».
26.02.2024 / 19:03
За ратыфікацыю Пратакола аб уступленні Швецыі ў НАТА прагаласавалі 188 дэпутатаў венгерскага парламента, супраць выступілі толькі шасцёра.
Фармальна працэс ратыфікацыі завершыцца пасля таго, як ратыфікацыйны пратакол падпіша прэзідэнт Венгрыі і ён будзе апублікаваны ў афіцыйным весніку. Чакаецца, што гэта адбудзецца цягам наступнага тыдня.
Венгрыя была апошняй краінай — членам НАТА, якая не ўзгадняла ўступленне Швецыі ў Паўночнаатлантычны альянс. Доўгі час Будапешт сцвярджаў, што падтрымлівае ўступленне Швецыі і будзе «не апошнім», хто яго ўхваліць. На практыцы ж ратыфікацыя ў венгерскім парламенце адбылася пазней, чым нават у Турцыі, якая да апошняга актыўна крытыкавала Швецыю з-за недастатковай «барацьбы з тэрарызмам».
Як вядома, у мінулую пятніцу прэм'ер Швецыі Ульф Крыстэрсан прыбыў з візітам у Будапешт. Падчас яго Орбан заявіў аб «аднаўленні даверу ў адносінах» і пацвердзілася інфармацыя, што Швецыя прадасць Венгрыі яшчэ 4 знішчальнікі Gripen і працягне пагадненне па іх абслугоўванні.
Чытайце таксама:
Пайшла ў адстаўку прэзідэнтка Венгрыі. Ёй не даравалі памілавання чалавека, замяшанага ў педафіліі
Журналісты даведаліся, хто пераканаў Орбана дапамагчы Украіне
«Траянскі конь» Пуціна. Хто такі Віктар Орбан і чый бок ён сапраўды займае?