У выпадку далучэння Украіны да Еўрасаюза, да ЕС далучыцца і Беларусь, там будзе рэвалюцыя — Віктар Орбан
Такімі прагнозамі падзяліўся прэм'ер Венгрыі на закрытай сустрэчы з дэпутатамі і прадстаўнікамі апазіцыі краіны ў мінулым годзе, даведаўся венгерскі расследавальніцкі праект Direkt36 праз свае крыніцы. Там жа Орбан раскрыў галоўную прычыну свайго супрацьдзеяння ўступленню Украіны ў ЕС.
Паводле крыніц і інфармацыі венгерскага журналісцкага праекта Direkt36, у сакавіку 2023 года Віктар Орбан праводзіў закрытую нараду з венгерскімі дэпутатамі, у тым ліку і з апазіцыяй, дзе расказваў пра сваё бачанне будучыні Украіны і Усходняй Еўропы ў цэлым.
Паводле яго слоў, уступленне Украіны ў ЕС створыць «новы цэнтр сілы» пад кантролем ЗША, які перашкодзіць яго стратэгічным мэтам супрацоўніцтва з краінамі Усходу, такімі, як Кітай, Расія і Індыя.
«Далучэнне Украіны створыць новы цэнтр сілы ў ЕС, у якім будзе дамінаваць ЗША. Там будуць краіны Балтыі, Польшча і Румынія, дзе амерыканцы цяпер размяшчаюць больш за ўсё сваёй зброі для дапамогі Украіне.
Гэты цэнтр сілы стане яшчэ шырэйшым за кошт Беларусі. Мы бачым, што там усё яшчэ могуць адбыцца адна ці дзве каляровыя рэвалюцыі», — падкрэсліў на закрытай нарадзе Віктар Орбан, перадае Direkt36.
Свае прагнозы Орбан дапоўніў тым, што не лічыць правільнай палітыку ЗША «змагацца з ростам уплыву Азіі, бо гэта толькі расколвае сусветную эканоміку і ставіць еўрапейскія краіны перад выбарам замест супрацоўніцтва з усімі бакамі».
Гэтымі ж асцярогамі, па словах Орбана, той дзяліўся з Францыяй і Германіяй, прасоўваючы наратыў «аб будучым паслабленні ўплыву Заходняй Еўропы з-за новага цэнтра сілы ў асобе Украіны і іншых еўрапейскіх краін».
Венгерскі прэм'ер нават прапаноўваў лідарам Францыі і Германіі аб'яднацца з Венгрыяй, Польшчай, Чэхіяй і Славакіяй супраць уплыву ЗША, «але тыя адмовіліся», піша Direkt36.
«Пры гэтым Орбан на сустрэчы адкрыта прызнаў, што ніяк не зможа перашкодзіць працэсу ўступлення Украіны ў ЕС, бо ён прасоўваецца адносна хутка», — адзначае праект Direkt36.
Нагадаем, што Венгрыя пры Орбане з'яўляецца адзінай краінай ЕС, якая не падтрымала даклада АБСЕ аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі. Венгрыя нават спрабавала ўратаваць кіраўніка Беларускай чыгункі Уладзіміра Марозава ад еўрапейскіх санкцый (але беспаспяхова).
Той факт, што венгерскае кіраўніцтва прасоўвае інтарэсы Лукашэнкі ў Еўропе, адкрыта прызнаваў і пасол Беларусі ў Венгрыі.
Сам Орбан бываў у Беларусі двойчы: у 2020-м перад прэзідэнцкімі выбарамі і ў 2018-м падчас футбольнага матча паміж нацыянальнымі камандамі Беларусі і Венгрыі.
Акрамя таго, Беларусь у мінулым годзе некалькі разоў наведваў міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта, які заяўляў пра неабходнасць захавання сувязяў з Мінскам «для дасягнення міру ва Украіне».
Каментары