«Грошы ў цябе будуць, а культура можа знікнуць». Як польскія панкі адраджаюць беларускія народныя песні
Чатыры хлопцы з Падляшша заснавалі гурт «Вандроўнік», які выконвае ў тым ліку беларускія песні. Яго ўдзельнікі кажуць, што вандруюць не толькі па мясцовасці, але і па розных мовах ды жанрах. Хлопцы называюць сябе панкамі, бо ідуць супраць мэйнстрыму. Хаця выгляд іх да панкаў не падобны. Пра выбар мовы і стылю ўдзельнікі расказалі выданню Most.
01.03.2024 / 20:06
Гісторыя «Вандроўніка» пачалася чатыры гады таму ў адным з падвалаў у польскім Бельску. Добра знаёмыя паміж сабой хлопцы вырашылі стварыць гурт. Яцак спявае і грае на акардэоне, Марыюш — барабаншчык, Даміян — электрагітарыст, Лукаш — басіст. Для ўсіх гэта не першы праект, бо музыкай яны займаліся з дзяцінства.
«Спяваць па-беларуску — гэта натуральны стан»
Удзельнікі гурта нарадзіліся ў Польшчы, але называюць сябе тутэйшымі, размаўляюць і спяваюць па-беларуску, гэтую мову вывучалі ў школе. Хлопцы адзначаюць: пытання, ці спяваць на беларускай мове, перад імі не стаяла.
— Для нас на Падляшшы — гэта, можна сказаць, натуральны стан, — тлумачыць Марыюш.
— Мы належым да пакалення, якое чула тутэйшую гаворку і беларускую мову ад сваіх бацькоў і дзядоў. Але мяркую, паступова гэта знікае — моладзь з’язджае ў вялікія гарады і забывае вёску, бацькаўшчыну, — дадае Яцак.
Выключна беларускамоўнымі песнямі рэпертуар не абмяжоўваецца. Гурт ствараўся з мэтай вандраваць па Падляшшы, а таксама «ягонай гісторыі, музычных жанрах і мовах».
— У нас ёсць песні і на польскай мове. Лічу, што калі ў галаву прыйшла ідэя менавіта польскамоўнай песні, абмяжоўваць сябе не трэба, — тлумачыць Яцак.
Фота са старонкі «Вандроўніка» ў фэйсбуку
«Хочацца, каб нешта з народнай музыкі засталося»
Сабраўшыся ўпершыню, музыкі правялі дзве рэпетыцыі і амаль адразу паехалі на конкурс.
— Сказалі «будзь, што будзе» і паехалі на першае выступленне, — распавядае Яцак. — Магчыма, гэта панкаўскі падыход, які застаўся з намі і па сёння. Але калі сустракаемся на рэпетыцыях, заўсёды праводзім «мазгавы штурм». Мяркую, гэта цікавы падыход.
Так падбіраюць і рэпертуар. Напрыклад, песня на верш Максіма Багдановіча «Маладосць» з’явілася знянацку: Яцак прачнуўся з думкай, што трэба падрыхтаваць нейкую песню да выступлення.
— Узяў з паліцы зборнік беларускіх вершаў, які застаўся ў мяне са школьных часоў, і напачатку кнігі знайшоў верш Багдановіча. Падабраў акорды на гітары, скінуў хлопцам — ну мы і паспрабавалі яе зайграць.
Некаторыя песні хлопцы абіраюць, каб яны не толькі захаваліся, але і прагучалі наноў. У рэпертуары «Вандроўніка» ёсць «Айчына-мама» гурта «Кордон», «Агонія» гурта Veritas і народная песня «Ручаёчак».
Сучасную аранжыроўку музыкі ствараюць уласнымі сіламі, а часам дапамагаюць сябры, якія таксама прыходзяць на рэпетыцыі.
— Майму сэрцу і душы беларускія песні блізкія — гэта наша культура, традыцыя, якую важна захоўваць, — мяркуе Марыюш.
— Мы як маладое пакаленне хочам паказаць, што гэтыя песні можна выконваць па-рознаму. Хочацца, каб нешта з народнай музыкі засталося, — дадае Яцак.
Гурт «Вандроўнік» выступае ў Беластоку. Фота: Most
«Якія ж вы панкі, дзе вашыя іракезы?»
У большай ступені «Вандроўніка» ведаюць тыя, хто нарадзіўся на Падляшшы. Новая эмігранцкая хваля беларусаў з гуртом не знаёмая.
— Толькі некалькі месяцаў таму мы пачалі адчуваць, што на Падляшшы з’яўляецца больш беларусаў, якія зацікаўленыя мовай і мясцовымі гуртамі, — расказвае Марыюш.
Але «Вандроўнік» ужо паспеў зайграць для «немясцовых» беларусаў — акустычны канцэрт адбыўся ў беластоцкім пабе Beer4U.
Некаторыя са слухачоў параўноўвалі музыкаў з «Королём и Шутом», іншыя — з «Сектором Газа». Але хлопцаў гэта не крыўдзіць:
— Нам прыемна, бо ведаем: калі нас з кімсьці параўноўваюць, значыць, мы падабаемся слухачам. Пры гэтым граць, як хтосьці, не хочам: ёсць «інспірацыі» — гурты, якія нас натхняюць, — але перш за ўсё мы хочам граць уласную музыку, — кажа Яцак.
Стылістычна гурт адносіць сябе да панк-музыкі, хаця дакладны напрамак, у якім будзе рухацца гурт, пакуль не вызначаны. Шмат каго такая ідэнтыфікацыя здзіўляе.
— У нас пытаюцца: якія ж вы панкі, дзе вашыя іракезы? — смяецца Яцак. — Але для мяне паняцце панку — не ў знешнім выглядзе. Важней адрознівацца ад масы і ісці супраць мэйнстрыму. Так мы і робім, нават калі гэта не ўсім падабаецца.
Фота са старонкі «Вандроўніка» ў фэйсбуку
«Хацелася б паказаць беларускія народныя песні на вялікіх сцэнах Польшчы»
Пакуль музыка не прыносіць калектыву шмат грошай. А сродкі, заробленыя на канцэртах, разыходзяцца на бензін — гурт сапраўды вандруе шмат: аднойчы давялося даць ажно тры канцэрты за дзень. Гурт гэта не бянтэжыць:
— Грошы можна зарабіць, і яны ў цябе будуць, а культура можа знікнуць, — кажа Яцак.
Планаў на будучыню ў «Вандроўніка» шмат. У гэтым годзе хлопцы плануюць запісаць альбом, які стане зборнікам музычных казак, у наступным — выпусціць акустычны альбом.
— А так хацелася б паказаць беларускія народныя песні на вялікіх сцэнах Польшчы, — адзначае Яцак.
Хлопцы дадаюць, што плануюць зрабіць уласны мерч — надрукаваць цішоткі, але пакуль не могуць знайсці спонсараў, таму былі б удзячныя любой падтрымцы.
Паслухаць песні «Вандроўніка» можна на іх YouTube-канале, а зусім хутка ў гурта з’явіцца старонка ў Spotify.
Чытайце таксама: