Меркаванні33

«Чужына гэта ці не чужына? — задумваюся чарговы раз»

Згодна з прагнозам надвор'я, гэты суботні дзень мае быць апошнім цёплым днём восені. Крыўдна будзе змарнаваць гэты дзень — таму я пастанавіў скарыстаць яго, каб выбрацца куды-небудзь за горад, піша беларус-эмігрант з Беластока Ян Рамэйка.

На дарозе з Міхалова ў Заблудаў ляжыць ідэальны асфальт

Вядома ж, мяне цягне на ўсход, у бок беларускай мяжы. Узяў заплечнік і пайшоў на аўтобусны прыпынак на алеі Пілсудскага. Першы аўтобус, які мне трапіўся, ішоў у Гарадок праз Міхалова. У Гарадку я ўжо быў, таму гэтым разам бяру білет да Міхалова. 

На прыпынку насупраць сінагогі Магілевера ў аўтобус зайшоў пан у белай кашулі і пінжаку. На шыі ў яго боўталася сіняя стужка да ключоў з надпісам Radio Białystok. Ён сеў на раскладное крэсла побач з кіроўцам, бо гэта было апошняе вольнае месца ў аўтобусе.

— Чаму сёння гэтулькі людзей?

— У Гарадок усе едуць на ўрачыстасць.

Запытаўшыся, даведваюся, што ў Гарадку на Пакровы фэст у царкве, а потым набажэнства ў капліцы на могілках. Я на хвіліну задумаўся, ці не паехаць мне ў Гарадок. Але потым неяк не адважыўся мяняць маршрут, ды і падумаў, што можа не зусім буду адчуваць сябе на царкоўным свяце, не прывыкшы да праваслаўнай традыцыі.

Абапал шашы, што калісьці вяла на Ваўкавыск і Баранавічы, а цяпер упіраецца ў супрацьтанкавую агароджу на зачыненым памежным пераходзе «Баброўнікі», на ўездах у лес стаяць аўтамабілі. Людзі збіраюць грыбы.

— Я ўчора сустрэў у краме дваіх чалавек, — апавядае пан, што сядзіць побач з кіроўцам. — Адзін быў з вядром, з грыбоў. Другі пытаецца ў таго, ці шмат грыбоў у лесе. А той паказвае — поўнае вядро мухамораў. Нашто яму мухаморы? Атруту будзе рабіць, ці што?

Прыдарожны крыж у ваколіцах Міхалова

Міхалова вітае хэштэгам з двухметровых белых літар, пастаўленым адмыслова для карыстальнікаў інстаграма. Адразу за мостам цераз раку Супрасль уздоўж вуліцы пачынаецца драўляная забудова. Па стылі такая ж, якую можна пабачыць у сотнях заходнебеларускіх мястэчак, але значна лепш дагледжаная.

У цэнтры Міхалова захавалася драўляная забудова, дагледжаная лепш, чым аналагічная ў заходнебеларускіх мястэчках

Аўтобус праязджае міма новага бліскучага будынка ратушы, аб'язджае наўкол невялікага парку, каб спыніцца на прыпынку. 

— Міхалова — гэта выспа цішыні. Спакойна, ніхто нікуды не спяшаецца, — кажа пан у пінжаку.

У Міхалове сапраўды ціха. Аўтобус ад'язджае, людзі разыходзяцца ў розныя бакі з прыпынку. Пасярод парку гушкаецца на арэлях малая дзяўчынка, побач глядзіць у смартфон яе маці. Некалькі мужчын сядзяць і гавораць пра нешта на лаўцы пад вялікім гранітным помнікам, на якім выява арла, які быццам вырываецца з каменнай глыбы.

Помнік у гарадскім парку ў Міхалове

«За свабоду і лепшую будучыню», — выбіта вялікімі літарамі на помніку. Па баках два крыжы: каталіцкі і праваслаўны. «Спыніся і паглядзі на ўчынкі тых, хто прамінулі. Удыхні веру ў мары будучых пакаленняў», — кажа яшчэ адзін надпіс.

Побач стаіць крыж з фігурай распятага Хрыста. Фарба ўжо трохі аблезла з бэлек і фігуры, але ў такім выглядзе крыж гарманічна глядзіцца на фоне пажаўцелай восеньскай лістоты клёна.

Крыж у гарадскім парку ў Міхалове

У кожным мястэчку на Беласточчыне можна ўбачыць помнікі, якія ўшаноўваюць памяць барацьбітоў за свабоду і незалежнасць Польшчы. Найчасцей гэта далёка не шэдэўры мастацтва. Але яны выразна паказваюць і тутэйшым, і прыезджым, якія каштоўнасці вызнаюць мясцовая ўлада і грамадства.

Парк мае назву «4 чэрвеня 1989 года». Гэта дата першых часткова вольных выбараў у Польшчы, якія зрынулі ўладу камуністаў.

Таксама, колькі ні вандрую па Падляшшы, паўсюдна можна сустрэць стэнды з краязнаўчай інфармацыяй і раздрукаваныя на стэндах гістарычныя фотаздымкі. Выбіраючыся ў вандроўку, неабавязкова загадзя чытаць краязнаўчую літаратуру. Гісторыю нейкага касцёла ці царквы можна прачытаць за хвіліну на месцы.

У міхалоўскім парку на расстаўленых стэндах — выстава «Міхалова да 1939 года». Тут і фота вучнёўскага кааператыва з міжваеннага перыяду, і здымак сяброў добраахвотнай пажарнай варты, і праваслаўная працэсія, і лютаранская парафія з пастарам.

Міхалова было заснаванае ў 1832 годзе як фабрычны пасёлак над Супраслю. Калі пасля паразы паўстання 1830—1831 гадоў царскі ўрад увёў мытную мяжу паміж Польскім Каралеўствам і рэштай імперыі, уладальнікі тэкстыльных фабрык сталі пераносіць сваю вытворчасць на Беласточчыну і Гарадзеншчыну.

У Міхалове разам жылі палякі, беларусы, немцы, яўрэі, рускія. У міжваенны час у Міхалове дзейнічала прыватная школа з нямецкай мовай навучання. А драматычная секцыя Таварыства беларускай школы прыязджала з Беластока ў Міхалова на гастролі.

У сучасным Міхалове вандроўніку варта паглядзець драўляную царкву Святога Мікалая, 1908 года пабудовы, мураваны гатычны касцёл Божага Провіду 1909 года ды наведаць Майстэрню фільма, гуку і фатаграфіі, калекцыя якой налічвае 30 тысяч старых здымкаў і паштовак.

Царква Святога Мікалая ў Міхалове

Прайшоўшы па ціхіх, чыстых і акуратных вуліцах Міхалова, я вырашыў, што яшчэ не буду вяртацца ў Беласток. Калі цёпла, неба блакітнае, свеціць сонца, а вецер гоніць па вуліцы жоўтае лісце, не хочацца спяшацца ў муры вялікага горада. Я вырашаю наведаць яшчэ суседні Заблудаў.

Найбліжэйшы аўтобус з Міхалова на Заблудава адыходзіць праз тры гадзіны. Таму я проста іду па дарозе, спадзеючыся пад'ехаць аўтаспынам. Гладкая асфальтавая дарога ідзе праз сасновы лес, месцамі выходзіць на адкрытае поле. Краявіды такія ж, як і ў Беларусі. 

Чужына гэта ці не чужына? — задумваюся чарговы раз у час вандроўкі па Беласточчыне. Мяжа дзяржаў выразная, на ёй стаіць жалезны плот. А мяжа гісторыі, культуры, прыроды? Яна менш выразная, а часам і зусім не адчуваецца.

Да падзелаў Рэчы Паспалітай гэта быў Гарадзенскі павет Вялікага Княства Літоўскага. Побач з каталікамі тут спрадвеку жылі праваслаўныя, якія пасля Берасцейскай уніі 1596 года сталі ўніятамі, а ў 1839 годзе зноў былі пераведзеныя ў праваслаўе. Многія з жыхароў тут яшчэ валодаюць беларускай мовай. Па вёсках стаяць драўляныя хаты, а лацінскія крыжы чаргуюцца з візантыйскімі. 

У вёсцы Масціска пры дарозе стаіць драўляная хата з тоўстага бярвення, з аканіцамі, нешаляваная, крытая дранкай. Як быццам узятая з якога скансэна. Але адноўленая, і бачна, што ў ёй ці то хтосьці жыве, ці то прыязджае на лета з горада.

Старая хата ў вёсцы Масціска, добра дагледжаная гаспадарамі

У вёсцы Тапаляны можна ўбачыць драўляную царкву з канца XVII — пачатку XVIII стагоддзя, якую збудавалі Радзівілы, а на могілках Пяціценка каля Фальваркаў Тыльвіцкіх — меншая цэркаўка 1819 года.

Гэтых цэркваў я не пабачыў зблізку. Хоць ішоў больш за гадзіну, марна спрабуючы спыніць якую-небудзь машыну, у пачатку Тапалянаў мне гэта ўдалося. Мяне падабрала маладая пара на жоўтым «Аўдзі» — хлопец з барадой і дзяўчына з валасамі, пафарбаванымі ў бэзавы колер. 

— Ці шмат ужо месцаў пан наведаў? 

— Быў у Сухаволі, Ружанымстоку, Саколцы, Крынках, Гарадку, Міхалове, Гайнаўцы, Юхнаўцы.

— Ці падабаецца пану ў Польшчы?

— Так. Тут спакойна, ніхто цябе ў турму не пасадзіць.

Калі на гарызонце паказаўся Заблудаў, я кажу, што ўпершыню даведаўся пра гэты горад са школьных падручнікаў: у XVI стагоддзі тут была адна з першых друкарняў у Вялікім Княстве Літоўскім.

— Вось, а мы недалёка жывём — і не чулі пра гэта. У нас у падручніках гэтага не было, — кажа кіроўца.

У цэнтры Заблудава, як і ў цэнтры Міхалова, знаходзіцца парк, на ўскраіне якога — аўтобусны прыпынак. Тут таксама парк закладзены на месцы рынкавай плошчы. Праўда, Заблудаў значна старэйшы: горад заклаў у 1553 годзе ўладальнік гэтых зямель Рыгор Хадкевіч. Ён жа заснаваў тут, яшчэ да Берасцейскай уніі, царкву ды друкарню, у якой былі выдадзеныя Евангелле і Псалтыр. 

Самым прыгожым будынкам у Заблудаве была драўляная сінагога. Збудаваная ў 1646 годзе, яна была падобная да сінагог у Воўпе, Азёрах, Гродне, Сухаволі. Але ў 1941 годзе яе спалілі гітлераўцы. Цяпер фотаздымкі экстэр'ераў і інтэр'ераў сінагогі можна пабачыць на стэндах у парку. Група людзей, нейкіх прыезджых, уважліва прыглядаецца да гэтых здымкаў, зробленых у пачатку ХХ стагоддзя.

У цэнтры Заблудава пануе інтэнсіўны дарожны рух

У Заблудаве пануе рух. Па дзяржаўнай дарозе нумар 19 на поўнач і на поўдзень ідуць грузавікі. Неўзабаве гэты стан мусіць змяніцца, бо на Падляшшы ўжо пачалі будаваць адрэзкі Via Carpatia — аўтамагістралі, якая мае прайсці з Літвы праз Польшчу, Славакію, Венгрыю, Балгарыю і Румынію ў Грэцыю. 

Абраз Успення Прасвятой Багародзіцы над уваходам у царкву ў Заблудаве

На падворку мураванай царквы, збудаванай у 1855 годзе, стаіць помнік у гонар друкарні. Побач — крыж, асвечаны ў 1988 годзе, на тысячагоддзе хросту Русі. За царквой — сімвалічныя магілы землякоў, якія ў час Першай сусветнай вайны загінулі на бяскрайніх прасторах Расійскай Імперыі, не вярнуўшыся з бежанства.

Сімвалічны помнік бежанцам, якія не вярнуліся на радзіму з Расіі

У краме насупраць парку купляю Czasopis — орган беларускай меншасці Падляшша, тэксты ў якім друкуюцца па-беларуску, па-польску і на мясцовых дыялектах. Беларуская актыўнасць тут мае даўнія карані. У міжваенны час у будынку пажарнай варты ў Заблудаве выступалі драматычны гурток і хор беластоцкага ТБШ — водгукі на спектаклі можна сустрэць на старонках старых віленскіх газет.

Старая вулачка ў Заблудаве, брукаваная «кацінымі лбамі»

Па брукаванай вулачцы паміж драўляных дамоў выходжу да могілак Святога Роха. Мураваная капліца 1850 года, як на мой густ, ёсць самай прыгожай сярод заблудаўскіх святыняў. На могілках даўно нікога не хаваюць. Захавалася некалькі дзясяткаў адлітых з жалеза помнікаў сярэдзіны XІХ стагоддзя. У Беларусі я раз-пораз сустракаў падобныя надмагіллі, але каб столькі ў адным месцы, то ніколі не бачыў.

Капліца Святога Роха ў гатычным стылі на старых могілках у Заблудаве

Вуліца побач з могілкамі мае назву Кальвінская. Гэта памяць пра кальвінскі збор, які існаваў у Заблудаве ў пачатку ХVII стагоддзя, калі горадам валодалі Радзівілы.

Яўрэйскія могілкі на ўскраіне горада робяць сумнае ўражанне. Калісьці іх упарадкавалі, але потым перасталі даглядаць. Трава на могілках даўно някошаная. На сімвалічных бетонных надмагіллях толькі месцамі можна пабачыць абломкі каменных мацэваў. Пасярэдзіне — каплічка-надмагілле рабіна, дзе над уваходам захаваўся надпіс на іўрыце.

Яўрэйскія могілкі ў Заблудаве выглядаюць занядбанымі

Стомлены, вяртаюся на прыпынак. Праз дваццаць хвілін пад'язджае аўтобус Белавежа — Гайнаўка — Беласток. Усе месцы ў аўтобусе занятыя, і даводзіцца стаяць. Двое падлеткаў, вучняў нейкага тэхнічнага ліцэя, абмяркоўваюць вучобу.

— Я вучу тыя прадметы, якія мне спатрэбяцца. Не разумею, навошта мне патрэбны HiT [«Гісторыя і сучаснасць»], — кажа адзін.

— Мусіш ведаць гісторыю. Хто не вучыць гісторыю, будзе вымушаны яе паўтараць, — адказвае другі.

Від на Заблудаў

Аўтобус праязджае міма касцёла ў Дайлідах. Перад уваходам у яго з правага боку пахаваны ксёндз Антоні Леваш, беларус з Саколкі, які пабудаваў два касцёлы на беластоцкіх прадмесцях — у Дайлідах і Старасельцах. Злева — магіла ксяндза Станіслава Сухавольца, капелана беластоцкай «Салідарнасці», які ў 1989 годзе загінуў пры дзіўных абставінах (многія ўпэўненыя, што забіты камуністычнымі спецслужбамі).

Аўтобус перасякае Баранавіцкую шашу. Пачынаецца дождж. Мы прыехалі ў Беласток.

Каментары3

  • Фууу, і тут РПЦ загадзіла ўсё
    21.10.2023
    Беларусы, ведайце, купал-цыбуліна - не праваслаўны, а РПЦшны, да падзелаў рэчы паспалітай гэтага лайна ў нас ніколі не было. Як і 6 канцовых крыжоў.


  • Žvir
    22.10.2023
    Jak z fotak, dyk duža da Hlybokaha padobna. Abo jašče jak rajon byloj Hrušaūki ū Miensku. Alie da Hlybokaha dyk duža padobna, ličy adno ū adno...
  • Арканзас
    23.10.2023
    Вяликий дзякуй за змястоуный артыкул.  

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў9

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

COVID-19 — хутчэй за ўсё, лабараторнага паходжання. Сенсацыйны вынік расследавання55

Мінздароўя: Тарыфы на платныя прыёмы дактароў-спецыялістаў абмяжуюць для ўсіх юрасобаў1

Гадзіннік смерці: новая мабільная праграма прадказвае час вашай смерці5

Ва Уздзе вырасцілі здаравенны гарбуз незвычайнай формы7

Беларусы адкрылі ў Польшчы аўтасэрвіс з запамінальнай назвай5

Як выглядае і колькі каштуе самае дарагое лецішча ў Беларусі2

Трамп прапанаваў Канадзе ўвайсці ў склад ЗША25

Гродзенскім студэнтам на экскурсіі ў турме расказалі пра «самыя камфартабельныя ўмовы»2

Адна з найбагацейшых жанчын В'етнама прайграла апеляцыю. Калі яна не зможа сабраць $9 мільярдаў, яе пакараюць смерцю1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў9

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →