«У даркнэце быў аб’яўлены кошт за маё жыццё» — Латушка
Пра гэта палітык расказаў «Белсату».
03.03.2024 / 22:22
Фота: Офіс Ціханоўскай
«У даркнэце быў аб’яўлены кошт за маё жыццё і была акрэсленая сума, колькі каштуе маё жыццё. Зразумела, што пацвердзіць ці абвергнуць гэтую інфармацыю я не магу, але крыніца мне паведаміла. Таксама былі перманентныя пагрозы з патэнцыйным вывазам мяне на тэрыторыяю Беларусі»,
— сказаў Латушка са спасылкай на сваю крыніцу.
Суму ён не стаў публічыць, але яна непараўнальна большая, чым прапаноўваў за вяртанне кіраўніка НАУ дэпутат Алег Гайдукевіч:
«Вось Латушка ў багажніку выехаў. 100 даляраў даю, каб яго ў багажніку прывезлі сюды ў Мінск. Даю 100 даляраў. Партыя мне не дазволіла даваць больш грошай. І за Ціханоўскую вось ляжаць».
У студзені 2021-га Генпракуратура абвесціла Паўла Латушку ў міжнародны вышук.
У архіве Кіберпартызанаў «Белсат» знайшоў тэлефонную размову за люты 2021 года — Міністэрства замежных спраў званіла палкоўніку Максіму Свірыду (таму, што заводзіў крымінальную справу супраць блогера Нехта).
Ніжэй тая размова Максіма Свірыда з Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС з Галоўным консульскім упраўленнем Міністэрства замежных справаў Беларусі:
Дыпламат (Д). — Максім Аляксандравіч?
Свірыд (С). — Так.
Д. — Добры дзень! Гэта вас турбуе Міністэрства замежных спраў, галоўнае консульскае ўпраўленне, першы сакратар.
С. — Слухаю вас.
Д. — З нагоды вашага запыту. Ну, вы зразумелі, так, якога?
С. — О, у нас шмат запытаў, у нас шмат асоб у вышуку, якія знаходзяцца…
Д. — Па Польшчы. Ну, знакамітыя.
С. — Першую літару прозвішча назавіце.
Д. — «Л».
С. — Ну так, усё, зразумеў, зразумеў…
Д. — Глядзіце. У нас ёсць два варыянты. Першы варыянт — мы можам па нашых базах… У нас ёсць база, у якой бачныя ўсе дзеянні, якія адбыліся ў загранпукнтах. Мы можам з нашай базы, каб не рассылаць запыты і не было там…
С. — Я зразумеў… «іміджавых выдаткаў».
Д. — Так.
С. — Давайце. Давайце так і паступім, таму што ўсё роўна ніхто там пакуль не мае намеру нам іх выдаваць. Давайце не будзем абвастраць абстаноўку, а вы з ведамасных…
Павел Латушка каметуе:
«Размова ішла пра тое, каб праверыць наяўнасць інфармацыі аб тым, што я сапраўды знаходжуся ў Польшчы, дзя я пражываю і які мой статус. База «Консул» (якую маюць консульскія службы Беларусі ў пасольствах Беларусі за мяжою) не магла мець інфармацыі пра мяне. Бо я не станавіўся на консульскі ўлік.
Таму яны маглі, тэарэтычна, накіраваць запыт уладам Польшчы з просьбаю прадставіць інфармацыю, ці сапраўды я знаходжуся тут».
Чытайце таксама:
Павел Латушка расказаў, як Пяткевіч забараніла яму ісці на юбілей Барадуліна
На прыёме ў прэзідэнта Дуды сабраўся ўвесь цвет беларускай апазіцыі ФОТА
Новы міністр замежных спраў Польшчы адказаў на віншаванне Латушкі: «Жыве Беларусь!»