Сведкі распавялі, чаму не выклікалі паліцыю падчас згвалтавання беларускі ў Варшаве

Згвалтаванне і смерць 25-гадовай Лізаветы з Беларусі шакавалі Варшаву. Злачынства адбылося не ў цёмным парку ці дзе-небудзь на ўскраіне горада, а ў выхадны дзень у самым цэнтры сталіцы. Дзяўчына паўгадзіны ляжала ў варотах, і на яе ніхто не звярнуў увагу.

04.03.2024 / 14:10

 

 Фота: Вольга Быкоўская / Facebook

Камеры відэаназірання зафіксавалі, як дзве жанчыны ішлі проста побач з месцам жорсткага згвалтавання дзяўчыны, піша TVN Warszawa. 

Убачыўшы ў варотах мужчыну і дзяўчыну, яны крыху спыніліся і пайшлі далей. Пра тое, што гэта быў напад, яны даведаліся са СМІ. Яны самі звярнуліся ў паліцыю. 

Жанчыны далі паказанні, што расцанілі сітуацыю, сведкамі якой сталі, палавым актам паміж парай бамжоў. Мужчына, якога яны ўбачылі ля брамы, нібыта сказаў ім ісці далей. Яны сцвярджаюць, што не ведалі пра злачынства.

Малодшы інспектар паліцыі Варшавы Малгажата Сакалоўская пракаментавала тое, што адбылося. Паводле яе слоў, «пасіўнасць сведак абумоўлена эфектам размытай адказнасці». Як патлумачыла Сакалоўская, гэта заключаецца ў тым, што прысутнасць іншых людзей прыводзіць да меркавання, што нехта іншы на гэты конт ужо нешта зрабіў ці ўжо адрэагаваў. Яна таксама згадала «сілу сацыяльных нормаў», калі ў складаным становішчы людзі сочаць за рэакцыяй іншых, каб ацаніць сурʼёзнасць сітуацыі. 

Польскі крыміналіст прафесар Пётр Крушынскі заявіў, што прыцягнуць сведак да адказнасці за тое, што яны не аказалі дапамогу дзяўчыне, не атрымаецца. 

«Абвінавачанне і наступнае пакаранне за неаказанне дапамогі можа быць прадʼяўлена толькі асобе, у дачыненні да якой даказана, што яна ведала аб небяспецы для здароўя і жыцця пацярпелага. У дадзеным выпадку гэта практычна немагчыма, паколькі сведкі кажуць, што думалі, што гэта быў проста сэкс», — растлумачыў эксперт.

6 сакавіка ў памяць 25-гадовай Лізаветы пройдзе «ціхі» марш. 

«Трагедыя Лізы адбылася ў цішыні. Ёй не дапамаглі, бо яна не крычала. Большасць жанчын падчас згвалтавання не крычаць — у выніку дысацыяцыі, адмаўлення або несвядомага стану. Маўчанне не азначае згоды. Яно можа быць крыкам аб дапамозе. Марш пройдзе ў цішыні», — пішуць арганізатары.

Чытайце таксама:

«Мне пашчасціла. А Лізе — не». Пасля смерці беларускі ў Варшаве ў сеціве шырыцца хэштэг #хопіцьгвалціць — вось што пішуць

Польскі Кангрэс жанчын звярнуўся да палітыкаў пасля смерці згвалтаванай беларускі

Лізу, што памерла ўчора ў Варшаве, пахаваюць у польскай сталіцы

Згвалтаваная ў Варшаве беларуска памерла

Nashaniva.com