«Навошта выбары ў Каардынацыйную раду? Які можа быць протапарламент у протадзяржаве?» — Шрайбман
У новым выпуску ютуб-каналу «Гадзіннічак цікае» Арцём Шрайбман і Рыгор Астапеня абмеркавалі месца і ролю Каардынацыйнай рады ў жыцці беларусаў.
04.03.2024 / 17:36
Падчас размовы Арцём Шрайбман запытаўся ў Астапені:
«Навошта ў гэтай карціне свету выбары ў Каардынацыйную раду? Тут нават Офісу работы няма. [Дастаткова] Святлане Ціханоўскай проста ездзіць і на канферэнцыях выступаць. Які можа быць протапарламент у протадзяржаве ў сітуацыі, калі ты можаш толькі Яся-гаспадара на выбары вылучыць?
Навошта гэтыя выбары, гэта КР, навошта ўся гэта сімуляцыя жыцця быццам бы ў нас ёсць альтэрнатыўная дзяржава?»
На гэта пытанне Астапеня адказаў, што не перастае верыць у Каардынацыйную раду.
«Гэта важны элемент для эміграцыйнай, дыяспаральнай гісторыі. Што мы яе неяк уключаем, пачынаем пра гэта размаўляць. Тут ёсць таксама гісторыя і пра трэці сектар.
Частка палітыкаў цяпер крытыкуе трэці сектар, кажа: чаму мы павінны падтрымліваць трэці сектар, калі на самой справе яны жывуць лепш за нас? Яны больш забяспечаныя, маюць большыя ўплывы».
Арцём Шрайбман. Скрын відэа chasiki_ / YouTube
Астапеня адзначае, што на яго погляд, вельмі важна ўключаць трэці сектар:
«Гэта пра тое, каб людзі маглі каардынаваць сваю працу. Што яны штосьці разам абмяркоўваюць, вырашаюць».
На погляд Астапені, выбарчая кампанія ў Каардынацыйную раду накіравана толькі на беларусаў замежжа. Ніхто ўжо не разлічвае, што нехта з жыхароў Беларусі будзе галасаваць на выбарах у Каардынацыйную раду.
«Але калі гэта выбары толькі для дыяспары, гэта таксама нейкая нармальная кампанія для яе мабілізацыі», — заўважае аналітык.
Пры гэтым ён бы не перабольшваў ролю Каардынацыйнай рады і не разглядаў яе як парламент: «Гэта вялікае пытанне адносна таго, ці правільная была гульня ў «давайце мы будзем протадзяржавай». У доўгатэрміновай перспектыве гэта не спрацавала».
Нагадаем, што выбары ў Каардынацыйную раду павінны прайсці 25 мая.
Чытайце яшчэ:
Каардынацыйную раду пакідаюць людзі. Што адбываецца?
«Небеларускія сілы спрабуюць адхіліць Ціханоўскую з дапамогай Каардынацыйнай рады» — Мілінкевіч