«Не Доктар Зло, а Міні Мы». Што за ўніформа на Дзмітрыі Мядзведзеве
Падобныя гарнітуры раней палюбіў расійскі прапагандыст Салаўёў.
05.03.2024 / 16:01
Пра асаблівасці гэтай уніформы піша спецыяліст па іміджы Кацярына Гардзеева.
Намеснік старшыні Рады бяспекі і экс-прэзідэнт Расіі «дзеліць» Украіну. Скрын відэа
Сёння амаль кожны ведае, што правільным адзеннем можна дадаць сабе важнасці, прадэманстраваць моцныя бакі і схаваць недахопы. Безумоўна, такой «супер сілай» рэчаў карыстаюцца і палітыкі. Праз аўтфіты яны невербальна транслююць сваю пазіцыю па тым ці іншым пытанні, не парушаючы пры гэтым правіл пратаколу.
Асам у справе «стыльнай дыпламатыі» была былая Дзяржсакратар ЗША Мадлен Олбрайт. Палітык віртуозна выкарыстоўвала брошкі, каб намякнуць суразмоўцам пра сваё сапраўднае стаўленне да тэмы перамоў. Так, на афіцыйную сустрэчу з расійскімі прадстаўнікамі Олбрайт надзела брошку ў выглядзе жука. Тым яна паказала, што ведае аб усталяваным у кабінеце праслухоўванні. Брошку з Мікі Маўсам яна выкарыстоўвала на іншым мерапрыемстве — каб паказаць, што лічыць перамоўны працэс мышынай валтузнёй.
Фота: Вікіпедыя
Часам з дапамогай візуальнага вобраза палітыкі звяртаюцца да электарата. Напрыклад, мэр Тбілісі Каха Каладзэ неахайным, але ўльтрамодным гардэробам паказвае, што адносіць сябе да ліку прагрэсіўных энергічных дзеячаў і разлічвае зрабіць даручаны яму горад такім жа сучасным, як і сам ён.
Фота: інстаграм дзеяча
Першыя асобы Расійскай Федэрацыі імкнуцца не адставаць ад заходніх калег. Праўда, пакуль спробы аказваюцца хутчэй няўдалымі.
Стыльнымі патугамі асабліва вылучаецца намеснік старшыні Рады бяспекі і экс-прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў. Мяккі па сваёй натуры, ён вымушаны змагацца за месца пад «крамлёўскай зоркай» з больш мужнымі і агрэсіўнымі калегамі. Каб дадаць сабе жорсткасці, ён выкарыстоўвае брутальныя рэчы.
Фота: Х (былы твітар) дзеяча
Вось і цяпер, чытаючы «грозную» лекцыю на марафоне «Веды. Першыя» і прэзентуючы «карту падзелу Украіны», ён вырашыў дадаць сабе моцы і рашучасці «крэатыўным» гарнітурам. На выступленне Дзмітрый Мядзведзеў прыйшоў у сінім касцюме, які па кроі нагадвае ваенны мундзір вышэйшых чыноў.
Фота: скрын з відэа
Падобныя ўборы любіць расійскі прапагандыст Уладзімір Салаўёў. Адзін з яго касцюмаў, у якім ён выходзіць у эфір, падобны да гусарскай формы.
Скрын відэа
Касплэіць вайскоўцаў — даўняя традыцыя самых разнастайных дыктатараў. Падобнае адзенне насілі карэйскія лідэры Кім Ір Сэн і Кім Чэн Ір, заснавальнік КНР Мао Цзэдун і прэзідэнт Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, а па сумяшчальніцтве людаед, Жан Бедэль Бакаса. Усе гэтыя людзі будавалі ўладу, абапіраючыся на штыкі вайскоўцаў, і выбарам адзення спрабавалі падкрэсліць сваё дачыненне да класа сілавікоў.
Мао Цзэдун. Фота: Вікіпедыя
Быць «сваім сярод моцных», відаць, хацелася і Мядзведзеву, але дысананс паміж асабістым бэкграўндам і пажаданым вобразам занадта вялікі. Як вынік: у касцюме з тонкай адпаранай воўны ён падобны не на бравага вайскоўца, а на савецкага школьніка, якога маці адправіла на ранішнік ва ўборы чырвонаармейца.
Высноваў з гэтага іміджавага факапа можна зрабіць два. Першы: здавацца тым, кім не з'яўляешся, — дрэнная стратэгія, бо запамінальны вобраз будуецца на асаблівасцях чалавека і яго непадобнасці да іншых.
Стоп-кадр з фільма
Так, сітуацыю Мядзведзева мог бы выратаваць класічны аднабортны гарнітур прыглушанага колеру. У такім мяккі «кругленькі» палітык глядзеўся б больш арганічна.
Выснова другая: калі вельмі хочацца сябраваць з самым «крутым» мужыком у кампаніі, не трэба капіяваць ягоныя рысы. Канкурэнцыю маскулінныя хлопцы не любяць, таму ў свой клуб не паклічуць. Затое імідж копіі Доктара Зло — Міні Мы, прылепіцца да вас надоўга.
Чытайце таксама:
Дзмітрый Мядзведзеў прыдумаў карту падзелу Украіны
«У тыя дні людзі будуць шукаць смерці, але не знойдуць яе» — Мядзведзеў