Мядзведзеў пагражае Берліну, Лондану і Вашынгтону ядзернымі ўдарамі, калі Расію вернуць да межаў 1991 года
Намеснік старшыні Рады бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў паразважаў, што будзе, калі яго краіна прайграе ў вайне супраць «неанацыстаў з заходнімі спонсарамі».
Ён называе такі зыход «незваротным развалам цяперашняй Расіі, у склад якой паводле Канстытуцыі ўваходзяць новыя тэрыторыі». Пасля гэтага, як мяркуе Мядзведзеў, пачнецца «грамадзянская вайна з дзясяткамі мільёнаў ахвяр» і «гібель будучыні Расіі». Яго словы перадае «Украінская праўда».
«І цяпер галоўнае пытанне: гэтыя ідыёты праўда вераць, што народ Расіі такі падзел сваёй краіны праглыне? Што мы ўсе будзем разважаць прыблізна так: «Ну што ж, на жаль, гэта здарылася. Яны перамаглі.
Цяперашняя Расія знікла. Шкада, праўда, але трэба жыць далей у краіне, якая развальваецца, памірае, паколькі ядзерная вайна куды для нас страшнейшая, чым смерць нашых блізкіх, нашых дзяцей, нашай Расіі…»? І што ў кіраўніцтва дзяржавы на чале з вярхоўным галоўнакамандуючым УС РФ у такім выпадку здрыганецца рука прыняць найцяжэйшыя рашэнні?
Дык вось. Будзе зусім інакш. Развал Расіі будзе мець куды больш страшныя наступствы, чым вынікі звычайнай, нават самай зацяжной вайны. Бо спробы вярнуць Расію да межаў 1991 года прывядуць толькі да аднаго. Да глабальнай вайны з заходнімі краінамі з выкарыстаннем усяго стратэгічнага арсенала нашай дзяржавы. Па Кіеве, Берліне, Лондане, Вашынгтоне. Па ўсіх іншых прыгожых гістарычных мясцінах, даўно уведзеных у палётныя цэлі нашай ядзернай трыяды.
Ці хопіць нам на гэта духу, калі на карту будзе пастаўлена знікненне тысячагадовай краіны, нашай вялікай Радзімы, а прынесеныя народам Расіі на працягу стагоддзяў ахвяры апынуцца марнымі? Адказ відавочны», — прыгразіў свету трымальнік сінекуры.
Каментары