У Літве на мяжы з Беларуссю затрымалі першы аўтамабіль з расійскімі нумарамі. Цяпер так будуць рабіць заўсёды

11 сакавіка літоўскія мытнікі ў Медніках затрымалі першы легкавы аўтамабіль з рэгістрацыйнымі знакамі Расійскай Федэрацыі. Грамадзянін Малдовы ехаў на ім з Літвы ў Беларусь, піша Delfi.lt. Але з гэтага панядзелка такога рабіць нельга. 

12.03.2024 / 18:09

Фота: МКТ

Інцыдэнт быў зарэгістраваны а 23-й гадзіне. На КПП у Медніках прыехаў аўтамабіль Audi Q7 з расійскімі нумарамі, які быў затрыманы. Высветлілася, што ўладальніца аўто — грамадзянка Расіі, а кіроўца, грамадзянін Малдовы, ехаў без яе.

Кіроўцу азнаёмілі з дзейнымі з 11 сакавіка 2024 года правіламі і інфармавалі, што яго чакае штраф і канфіскацыя аўтамабіля. Быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Машына коштам 41 690 еўра затрыманая. Хутчэй за ўсё, яна будзе канфіскаваная і перададзеная для патрэб Украіны.

Рэч у тым, што з панядзелка ва ўсім Еўрасаюзе не павінна ўвогуле застацца аўтамабіляў з расійскімі нумарамі. Да 11 сакавіка зарэгістраваныя ў Расіі аўтамабілі павінны былі пакінуць яго тэрыторыю, а хто патрабаванне праігнаруе — тым штраф або канфіскацыя аўтамабіля. І хоць кіроўца кляўся, што гэтага не ведаў, але няведанне ад адказнасці не вызваляе.

Выключэнне прымяняецца толькі да грамадзян Расіі, якія кіруюцца на зарэгістраваных у Расіі транспартных сродках транзітам у Калінінградскую вобласць або з яе па спрошчаных транзітных дакументах. Аднак такі пераезд не можа доўжыцца больш за 24 гадзіны, і падчас праезду транзітам у транспартным сродку абавязкова павінен знаходзіцца яго ўладальнік. 

Чытайце таксама:

Хусіты «дапамаглі» Беларусі і Расіі з транзітам грузаў у Еўропу

Парламент Швейцарыі ўхваліў перадачу замарожаных расійскіх актываў Украіне

Чарга грузавікоў з Беларусі ў Польшчу павялічылася за суткі ў чатыры разы

Nashaniva.com