У МДЛУ прымушаюць глядзець фільм пра «патрыятычных лекараў, якія не хочуць на Захад». У ход ідуць пагрозы
Адразу некалькі чалавек паведамілі «Нашай Ніве», што супрацоўнікаў і студэнтаў Лінгвістычнага ўніверсітэта пачалі заганяць на прапагандысцкі фільм «Ліст чакання», які заклікае маладых спецыялістаў не з'язджаць з Беларусі. Адмовіцца ад прагляду складана.
13.03.2024 / 18:37
Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Фота: yandex.by
Як расказваюць крыніцы, адміністрацыя Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта пачала прымусова заганяць студэнтаў, выкладчыкаў і іншых супрацоўнікаў ВНУ на прагляд фільма «Ліст чакання» (ад «Беларусьфільма»), дзе прапагандуецца адмова ад эміграцыі на Захад сярод маладых спецыялістаў.
«Калі студэнт адмаўляецца, яго прымушаюць пісаць тлумачальную, а калі ён з'язджае дадому ў іншы горад, то прымушаюць паказваць квіткі для пацверджання ягоных словаў. Тым, хто адмаўляецца, кажуць, што ім усё роўна пакажуць фільм і прымусяць па ім напісаць эсэ», — распавяла адна з крыніц.
Яшчэ адна крыніца адзначыла, што людзей ужо некалькі дзён водзяць на фільм групамі па некалькі чалавек і што квіткі на яго закупіў рэктарат МДЛУ.
«Водзяць на фільм і супрацоўнікаў адміністрацыі», — заявіла іншая крыніца.
Сам фільм быў зняты студыяй «Беларусьфільм» і выпушчаны ў 2023 годзе. Паводле сюжэта «Ліста чакання», малады лекар хоча эміграваць у Германію дзеля высокіх заробкаў, а яго ўвесь фільм паспяхова адгаворваюць.
Аўтар фільма — Аляксандр Яфрэмаў, кіраўнік Тэатра-студыі кінаакцёра, вядомы сваімі праўладнымі заявамі і сувязямі ў Адміністрацыі Лукашэнкі.
Праблема ад'езду з Беларусі кваліфікаваных медыцынскіх кадраў паўстала праз шырокамаштабныя рэпрэсіі і саўдзел нашай краіны ў вайне Расіі з Украінай. Для беларускіх дактароў на радзіме не вырашаныя экзістэнцыяльныя праблемы, а перадусім праблема бяспекі, і многія з'язджаюць якраз дзеля гэтага. Таму спадзявацца на тое, што іх ад гэтага кроку будуць спыняць прыгладжаныя ідэалагічныя творы, ніяк не выпадае.
Чытайце таксама:
Паглядзелі фільм «На іншым беразе». Расказваем сюжэт і тое, што пабачылі ў кінатэатры