Апеляцыйны суд Арменіі прызнаў законным арышт беларуса, затрыманага на запыт Беларусі за ўхіленне ад службы ў арміі
Абарона Яраслава Новікава плануе звярнуцца ў Еўрапейскі суд у правах чалавека па «хуткую юрыдычную дапамогу» паводле 39 правіла рэгламенту суда.
14.03.2024 / 13:16
Генеральная пракуратара Арменіі атрымала з Менску дакументы, паводле якіх сілавыя органы Беларусі патрабуюць выдачы затрыманага ў лютым у Арменіі беларуса Яраслава Новікава.
Як паведаміў Радыё Свабода юрыст Хельсінскай асацыяцыі ў Арменіі Араік Папікян, які прадстаўляе інтарэсы Яраслава Новікава, насамрэч быў толькі ліст з просьбай выдаць ягонага падабароннага.
«7 сакавіка суд разгледзеў новае хадайніцтва пракурора аб арышце Яраслава з мэтай выдачы і задаволіў яго. Цяпер па абскарджанне гэтага рашэння мы звярнуліся ў апеляцыйны суд», — паведаміў Араік Папікян.
Паводле яго слоў, раней апеляцыйны суд прызнаў законным рашэнне суда першай інстанцыі ад 4 лютага, паводле якога Яраслава Новікава ўзялі пад варту на 40 дзён.
На пытанне, ці азначае, што пасля такога рашэння суда Арменія можа выдаць Яраслава Новікава ў Беларусь, Араік Папікян адказаў: «Фармальна, так. Але пракурор Арменіі яшчэ не ўхваліў рашэнне аб выдачы, якое таксама мусіць разглядаць суд. Да таго ж, мы маем магчымасць звярнуцца ў Еўрапейскі суд у правах чалавека па 39 артыкуле (часовая мера, паводле якой ЕСПЧ можа забараніць выдачу. — РС). Я ўпэўнены, што мы маем усе прававыя магчымасці, каб Яраслава не выдалі».
Адвакат таксама паведаміў, што 19 сакавіка адбудзецца суразмова Яраслава Новікава з супрацоўнікамі міграцыйнай службы паводле ягонай заявы па прытулак. «Міграцыйная служба атрымала ліст падтрымкі ад Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі», — дадаў Араік Папікян.
Што папярэднічала
Грамадзяніна Беларусі Яраслава Новікава затрымалі 2 лютага ў Арменіі пры перасячэнні мяжы з Грузіяй, калі высветлілася, што ўлады Беларусі абвясцілі яго ў міждзяржаўны вышук СНД праз абвінавачанне ва ўхіленні ад службы ў войску. Раней яму працягнулі тэрмін утрымання пад вартай.
Яраслаў Новікаў планаваў пераехаць з Грузіі ў Балгарыю, але не атрымаў візы. Яму параілі атрымаць неабходную візу на радзіме, але Новікаў туды не паехаў праз рызыку быць арыштаваным. Замест гэтага ён адправіўся ў суседнюю Арменію, каб падацца на візу там.
Суд Арменіі 4 лютага ўзяў Яраслава Новікава пад варту на 40 дзён для далейшай перадачы ўладам Беларусі пасля атрымання адпаведных дакументаў з Менска.
У часе знаходжання ў ізалятары беларус падаў заяву ў міграцыйную службу Арменіі па атрыманне статусу ўцекача і палітычнага прытулку.
Чытайце таксама:
Беларус, арыштаваны ў Арменіі на запыт лукашэнкаўскіх сілавікоў, звярнуўся па палітычны прытулак
У Арменіі затрымалі ўхіліста ад войска з Беларусі. Яго могуць выслаць на радзіму