Якая рака ў Беларусі самая халодная, а якая самая звілістая?
14 сакавіка ў многіх краінах адзначаецца Міжнародны дзень рэк, які раней меў назву Міжнародны дзень барацьбы супраць плацін, за рэкі, ваду і жыццё, паведамляе Мінпрыроды. І ў сувязі з гэтым прыводзіць цікавую статыстыку пра беларускія рэкі.
14.03.2024 / 22:10
Рака Цна на Лагойшчыне
Усяго ў нашай краіне налічваецца 20,8 тысяч рэк, агульная працягласць якіх — 90,6 тысяч кіламетраў.
Усе вадаёмы маюць ледавіковае паходжанне і ўтвораныя дзякуючы раставанню вялікага Валдайскага ледавіка 13 тысяч гадоў таму, сцвярджаюць у Міністэрстве.
Даўжыня самай маленькай ракі — 166 м, глыбіня — не больш за паўтара метра. Гэта рака Скема. Яна злучае два азёры — Мястра і Нарач.
А самая доўгая рака Беларусі — Дняпро. Праўда, з яго 2145 км на тэрыторыю нашай краіны прыпадае толькі 690 км. На другім месцы — Бярэзіна з яе 613 км, і гэта першае месца з усіх рэк, якія цякуць выключна ў Беларусі.
З усёй разнастайнасці водных магістраляў толькі 9 беларускіх рэк маюць агульную даўжыню больш за 500 км — гэта ўжо названыя Дняпро і Бярэзіна, а таксама Дзвіна, Нёман, Прыпяць, Буг, Гарынь, Сож і Вілія.
Самай халоднай ракой краіны прызнаная Іслач, а самай унікальнай па складзе рыб — Вілія, куды заходзіць на нераст ласось.
Самая звілістая рака Беларусі — Дрыса, за што яе любяць аматары водных сплаваў. Яна вылучаецца сістэмай азёр, якія ўваходзяць у рачны басейн, і адрозніваюцца рэдкай маляўнічасцю.
«Пойма ракі Прыпяць, напэўна, адно з самых дзіўных месцаў нашай краіны. Яе забалочаная даліна, якая пакрываецца паводкавымі і талымі водамі на 2-5 месяцаў у годзе, — унікальны куток прыроды. Раку, вядомую капрызным норавам і непрадказальнасцю, нават называюць беларускай Амазонкай у цэнтры Еўропы», — сцвярджаюць у Мінпрыроды.
Дзвіна і Дняпро — рэкі з багатым гістарычным мінулым, яны калісьці былі часткай старажытнага воднага шляху, які звязваў Скандынавію з Візантыйскай імперыяй і атрымаў назву «з варагаў у грэкі». Раскопкі на іх берагах сведчаць пра наяўнасць пераходных пунктаў у выглядзе ўмацаваных паселішчаў, якія адыгрывалі вялікую ролю ў жыцці сярэднявечнай Еўропы.
Чытайце таксама:
Якая сувязь паміж БелАЭС і атлантычным ласосем? Аказваецца, самая непасрэдная