Узровень вады ў беларускіх рэках перавысіў небяспечную адзнаку. Абвешчана штармавое гідралагічнае апавяшчэнне, паведамляе Белгідрамет.
Сіноптыкі паведамляюць, што ўзровень вады на Прыпяці ў Жыткавіцкім раёне перавысіў небяспечную адзнаку, затопленыя прыбярэжныя тэрыторыі.
Таксама ў ведамстве папярэдзілі, што ў найбліжэйшыя дні крытычную адзнаку перавысіць узровень вады на прытоку Прыпяці — рацэ Убарць каля вёскі Краснабярэжжа ў Лельчыцкім раёне. Тут таксама ёсць рызыка затаплення навакольных тэрыторый.
Акрамя таго, ускрыліся Бярэзіна ў раёне Барысава і Вілія ў раёне вёскі Малая Свіранка, ачысціліся ад лёду і некаторыя прытокі Віліі.
Гідрасіноптыкі адзначаюць, што на большасці рэк краіны назіраюцца ваганні ўзроўню вады, а ў басейнах Буга, Бярэзіны і Прыпяці ён расце з хуткасцю 1-15 см у суткі. Узровень вады ўжо перавысіў крытычную адзнаку на Прыпяці каля Петрыкава, на Пцічы каля вёскі Першая Слабодка, на Случы каля аграгарадка Ленін і на Цне каля аграгарадка Дзятлавічы. Таксама ўзроўні вады блізкія да крытычных адзнак на Нёмане каля Стоўбцаў, рацэ Шчара каля Слоніма.
У ведамстве адзначылі, што затапленне прыбярэжных тэрыторый назіраецца і ў большасці раёнаў Гомельскай вобласці, як таксама ў некаторых раёнах Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей.
У Белгідрамеце падкрэслілі, што ледастаў яшчэ назіраецца на Дняпры, Сожы, большай частцы Дзвіны і Бярэзіны. Аднак спецыялісты падкрэсліваюць, што ў ледзяным покрыве з'яўляюцца ўчасткі з адкрытай вадой, якая таксама праступае на паверхні лёду, што робіць перамяшчэнне небяспечным.
Ледзяное покрыва пакуль яшчэ таксама ёсць на вадасховішчах Чыгірынскае, Заслаўскае, Вілейскае, Салігорскае, Чырвоная Слабада, азёрах Нарач, Лукомскае, Дрывяты і Чырвонае.
Каментары