Былы ўладальнік сонечнай электрастанцыі ў Магілёўскай вобласці падаў пазоў супраць Лукашэнкі і не толькі
Пазоў пададзены таксама супраць прэм'ер-міністра, міністраў замежных спраў, юстыцыі, эканомікі, энергетыкі і старшыні Дзяржкаммаёмасці.
21.03.2024 / 07:45
Фота: e-auction.by
Грамадзянін Вялікабрытаніі Кіабад Тутанян Машад выканаў сваю пагрозу падаць пазоў супраць Беларусі, сцвярджаючы, што дзяржава экспрапрыявала праект сонечнай электрастанцыі пасля адмены льгот па аднаўляльных крыніцах энергіі. Пазоў зарэгістраваны ў Міжнародным цэнтры па ўрэгуляванні інвестыцыйных спрэчак 19 сакавіка, піша Reform.by.
Адказчыкам выступае Рэспубліка Беларусь, а таксама Лукашэнка, прэм'ер-міністр, міністры замежных спраў, юстыцыі, эканомікі, энергетыкі і старшыня Дзяржкаммаёмасці.
Брытанскага інвестара будзе прадстаўляць Princeton Partners LLC, Dubai, UAE.
У якасці падставы для падачы пазову ўказана пагадненне Вялікабрытаніі і Беларусі аб садзейнічанні ажыццяўленню і абароне інвестыцый.
Летам мінулага года інвестар электрастанцыі ў Чэрыкаўскім раёне прапаноўваў ураду Беларусі пачаць мірныя перамовы і даваў тры месяцы на абдумванне. Ён патрабаваў кампенсацыю, роўную поўнаму рынкаваму кошту яго інвестыцый, якая ацэньваецца ў сотні мільёнаў даляраў ЗША.
Беларускія ўлады на перамовы з бізнэсоўцам не пайшлі, канфіскавалі электрастанцыю і выставілі яе на аўкцыён у сакавіку 2024 года са стартавым коштам 79 751 000 рублёў (блізу 25 млн даляраў). Аўкцыён не адбыўся, бо ніхто не рашыўся купіць прадпрыемства.
***
Міжнародны цэнтр па ўрэгуляванні інвестыцыйных спрэчак (ICSID — International Centre for Settlement of Investment Disputes) — адна з аўтаномных міжнародных устаноў, якая, разам з Міжнароднай фінансавай карпарацыяй і шматбаковым агенцтвам па інвестыцыйных гарантыях і самім Сусветным банкам уваходзіць у групу арганізацый Сусветнага банка, якая з'яўляецца спецыялізаванай установай ААН.
Чытайце таксама:
Арыштаваную самую буйную сонечную электрастанцыю Беларусі не змаглі прадаць, бо нікому не трэба
Арыштавалі і выставілі на продаж самую магутную ў Беларусі сонечную электрастанцыю
У Латвіі прапанавалі пабудаваць каля мяжы з Беларуссю АЭС, людзі абурыліся