Арыштаваную самую буйную сонечную электрастанцыю Беларусі не змаглі прадаць, бо нікому не трэба
Беларускія ўлады пакуль не змаглі прадаць на аўкцыёне самую буйную сонечную электрастанцыю ў краіне, якую забралі ў прыватнай кампаніі «Солар Лэнд». Адбылося гэта праз адсутнасць удзельнікаў аўкцыёну, піша Afn.by.
Стартавая цана на аўкцыёне была пазначаная ў памеры 79,751 млн рублёў. Станцыю выставілі на таргі з-за даўгоў кампаніі-ўладальніцы «Солар Лэнд», зарэгістраванай у 2015 годзе для будаўніцтва і эксплуатацыі станцыі. 100% долі ў ёй належыць брытанскай фірме Cameliaside, якую, у сваю чаргу, пад праект у зялёнай энергетыкі Беларусі стварылі брытанскія інвестыцыйныя кампаніі United Green Group і Altostarta.
Інвестыцыйная дамова з беларускімі ўладамі на ўзвядзенне станцыі ў Чэрыкаўскім раёне з устаноўленай магутнасцю ў 109 МВт была падпісаная ў 2014 годзе. Будаўніцтва пачалося ў 2018 годзе. Увялі ў дзеянне станцыю ў верасні 2021 года, а першым месяцам камерцыйнай эксплуатацыі стаў люты 2023 года. Агульная сума інвестыцыйных выдаткаў на праект ацэньвалася ў 170 млн даляраў.
З 2022 года гэтая прыватная сонечная электрастанцыя прадавала дзяржаве электраэнергію. Па законе электрычнасць, вырабленая за кошт аднаўляльных крыніц энергіі, аплачвалася фірме, якая яе вырабляе, па павышаным тарыфе. Так кампанія атрымала ад дзяржавы за свае паслугі амаль 15,8 млн рублёў.
Але пасля таго, як заканадаўства змянілі і адмянілі павышаныя тарыфы для такой электрычнасці, улады запатрабавалі ў прыватніка вярнуць гэтыя грошы. З гэтага пачаліся працяглыя судовыя разборкі, якія сталі адной з прычын банкруцтва фірмы.
Пракуратура ўрэшце паведаміла, што нацыяналізавала сонечную электрастанцыю, адзначыўшы, што прыватнік не хацеў аддаваць яе дзяржаве добраахвотна. Раней кампанія трапіла пад контрсанкцыйны спіс забароненых да продажу прадпрыемстваў з інвестарамі з «недружалюбных» краін.
У 2023 годзе грамадзянін Вялікабрытаніі Кіабод Тутанян Машад, які інвеставаў у «Солар Лэнд», запатрабаваў ад уладаў Беларусі кампенсаваць яму сотні мільёнаў даляраў. Ён падаў адпаведнае апавяшчэнне аб спрэчцы 26 ліпеня 2023 года.
15 студзеня 2024 года ў Эканамічным судзе Магілёўскай вобласці разгледзелі справу супраць прыватнай кампаніі, у якой на карысць дзяржавы адабралі лініі электраперадачы, а таксама апоры высакавольтных ліній электраперадачы. Назва фірмы не ўдакладняецца, аднак гаворка з вялікай верагоднасцю ідзе пра кампанію «Солар Лэнд». Пазоў у суд падавала Міністэрства энергетыкі, ён тычыўся прызнання права ўласнасці.
Сонечная электрастанцыя складаецца з двух паркаў — Паўночнага і Паўднёвага — і займае плошчу каля 220 гектараў.
Каментары
А мы и чЫк-чЫрЫк!
Вот зачем резать курицу, которая снесет сотни яиц, из которых вылупятся сотни птенцов?....