Прынцэса Уэльская Кейт Мідлтан паведаміла, што ў яе рак

Пра гэта яна заявіла ў відэазвароце, які выклала ў сацсетцы X.

22.03.2024 / 21:18

Кейт Мідлтан. Скрын відэазварота

Кенсінгтонскі палац абвясціў, што прынцэса цяпер праходзіць раннія стадыі курсу прафілактычнай хіміятэрапіі.

Пухліна ў прынцэсы Кейт была выяўленая падчас тэстаў, зробленых пасля аперацыі ў брушной поласці, перанесенай ёю ў студзені. Тып пухліны не раскрываецца.

Прынцэса запісала відэазварот, у якім сказала наступнае:

«Вядома, гэта стала велізарным узрушэннем, і мы з Уільямам робім усё, што можам, каб гэта асэнсаваць і справіцца з гэтым прыватна дзеля нашай маладой сям'і. Як вы можаце сабе ўявіць, на гэта спатрэбіўся час. Мне быў патрэбны час, каб аднавіцца пасля сур'ёзнай аперацыі і пачаць [анкалагічнае] лячэнне.

Але самае галоўнае, нам быў патрэбны час, каб усё растлумачыць Джорджу, Шарлоце і Луі прыдатным для іх чынам, і запэўніць іх, што са мной усё будзе нармальна».

«Я ім сказала, што я здаровая і раблюся мацней з кожным днём, засяроджваючыся на тым, што дапаможа мне выгаіцца розумам, целам і духам», — падкрэсліла прынцэса.

Хіміятэрапію Кейт пачала ў канцы лютага.

У свёкра Кейт, брытанскага караля Карла III, таксама нядаўна выявілі рак.

Чытайце таксама:

У караля Карла III выявілі рак

Дзяцей прынцэсы Кейт не пускаюць у бальніцу да маці

Карл III кладзецца ў бальніцу лячыць прастату, ягонай нявестцы таксама нездаровіцца

Nashaniva.com