Расійскія прапагандысты ўжо ведаюць, хто вінаваты ў тэракце
Нічога толкам яшчэ не вядома пра тэракт у маскоўскай канцэртнай зале «Крокус Сіці Хол», афіцыйныя структуры не выступілі нават з версіямі. Але ў многіх расійскіх прапагандыстаў на чале з былым прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым версія ўжо гатовая.
22.03.2024 / 23:52
Фота: AP Photo/Dmitry Serebryakov
Некаторых прапагандыстаў раз'юшыла заява прадстаўніка Белага дома Джона Кірбі, што ў Белага дома няма даных аб датычнасці Украіны да тэракту ў «Крокусе», а таксама пра тое, што Вашынгтон загадзя не меў інфармацыі пра тэракт у Маскве.
«На якой падставе афіцыйныя асобы ў Вашынгтоне робяць якія-небудзь высновы ў разгар трагедыі пра нечую недатычнасць? Калі ў ЗША ёсць або былі дакладныя даныя на гэты конт, то іх неабходна неадкладна перадаць расійскаму боку. А калі такіх даных няма, то Белы дом не мае права выдаваць каму-небудзь індульгенцыі», — абураецца дырэктарка дэпартамента інфармацыі і друку расійскага МЗС Марыя Захарава, вядомая сваімі пастаяннымі зусім недыпламатычнымі заявамі.
У тую ж дуду дзьме публіцыст Павел Данілін:
«Панічныя заявы Белага Дома, які ўжо ўсё ведае, хто ж на самай справе здзейсніў тэракт, спробы амерыканцаў «адмазаць» украінскіх тэрарыстаў і такія ж панічныя крыкі Дзярждэпартамента ЗША, які раней папярэджваў сваіх амерыканцаў не хадзіць на канцэрты ў вялікія цэнтры і холы, вельмі выразна паказваюць, што ў ЗША загадзя ведалі, што ўкраінская хунта рыхтуе гэтую бесчалавечную тэрарыстычную атаку. Былі ў курсе».
Намеснік старшыні думскага Камітэта па бяспецы і супрацьдзеянню карупцыі Анатоль Выбарнаў празрыста намякае на тое, што тэракт арганізаваны не расійскімі чыннікамі:
«Такія факты старанна плануюцца. Я не выключаю, што ёсць замежны след. Я ўпэўнены, што праваахоўныя органы, спецслужбы прапрацоўваюць усе версіі. І ў найбліжэйшы час мы будзем ведаць, хто арганізатар, выканаўца».
Палітолаг Ігар Скурлатаў не проста намякае, а паказвае пальцам:
«Эфекту масавай панікі і істэрыі, атмасферы страху ў тэрарыстаў стварыць не атрымалася. Чаму? Адказ відавочны. Мы ўжо дзесяць гадоў жывем ва ўмовах штодзённых тэрактаў з боку ўкра-неанацысцкай хунты. З 2022 года тэрарызм Зяленскага і яго банды галаварэзаў узрос шматкроць. Таму беспакойных прашу супакоіцца і зразумець — мы жывем ва ўмовах ваеннага часу, калі вораг чакана праводзіць і будзе праводзіць самыя розныя акты агрэсіі ў дачыненні да мірных жыхароў Расіі».
Згодны з ім і віцэ-спікер Дзяржаўнай думы Пётр Талстой:
«Гэты тэракт немагчыма разглядаць па-за кантэкстам СВА, вайны з калектыўным Захадам за мірную будучыню нашых дзяцей. Гэты страшны дзень прымусіць толькі мацней згуртавацца, каб змагацца да перамогі».
Уладальнік медыякампаніі «Царьград» Канстанцін Малафееў гатовы не толькі абвінавачваць, але і прапануе адразу пераходзіць да дзеянняў:
«Давайце дамо мірнаму насельніцтву Украіны 48 гадзін, каб пакінуць гарады, і нарэшце скончым гэтую вайну пераможным разгромам праціўніка. З выкарыстаннем усіх сіл і сродкаў».
А палітолаг Андрэй Часнакоў прапануе дзейнічаць так, як даўным-даўно ўжо дзейнічае ў падобных выпадках рэжым Лукашэнкі, хоць правобраз і не называецца:
«Нельга асуджаць расійскія ўлады за наступныя жорсткія дзеянні па знішчэнні ўсіх, хто радаваўся гэтай трагедыі. Не толькі тых, хто ўдзельнічаў або спрыяў тэракту, а ўсіх, хто захапляўся ім, апраўдваў або жартаваў».
Чытайце таксама:
Што за група «Пікнік», перад канцэртам якой адбыўся тэракт
Тэракт у «Крокус Сіці Хол»: што вядома на гэты момант
«Гэта правакацыя спецслужбаў Пуціна» — ГУР Украіны пра страляніну ў Падмаскоўі