Чаму зборная Японіі па футболе пачынае ўсе матчы ў дзіўны час? Гульня з КНДР стартавала ў 19:23

І гэта было не першы раз — з Аўстраліяй пачыналі ў 21:14. Навошта?

23.03.2024 / 10:38

Матч Японія (японцы ў сінім) — КНДР. AP Photo/Eugene Hoshiko

Зборная Японіі пачала адборачны матч на чэмпіянат свету 2026 з Паўночнай Карэяй у вельмі дзіўны час — у Токіа матч стартаваў у 19:23. Так, менавіта ў 23 хвіліны. Гэта не затрымка, не памылка, не што-небудзь яшчэ — і афіцыйны сайт ФІФА, і ўсе пастаўшчыкі статыстыкі даюць менавіта такі час, піша Championat.com.

Аказваецца, час пачатку матчаў напрамую залежыць ад тэлевізійшчыкаў. Тэлеканал, які транслюе матч, сам прызначае час пачатку гульні, каб састыкаваць яго з рэкламнымі слотамі і пусціць у прайм-тайм.

Большасць японскіх праграм (у прыватнасці — драмы і анімэ) не пачынаюцца роўна а нейкай гадзіне ці, напрыклад, а 19:30: адны фільмы стартуюць у 20:58, іншыя — у 21:07.

Калі пачалася бітва каналаў за рэйтынгі, некаторыя сталі спецыяльна пачынаць свае шоу на некалькі хвілін раней за канкурэнтаў, каб тэлеглядач, гартаючы каналы, наткнуўся менавіта на іх праграму. Але з часам канцэпцыя пра канкурэнцыю сышла, а на змену ёй прыйшлі рэкламадаўцы.

Паводле даследавання Magnite, у 2023 годзе 71% тэлегледачоў у Японіі глядзяць патокавыя сэрвісы з падтрымкай рэкламы, спажываючы больш за дзве гадзіны ў дзень тэлевізійнага кантэнту на аснове рэкламы. Звесткі падмацоўваюцца ўражальнымі сумамі выдаткаў на рэкламу: у 2023 годзе яны склалі 1,73 трыльёна йен (8,5 млрд даляраў).

Нацыянальная асацыяцыя камерцыйных вяшчальнікаў Японіі ўстанавіла выразныя крытэры для рэкламы. Так, на 10 хвілін тэлевізійнага сегмента дазволена дзве хвіліны рэкламнага часу, на 20 — 2,5 хвіліны, на 30 — 3 і г.д. Таксама ёсць сегменты прайм-тайма, калі рэклама варта асабліва дорага. Першы — гэта раніца, калі людзі ўстаюць і рыхтуюцца да працы ці вучобы.

Тады паказваюць навіны, дзіцячыя праграмы і анімэ (у гэтым выпадку заўсёды ёсць гадзіннік, каб людзі не загледзеліся і своечасова выйшлі з дома). Другі — апоўдні: гэта час хатніх гаспадынь і тых, у каго ёсць перапынак на абед. Трэці — паміж 19:00 і 22:00 — называецца «залатым часам»: людзі вяртаюцца з працы або вучобы і ўключаюць тэлевізар, каб расслабіцца.

Рэклама ў гэты час асабліва важная, таму ўсе слоты распісаныя па хвілінах.

Японцы вядомыя сваёй пунктуальнасцю, і гэта не стэрэатып. Калі цягнік спазняецца на адну хвіліну (!), то за аб'явай пра гэта на станцыі абавязкова будуць доўгія прабачэнні за нязручнасць. На тэлебачанні таксама ўсё павінна працаваць дакладна. Расійскі арбітр Наіль Лутфулін неяк паехаў у Японію працаваць на матчы алімпійскай зборнай і пачаў гульню на хвіліну пазней заяўленага часу. Пасля гэтага японскі бок даслаў у Азіяцкую федэрацыю футболу поўны крыўдаў ліст, што яны страцілі рэкламадаўцаў.

У Японіі ўсё павінна быць дакладна, бо колькасць рэкламы і ўсе слоты падлічаныя — зрух на адну хвіліну азначае менш рэкламнага часу на цэлых 60 секунд. А яны каштуюць грошай.

Так што зборная Японіі пачынае свае матчы ў розны (дзіўны) час, бо так ім сказалі на тэлебачанні. Стартаваць трэба, напрыклад, роўна ў 23 хвіліны, так як канал прадаў пэўную колькасць рэкламнага часу, і ўсё падлічана пад гэта.

Чытайце таксама:

Украіна за 5 хвілін да катастрофы перавярнула матч з Босніяй, а Казахстан разгромлены

Бразільскі футбаліст Рабінью будзе адбываць тэрмін за згвалтаванне ў Італіі ў сябе на радзіме

Беларусы згулялі ў футбол з чарнагорцамі, вынік так сабе. ВІДЭА галоў

Nashaniva.com