Цукеркі ад Колі Лукашэнкі, выглядае, так добра пайшлі, што «Камунарка» пабудуе ў Лёзне цэх па іх вытворчасці
«Камунарка» плануе будаваць у Лёзне цэх па выпуску прысмакаў з сухога малака з паніжаным утрыманнем цукру. Узгоднена выдзяленне ўчастка, ідзе этап выбару абсталявання, піша Белта. Гэтыя прысмакі сталі вядомыя тым, што іх прывёз з Кітая Мікалай Лукашэнка, пачаставаў імі бацьку, а той запатрабаваў пусціць іх у масавую вытворчасць.
28.03.2024 / 14:24
Як піша Белта, у мінулым годзе адразу на дзвюх пляцоўках стартавала вытворчасць кандытарскіх вырабаў з сухога малака. «Камунарка» выпусціла малочнае дражэ «Дзіцячыя гісторыі». «Слодыч» прапанаваў цукеркі, вафлі, печыва, у тым ліку без цукру.
Новы праект хочуць рэалізаваць да 2025 года. Абяцаюць каля 20 працоўных месцаў. «Да 40% малочных цукерак арыентавана на экспарт, у тым ліку ў КНР. Чаканы аб'ём вытворчасці — 360 т у год», — адзначыў старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Алег Жыдкоў.
Зрабіць цукеркі, аналагічныя кітайскім, патрабаваў Лукашэнка ў ліпені. «Мікалай прывёз мне іх з Кітая, я пакаштаваў сам. Вядома, гэта не для мяне. Але дзеці, маленькія дзеці з найвялікшым задавальненнем ядуць гэты ласунак. Чаму мы не можам рабіць гэта і прадаваць? І, галоўнае, сваіх людзей забяспечыць», — сказаў ён.
Чыноўнікі хутка адрэагавалі на даручэнне і неўзабаве выпусцілі пробную партыю.
Колькі каштуюць адныя і тыя ж смартфоны ў Беларусі і суседніх краінах?
Як Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр ператварыўся ў сапраўдны бізнэс-холдынг