У Празе выпадкова зрабілі аборт здаровай жанчыне, зблытаўшы яе з іншай пацыенткай

Як такое магло адбыцца?

29.03.2024 / 17:14

Ілюстрацыйнае фота: Mike Harrington / Getty Images

Непапраўную памылку зрабілі медыкі ўніверсітэцкай клінікі гінекалогіі і акушэрства Bulovka ў Празе. Як паведамляе тэлеканал CNN Prima NEWS, 25 сакавіка ў клініку паступілі дзве пацыенткі: адна прыйшла на планавы агляд па цяжарнасці, другая — на выскрабанне. Яго праводзяць жанчынам, у якіх працяглы крывацёк ці праблемы пасля родаў. Выскрабанне таксама можа быць выкарыстана для штучнага перапынення цяжарнасці.

Абедзве дзяўчыны азіяцкага паходжання і не гавораць на чэшскай мове, перакладчыка ў бальніцы не было.

Праз фатальную выпадковасць дактары правялі аперацыю цяжарнай жанчыне. Яна страціла здаровае дзіця. Па словах прэс-сакратара клінікі, інцыдэнт адбыўся ў выніку сур'ёзнага парушэння і невыканання правілаў унутранага распарадку з боку супрацоўнікаў.

Універсітэцкая клініка Bulovka. Скрын відэа CNNPrimaNEWSCZ / YouTube

Па даных CNN Prima News, супрацоўнікі суправадзілі цяжарную жанчыну ў палату, дзе пацыенты чакаюць праходжання медыцынскай працэдуры. Прыкладна праз паўгадзіны яе адвезлі ў аперацыйную, дзе яе прыняла анестэзіялагічна-рэанімацыйнае аддзяленне, якое не праверыла бірку на руцэ. Па словах крыніцы тэлеканала, у пацыенткі яе нават не было. Жанчыну ўсыпілі і правялі працэдуру, і толькі тады доктар выявіў, што каляплодныя воды выцеклі і з'явіўся кавалачак пупавіны.

У цяперашні час персанал, які мае дачыненне да трагедыі, адхілены ад працы. Бальніца папрасіла прабачэння ў пацыенткі, якая страціла дзіця на 16-м тыдні цяжарнасці, і працуе над тым, каб жанчына атрымала належную кампенсацыю.

Цяпер у прычынах жудаснай памылкі разбіраюцца следчыя.

Чытайце яшчэ:

Гамельчуку паведамілі пра смерць маці. На пахаванні высветлілася, што яна жывая, а ў труне іншы чалавек

У Канадзе 70 гадоў таму пераблыталі хлопчыкаў у радзільні. Адзін з іх усё жыццё лічыў сябе індзейцам, хоць быў украінцам

У мінскай бальніцы пасля ўколу распаўсюджанага антыбіётыку памёр пацыент

Nashaniva.com