Трэш-блогера Mellstroy знялі з беларускага і расійскага вышуку за дапамогу дзецям
Трэш-блогера родам з Гомеля Андрэя Бурыма, вядомага пад нікам Mellstroy, знялі з вышуку ў Беларусі і Расіі пасля ягоных заяў аб дапамозе дзіцячым дамам у Беларусі. Праўда, за ім яшчэ застаецца доўг перад расійскай падатковай, але зусім нязначны, паведамляюць расійскія тэлеграм-каналы.
29.03.2024 / 18:37
Андрэй Бурым паабяцаў закупіць спортінвентар і адзенне ў кожную з 500 устаноў, якія займаюцца ўладкаваннем дзяцей-сірот у Беларусі. Пасля гэтага імя блогера знікла з баз вышуку абедзвюх краін, куды яго ўнеслі за адмову ісці ў беларускае войска.
Доўг расійскай падатковай ён цалкам, праўда, яшчэ не пакрыў, але сума ўжо капеечная: за сваё прадпрыемства ў сферы грамадскага харчавання блогер павінен толькі 9 тысяч расійскіх рублёў (каля 100 даляраў).
Пры гэтым стрымер Mellstroy, які цяпер жыве ў Турцыі, рэгулярна трапляе ў скандальныя навіны, раздаючы сваім гледачам вар'яцкія заданні і абяцаючы за іх шчодра заплаціць. Пасля, праўда, гэтыя абяцанкі не заўсёды стрымлівае. Так, літоўскі хлопчык, які дасціпна папрасіў прэзідэнта сваёй краіны Гітанаса Наўседу перадаць прывітанне Mellstroy, з двух мільёнаў даляраў, якія за гэта паабяцаныя, зможа атрымаць добра калі «толькі» 100 тысяч. Іншаму чалавеку было адмоўлена ў выплаце мільярда расійскіх рублёў (каля 11 мільёнаў даляраў) за размяшчэнне ніка Mellstroy на Месяцы.
Скандальную вядомасць Mellstroy атрымаў у 2020 годзе, калі падчас аднаго са сваіх стрымаў збіў дзяўчыну. Пасля гэтага на Бурыма завялі крымінальную справу. У выніку яму прызначылі паўгода выпраўленчых работ і штраф.
Некаторы час блогер жыў у Дубаі, а ў лютым гэтага года перасяліўся ў Турцыю.
Чытайце таксама:
Прэзідэнт Літвы перадаў вітанне скандальна вядомаму беларускаму відэаблогеру. Як так выйшла?
Гомельскі ваенкам Крываносаў паабяцаў зрабіць з трэш-стрымера Mellstroy «годнага байца»