«Падарунак» дзясяткам пакаленняў. Як Беларусь будзе захоўваць ядзерныя адкіды са сваёй АЭС і ў чым адзіны яе шанец
Гомельскае выданне «Штодзень» паразмаўляла з радыяцыйным хімікам Сяргеем Бесарабам пра планы беларускіх уладаў будаваць сховішча для адкідаў з БелАЭС, у тым ліку ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку ў Гомельскай вобласці.
30.03.2024 / 22:46
Сяргей Бесараб
Што адбылося
Дырэктар РУП «Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адкідамі» Дзмітрый Логвін 27 сакавіка ў чарговы раз расказаў пра магчымыя месцы для пахавання радыеактыўных адкідаў. Ён назваў два асноўныя кірункі: ці каля Беларускай АЭС, ці тэрыторыя Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.
Што не так з гэтымі заявамі
«Спачатку шуміха, потым блытаніна, потым пошукі вінаватых, затым пакаранне невінаватых і, нарэшце, узнагароджанне недатычных. Менавіта такая фраза найлепш, з майго пункту гледжання, характарызуе сітуацыю з адкідамі Беларускай АЭС», — напісаў у сваім блогу з гэтай нагоды навуковец, радыяцыйны хімік Сяргей Бесараб.
Ён звяртае ўвагу на тое, што да гэтага часу не называецца, што ўлады будуць рабіць з адпрацаваным ядзерным палівам з АЭС, калі скончыцца месца ў басейнах выгрузкі. І што яшчэ ў 2019 годзе адмысловы экалагічны даклад «паказаў вельмі нізкую гатоўнасць Беларусі да абыходжання з небяспечнымі ядзернымі адкідамі».
Тады ж, паводле навукоўца, намеснік галоўнага інжынера БелАЭС заявіў, што праектам не прадугледжаная назапашвальная пляцоўка для размяшчэння адкідаў пасля выгрузкі. Уся надзея на тое, што з Расіі будзе кожны год прыязджаць спецыяльны цягнік для вывазу іх на перапрацоўку. Але пры гэтым для часовага захоўвання могуць выкарыстоўвацца басейны ахалоджвання БелАЭС, якія разлічаныя на 10 гадоў назапашвання адпрацаваных зборак.
Такім чынам, праблема адкладаецца да 2030-х гадоў. Але Бесараб звяртае ўвагі, што 2030-я ўсё бліжэй, а адказу на выклік так і няма.
«Затое ёсць куча пустых, нічога не вартых размоваў пра сховішча адкідаў сярэдняй актыўнасці (г. зн. тое, што павінна было б па ідэі вярнуцца з РФ пасля перапрацоўкі). А пра самае галоўнае, высокаактыўныя адкіды, месца для якіх хутка ўжо не застанецца, — маўчок», — падкрэсліў эксперт.
Дык а якія варыянты, калі Расія не адгукнецца і не прыме адкіды на перапрацоўку?
Ніякіх няма. На той сітуацыі, якая існуе на сённяшні дзень, то-бок гэта поўная ізаляцыя ад ЕС, ад міжнароднай супольнасці, калі расейцы вырашаць адмовіцца ці шантажаваць — гэта трагедыя для краіны.
Ядзерная галіна — гэта Hi end галіна. Мірны атам — гэта тэхналогіі, непад’ёмныя для дылетантаў і нейкіх цемрашалаў. Гэтыя высокія тэхналогіі не толькі ў тым, каб запусціць рэакцыю дзялення, а яшчэ і пра тое, каб была бяспека. Нездарма 2/3 выдаткаў у цывілізаваных краінах ідуць на бяспеку, дэзактывацыю АЭС пасля выпрацоўкі рэсурсаў (60 год) і на працу з адкідамі.
Апошняе — гэта яшчэ больш высокатэхналагічны кірунак, чым сама АЭС. Такіх краін, дзе ёсць установы, якія займаюцца перапрацоўкай адкідаў, утылізацыяй — іх няшмат у свеце, можна пералічыць па пальцах адной рукі.
Беларусь прысмакталася да Расіі, у якой сапраўды велізарны вопыт назапашаны ў гэтым сэнсе — і спадзявалася цалкам на гэтую дапамогу. У сувязі з АЭС Беларусь вельмі моцна сядзіць на «іголцы ўранавага паліва», але «іголка перапрацоўкі ядзерных адкідаў» — больш жахлівая, чым першая.
Ужо бачна, што сітуацыя — не самая прыемная. У нас нават няма людзей, якія змогуць з адкідамі працаваць. Логвін сказаў, што персанал для гэтага ўяўнага сховішча будзе рыхтаваць «Расатам».
Як казалі прадстаўнікі БелАЭС, прыкладна 10 год мы як тая страказа з байкі можам танчыць. У гэты час самае высокаактыўнае адпрацаванае паліва перамяшчаецца ў праектныя басейны вытрымкі, дзе яно ахалоджваецца.
У кожным энергаблоку такі басейн складаецца з 732 месцаў, якія размеркаваныя на 12 стэлажоў. На іх змяшчаюцца ЦВЭЛы (цеплавылучальныя элементы). Праектна запланавана, што раз на год праводзіцца выгрузка паліва з АЭС, каля 50 ЦВЭЛаў за раз. То-бок, калі мы падзелім 732 на 50, атрымліваецца недзе 14 гадоў.
Калі першы энергаблок быў запушчаны ў 2020 годзе, то ў 2034 годзе сховішча цалкам запоўніцца. І тады ў нас ужо не будзе часу. Можна, канешне, нейкім чынам, падвяргаючы людзей рызыцы, перавозіць гэтае паліва ў сховішча другога энергаблоку і запаўняць яго. Але я проста фізічна не ўяўляю, як гэта можна зрабіць. Там жа неверагодная радыеактыўнасць ад тых ЦВЭЛаў, чалавека за хвіліну можна забіць. У адчаі, канечне, яны могуць прымусіць людзей нешта рабіць. Гэта будзе жахлівая, пачварная трагедыя.
Пакуль ёсць некаторы час. Па нарматывах павінны былі кожны год паліва адпраўляць спецыяльным цягнічком на перапрацоўку ў РФ, але пра гэта нічога не чуваць пасля пуску. Такое ўражанне, што яны робяць гэтыя ўкіды пра сховішча, каб людзі не пыталіся, а што з сухім сховішчам каля АЭС, якое нават праектна не запланавана?
Ніхто ж не спытаецца: сховішча для адкідаў, а якіх менавіта адкідаў? Ва ўсім свеце яны кваліфікуюцца па ўзроўні небяспекі. 1-2 клас вельмі актыўныя, і вельмі гарачыя, далей сярэдняй і нізкай актыўнасці. Аператары працуюць звычайна з сярэднеактыўнымі адкідамі.
Самыя гарачыя адкіды — гэта вельмі складана, вельмі радыеактыўна, вельмі доўгажывуча (мільёны гадоў). Іх альбо перапрацоўваць і выцягваць ізатопы, якія можна ізноў пусціць у справу (плутоній і некаторыя аскепкі дзялення), альбо рабіць геалагічныя пахаванні.
Адзіны «жывы» наяўны прыклад таго, што такая рэч агулам магчымая — гэта сховішча Анкала ў Фінляндыі, пра яго зняты дакументальны фільм «Насустрач вечнасці». У фільме паказана, якая праца была: некалькі даследчых інстытутаў, велізарныя грошы. Сховішча будавалася не як у Беларусі ляпаюць языкамі чыноўнікі, там падыходзілі да пытання з унікальнай у сусветным маштабе рэтраспектывай, што будзе праз 100-1000-10000 год.
А ў Беларусі, калі ідзе размова пра сховішчы, то гэтая размова пра найхутчэй прыпаверхневыя, падобныя ім існуюць у Расіі. Канаву выкапаюць, можа яе забетануюць, можа не. Можа на метр у глыбіню, можа на пяць. Туды гэта ўсё звязуць, і будзе ляжаць. Але ў Расіі «Расатам», нават каментуючы свае падобныя сховішчы (а такое яно ў іх пакуль адно — каля горада Новауральск), кажа, што працечкі абавязкова пойдуць, не пазней за 100 гадоў. То-бок афіцыйна прызнаюць, што гэта абсалютная бомба запаволенага дзеяння.
А з тых варыянтаў сховішча адкідаў з БелАЭС, якія называюць улады, які падаецца лепшым?
Я настойваю, што добрага ідэальнага варыянта не будзе. З гэтага пункту гледжання месца, якое прыгадаў чыноўнік, сховішча каля БелАЭС, мае сэнс, бо падобнае сховішча сухога адпрацаванага паліва ёсць на Запарожскай АЭС.
Украінцы да 1993 года адкіды перасылалі ў Расію, пасля вырашылі змяніць пастаўшчыка паліва (вельмі затратная справа), давялося адмовіцца і ад перасылкі на перапрацоўку адкідаў. Таму яны пачалі захоўваць у бетонных боксах, пабудаваных па амерыканскіх праектах. Унутры кожнага цыліндр са спецсталі, які змяшчае 24 ЦВЭЛа. Агулам гэтае сховішча ўкраінскае разлічанае на 9 тысяч зборак.
Такое можна зрабіць і ў Беларусі каля БелАЭС. Але гэтае захоўванне часовае з надзеяй на тое, што праз нейкі час ці з’явіцца магчымасць адкіды перапрацаваць, ці пахаваць іх геалагічна.
І яшчэ — гэта небяспечная вайсковая цэль, як мы ўсе пабачылі на прыкладзе ЗАЭС. Гэтае сховішча — вельмі сур’ёзная пагроза тэрарыстычнай атакі, гэтыя боксы не абароненыя так, як сам рэактар. Гэта фактычна такая спячая велізарная брудная бомба.
Але ў гэтым варыянце проста з лагістыкай, проста з кантролем.
Сховішча ў радыяцыйным запаведніку — гэта хайп і ўкід. Па-першае, там няма лагістыкі, няма чыгуначных шляхоў. Перавозіць гэтае «гарачае паліва», якое дае проста дзікунскі ўзровень радыеактыўнасці, незразумела як.
Калі на аўтамабілях, праз усю краіну, то любому больш-менш дасведчанаму ў тэме радыяцыі чалавеку зразумела, што кіроўцы такіх аўто — самагубцы, як і ахова. Нейкая фантастыка, агулам.
Па-другое, будаваць сховішча ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку… Там жа забруджаная глеба, высокі ўзровень радыеактыўнасці. Яны будуць будаваць, уздымаць пыл. Дзе яны набяруць гэтыя атрады самагубцаў?
Падчас уварвання Расіі ва Украіну ўжо былі такія «спецыялісты», якія «будавалі» свае акопы ў межах сумна вядомага Рудога лесу. Што з імі сталася і дзе яны агулам, невядома дагэтуль.
Тут трэба адзначыць яшчэ і тое, што ў Гомелі знаходзіцца з боку сумнавядомай калоніі-катавальні для беларускіх жанчын у Зарэччы сховішча Гомель-30. Калісьці яно было падрыхтавана для захоўвання ядзернай зброі, але яно вельмі няблага пабудаванае канцэптуальна. Там у калодзежах захоўваюцца адкіды сярэдняй актыўнасці.
Яны пад словам Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік могуць мець на ўвазе Гомель-30. Гэта будзе танней і, можа, бяспечней мадэрнізаваць ужо наяўчыя заглыбленыя памяшканні пад захоўванне нейкіх радыеактыўных адкідаў. Але якіх? Якая ў іх будзе актыўнасць?
А ці ёсць нехта, акрамя Расіі, сярод тых, хто можа дапамагчы Беларусі?
Калі я чуў такія меркаванні, што будзем узаемадзейнічаць з Кітаем… Кітай у прынцыпе неахвотна дзеліцца сваімі ядзернымі тэхналогіямі. Кітайцы вельмі асцярожна і далікатна ставяцца да сітуацыі, і адтуль у Беларусь не праскочыць ніводнай кроплі ядзерных тэхналогій.
Адзіны шанец — гэта калі ў нейкай новай Беларусі людзі, якія будуць кіраваць краінай, папросяць у сусветнай супольнасці дапамогі, зробяць інфармацыю пра гэтую жахлівую ядзерную навалу поўнасцю адкрытай. Тады, хутчэй за ўсё, мне гэта даволі аптымістычна бачыцца, знойдуцца спецыялісты, знойдуцца тыя, хто захоча дапамагчы. Але ўсё адно трэба разумець, што ні адна краіна не захоўвае чужыя ядзерныя адкіды. Ніхто не будзе захоўваць і беларускія.
Гэты ўсім вядомы чалавек, які ініцыяваў пабудову АЭС, зрабіў беларусам такі падарунак, які яны будуць расхлёбваць сотні гадоў. Калі мы не разглядаем «пякельныя» высокаактыўныя адкіды, якія можна хаваць толькі ў глыбіні нетраў, дзе яны будуць раскладацца мільёны год, а кажам пра адкіды сярэдняй актыўнасці («бяспечныя», як лічаць беларускія чыноўнікі), то трэба разумець, што гэта ўсё будзе распадацца прыкладна 500 гадоў, а працечкі пачынаюцца праз 100. Гэта давядзецца захоўваць і з гэтым жыць 400-500 гадоў. На гэты момант тэхналогіі не дазваляюць пазбавіцца ад наступстваў поўнасцю.
БелАЭС — гэта «падарунак» будучым дзясяткам пакаленняў.
Чытайце таксама:
Стала вядома, якія тэрыторыі разглядаюцца пад сховішча радыеактыўных адкідаў
У Латвіі прапанавалі пабудаваць каля мяжы з Беларуссю АЭС, людзі абурыліся