Стала вядома, якія тэрыторыі разглядаюцца пад сховішча радыеактыўных адкідаў
Дырэктар РУП «Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адкідамі» Дзмітрый Логвін на палях міжнароднага форуму «Атамэкспа» ў Сочы распавёў журналістам, як у Беларусі рыхтуюцца да будаўніцтва пункта пахавання радыеактыўных адходаў, піша БелТА.
У Беларусі плануецца пабудаваць пункт, які будзе прадугледжваць збор, захоўванне, сартаванне, перапрацоўку і пахаванне радыеактыўных адкідаў.
«Што тычыцца выбару пляцоўкі, мы разглядаем усю тэрыторыю краіны. Праведзена работа па вывучэнні фондавых матэрыялаў, архіўных дадзеных. Выключылі нейкую частку тэрыторыі, дзе немагчыма размяшчэнне нашага прадпрыемства. Ёсць два асноўных кірункі, якія мы разглядаем.
Першая — асноўная крыніца выпрацоўкі радыеактыўных адкідаў, гэта значыць Беларуская АЭС. Другое — тэрыторыя Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, гэта значыць адчужаныя землі, якія не ўцягнутыя ў гаспадарчы абарот.
Цяпер праводзяцца комплексныя інжынерныя пошукі, якія дазволяць з дастатковай падставай спыніць свой выбар на той ці іншай пляцоўцы. Сказаць, дзе канкрэтна будзе пункт, мы пакуль не гатовыя, гэтая праца яшчэ вядзецца», — сказаў Дзмітрый Логвін.
Каментары