Кніга ўнука выхадцаў з Беларусі займае пятае месца ў топ-100 найлепшых дэтэктываў свету
Гаворка пра кнігу Скота Турава «Прэзумпцыя невінаватасці».
07.04.2024 / 18:03
Існуюць два спісы 100 найлепшых дэтэктыўных раманаў усіх часоў, створаныя ў 1990-х пісьменнікамі і экспертамі: брытанская і амерыканская версіі. Яны збольшага супадаюць, толькі месцы ў кнігаў розныя.
librarything.com
Першае месца ў брытанскім спісе займае бестсэлер Джазэфіны Тэй (псеўданім Элізабет Макінтош) «Дачка часу», дзе галоўны інспектар Алан Грант, які напярэдадні зламаў ногі, ад няма чаго рабіць зацікавіўся гісторыяй Рычарда III, рэпутацыю якога знішчылі Томас Мор і Уільям Шэкспір. Абапіраючыся на гістарычныя крыніцы (Элізабет Макінтош была знаўцам брытанскай гісторыі і аўтарам гістарычных раманаў), Грант даказвае, што Рычард III не забіваў сваіх пляменнікаў — сыноў тагачаснага караля.
Натуральна, што спробы абяліць рэпутацыю Рычарда III былі і раней. Але менавіта пасля выхаду раману «Дачка часу» (у якасці эпіграфу была ўзятая старая англійская прымаўка «Праўда — дачка часу») у брытанскім грамадстве ўзнікла шырокая дыскусія наконт былога караля Англіі і была перагледжана ягоная роля ў гісторыі.
Другое месца ў спісе займае раман амерыканскага пісьменніка Рэйманда Чандлера «Глыбокі сон». Шпіёнскі раман Джона Ле Карэ «Шпіён, які вярнуўся з холаду» на трэцім месцы.
«Забойства Роджэра Экройда» Агаты Крысці, дзе яна адышла ад традыцыйных канонаў дэтэктыва, на пятым месцы. Дарэчы, прыгоды Шэрлака Холмса толькі дваццатыя.
А вось у амерыканскім спісе дэтэктывы пра Шэрлака Холмса займаюць першае месца.
librarything.com
Адзін з пачынальнікаў амерыканскага нуару Дэшыэл Хэмэт з «Мальтыйскім сокалам» на другім месцы, дэтэктывы Эдгара По — трэція, «Дачка часу» Д Тэй — 4-я, «Глыбокі сон» Чандлера — 8-ы, а «Дзесяць негрыцянятаў» Агаты Крысці — толькі 10-я (у амерыканскім варыянце — «І нікога не стала»).
А вось «Прэзумпцыя невінаватасці» (Presumed Innocent) Скота Турава на высокім пятым месцы. Скот Тураў (Scott Turow) — вядомы амерыканскі пісьменнік, аўтар юрыдычных трылераў, а таксама юрыст.
Скот Тураў (Scott Turow). Фота: Roberto Serra / Iguana Press / Getty Images
Ён нарадзіўся ў Чыкага 12 красавіка 1949 года, праз некалькі дзён у яго юбілей — 75 гадоў. Як паведамляе Вікіпедыя, ягоныя бацькі былі дзецьмі яўрэяў, што эмігравалі з Беларусі.
У 1987 годзе Скот Тураў напісаў дэтэктыў «Прэзумпцыя невінаватасці».
Галоўны герой — акруговы пракурор з паказальным імем Расці Сабіч. Забіваюць ягоную падначаленую і былую каханку Каралін Палімус. Спачатку расследаваць справу даручаюць Сабічу, але хутка падазрэнне падае на яго, бо на гэта ўказваюць шматлікія ўлікі, і пракурора бяруць пад варту.
Расці Сабіч вымушаны звярнуцца да свайго «заклятага ворага», суперніка ў судовых працэсах, вельмі дарагога адваката Сэндзі Стэрна.
У 1990 годзе Алан Пакула зняў трылер па гэтым рамане, дзе галоўную ролю сыграў Харысан Форд, у якога, дарэчы, таксама беларускія карані.
Постэр фільма «Прэзумпцыя невінаватасці» (1990) з Харысанам Фордам і Раулем Хуліа (адвакат Стэрн)
Дарэчы, жонку Расці Сабіча сыграла Боні Бедэліа — жонка Джона Мак-Лейна (Бруса Уіліса) у «Моцным арэшку» і цётка Макалея Калкіна («Адзін дома») у рэальным жыцці.
На чэрвень плануецца прэм’ера серыяла «Прэзумпцыя невінаватасці» на Apple TV з Джэйкам Джыленхолам і Рут Нега ў галоўных ролях.
У серыяле ад Apple TV «Прэзумпцыя невінаватасці» галоўную ролю сыграе Джэйк
А Скот Тураў пасля напісаў некалькі юрыдычных трылераў. Ён вельмі актыўны ў фэйсбуку, у кастрычніку 2023 года рэагаваў на ізраільска-палесцінскі канфлікт.
У брытанскім спісе «Прэзумпцыя невінаватасці» на 48-м месцы.
Але варта таксама ўлічваць, што гэтыя спісы складаліся ў канцы XX стагоддзя, і там няма раманаў Ю Несбё і Роберта Гэлбрэйта (Джоан Роўлінг) — на сёння залатых эталонаў сучаснага дэтэктыва.
Чытайце таксама:
10 новых серыялаў, якія выйдуць вясной