Беларускі трэш-блогер Mellstroy арганізаваў у Маскве дождж з грошай. Ён раскідаў над натоўпам 75 тысяч даляраў

Мільёны расійскіх рублёў у выглядзе «ападкаў» выпалі на натоўп у начным клубе

08.04.2024 / 13:09

Стрымер Mellstroy (Андрэй Бурым) раскідаў прыкладна 7 мільёнаў рублёў (каля 75 тысяч даляраў) — так ён з размахам гуляў у ноч з 6 на 7 красавіка ў клубе ў цэнтры Масквы. Спачатку на тусоўшчыкаў сыпаўся грашовы дождж, а напрыканцы вечара стрымер аплаціў усе столікі, піша Shot.

Таксама блогер набыў некалькі элітных аўтамабіляў пасля прыезду ў Маскву.

На паркоўцы ў цэнтры Масквы Mellstroy аглядаў BMW M5 Competition, Lamborghini Huracan, Bentley Mulsanne, Ferrari і Hummer. Паводле яго слоў, уся пакупка каштавала 170—180 мільёнаў рублёў (амаль два мільёны даляраў).

Раней стрымера знялі з вышуку ў Расіі і Беларусі пасля таго, як ён паабяцаў закупіць спортінвентар і адзенне ў кожную з 500 устаноў, якія займаюцца ўладкаваннем дзяцей-сірот у Беларусі. Пасля гэтага імя блогера знікла з баз вышуку абедзвюх краін, куды яго ўнеслі за адмову ісці ў беларускае войска.

Скандальную вядомасць Mellstroy атрымаў у 2020 годзе, калі падчас аднаго са сваіх стрымаў збіў дзяўчыну. Пасля гэтага на Бурыма завялі крымінальную справу. У выніку яму прызначылі паўгода выпраўленчых работ і штраф.

Mellstroy і цяпер рэгулярна трапляе ў скандальныя навіны, раздаючы сваім гледачам вар'яцкія заданні і абяцаючы за іх шчодра заплаціць. Пасля, праўда, гэтыя абяцанкі не заўсёды стрымлівае. 

Так, літоўскі хлопчык, які дасціпна папрасіў прэзідэнта сваёй краіны Гітанаса Наўседу перадаць прывітанне Mellstroy, з двух мільёнаў даляраў, якія за гэта паабяцаныя, зможа атрымаць добра калі «толькі» 100 тысяч. Іншаму чалавеку было адмоўлена ў выплаце мільярда расійскіх рублёў (каля 11 мільёнаў даляраў) за размяшчэнне ніка Mellstroy на Месяцы.

Чытайце таксама:

Беларускі трэш-стрымер Mellstroy вярнуўся ў Расію

Трэш-блогера Mellstroy знялі з беларускага і расійскага вышуку за дапамогу дзецям

Гомельскі блогер Mellstroy зноў адмовіўся плаціць паабяцаныя вялікія грошы за выкананне свайго дзівацкага жадання

Прэзідэнт Літвы перадаў вітанне скандальна вядомаму беларускаму відэаблогеру. Як так выйшла?

Гомельскага трэш-блогера аб'явілі ў вышук у Расіі і завялі крымінальную справу ў ААЭ

Nashaniva.com