Махляры здаюць «райскі дамок» пасярод разаранага поля пад Асіповічамі. І многія вядуцца

Больш за 6 000 карыстальнікаў Instagram падпісаліся на фэйкавую старонку і спрабуюць зняць у арэнду казачны лясны дамок усяго за сто кіламетраў ад Мінска. Але іх чакае моцнае расчараванне, піша Магілёў.media.

09.04.2024 / 16:29

Фота: house_on_dream, Instagram

Інтрыгоўную аб’яву пра арэнду доміка house_on_dream у інстаграме заўважылі супрацоўнікі газеты «Асіповіцкі край». На маляўнічых фотаздымках — незвычайны па архітэктуры дамок патанае ў засені агромністых ялін. «Што можа быць лепш за адпачынак на тэрасе на дрэве сярод лесу?» — вабіць подпіс пад фотаздымкам.

Як высветлілася, на месцы, пазначаным на старонцы праз геатэг, насамрэч людзям прадаецца адпачынак пасярод разаранага поля — ніякага ні лесу, ні дамка там няма.

Фотакалаж: газета «Асіповіцкі край»

Мясцовыя жыхары, што жывуць у бліжэйшай вёсцы Млынкі, налічылі ўжо штук з дваццаць кампаній, у асноўным з Мінска, што купіліся на фотаздымкі ў інстаграме, паехалі на рамантычны адпачынак і апынуліся ў Асіповіцкім раёне пасярод голага поля.

Звычайна стваральнікі акаўнта патрабуюць ад карыстальнікаў перадаплаты ў 170 рублёў — гэта палова цаны, заяўленай за арэнду на суткі. Далей, вядома ж, на сувязь ужо ніхто не выходзіць.

Адметная рыса гэтай і ўсіх падобных махлярскіх схем заключаецца ў тым, што ўсе кантакты з кліентамі праходзяць толькі праз месенджары, а ад размоў праз звычайны тэлефон уласнікі «бізнэса» катэгарычна адмаўляюцца.

Нягледзячы на тое, што першых падманутых карыстальнікаў фэйкавая старонка прыцягнула яшчэ на Новы 2023 год, яна дагэтуль актыўная ў інстаграме, мае больш за 6 000 падпісчыкаў і працягвае збіраць «ураджай».

Чытайце таксама:

Махляры спрабуюць абдурыць беларусаў праз фэйкавы сайт Мінпрацы

57-гадовую беларуску моцна абдурыў «жаніх з Сірыі»

Чарговая схема: «Белпошта» папярэджвае пра паведамленні махляроў у месенджарах

Nashaniva.com