«Адчуванне, што таго жыцця ў Беларусі проста не было». Як знішчалі школы польскай мовы, расказаў дырэктар адной з іх
У снежні 2023 года сілавікі правялі рэйд па школах польскай мовы — іх дырэктараў затрымлівалі, патрабавалі ліквідаваць фірму і выдаць спісы вучняў. Паводле даных Dziennik Gazeta Prawna, усяго ў Беларусі закрыліся 10 прыватных цэнтраў па вывучэнні польскай мовы. «Медыязона» расказвае, як дырэктар адной з некалі найбуйнейшых школ закрываў свой бізнэс у Беларусі і пачынаў працу з чыстага ліста ўжо ў Польшчы.
09.04.2024 / 20:29
Ілюстрацыя: Аліна Ястрабава / Медыязона
«Хадзіў па лесе і маліўся». Ад'езд
У кастрычніку 2022 года Аляксандр з сям'ёй — цяжарнай жонкай і сынам — паехаў на канферэнцыі ў Літве і Польшчы. У гэты час сілавікі прыйшлі ў прыватную школу, дзе ён працаваў, і заснавальнік папярэдзіў яго пра крымінальную справу. Тады ж «знаёмы з МУС» падказаў ім, што ў сям'і ёсць тыдзень, каб прыехаць у Беларусь і сабраць рэчы.
«Я проста спытаў у сяброў, у якіх мы тады былі, ці змагу ў іх спыніцца пасля. Адказ быў «так», і мы з'ехалі. Зрабілі даверанасць, што змаглі — прадалі», — успамінае выкладчык.
Прыватную школу вымусілі закрыцца, але ў Аляксандра быў свой бізнэс у Беларусі: курсы польскай мовы. На курсах працавала некалькі выкладчыкаў, навучаліся дзясяткі груп.
Вярнуўшыся ў Польшчу, пара занялася дакументамі. Жонка Аляксандра планавала нараджаць у студзені. Дзяўчынка нарадзілася ў Польшчы — у яе няма беларускага пашпарта, толькі польскі праязны дакумент.
«Першы месяц я проста хадзіў па лесе і маліўся, шукаў адказы. Мы жылі ў доме нашых сяброў, у лесе. З сабой узялі 2 тысячы даляраў. З даволі паспяховага, забяспечанага жыцця нічога не засталося. Адна справа, калі ты заўсёды хацеў гэтага: імкнуўся пераехаць у Польшчу вучыцца або працаваць. Іншая — калі ты гэтага ніколі не хацеў, не планаваў, калі табе добра ў сябе дома, у Беларусі».
Да канца кастрычніка 2022-га Аляксандр аформіў прадпрымальніцтва: кампанію па навучанні польскай мове, «таму што нічога акрамя таго, што ўмееш добра, рабіць не атрымлівалася». З'явіліся першыя студэнты.
Беларускай фірмай выкладчык займацца амаль перастаў:
«Толькі праводзіў плацежкі праз інтэрнэт-банкінг і мінімальна ўдзельнічаў у стратэгіі. На адлегласці цяжкавата было».
«Людзі ў масках». Візіт сілавікоў
Раніцай 21 снежня 2023 года Аляксандр атрымаў паведамленне ад калегі з беларускай кампаніі — да яе ў кватэру ламіліся сілавікі. Аказалася, што перад гэтым яны прыязджалі ў офіс, але там нікога не аказалася, бо супрацоўнікі прыходзілі на працу да 10-й.
Сілавікі адвезлі калегу, якая паведаміла пра іх візіт, у офіс і пачалі «нешта шукаць». Пасля агляду яны заявілі, што «ўбачылі дастаткова, каб завесці крымінальную справу». Аляксандр кажа, што выявіць у офісе можна было падручнікі, літаратуру на польскай мове і хіба што рэкламныя брашуры ўніверсітэтаў.
Супрацоўніцу фірмы прасілі перадаць прывітанне Аляксандру, пыталіся, чаму ён не вяртаецца ў Беларусь, і патрабавалі напісаць ягоную заяву аб ліквідацыі курсаў. Сілавікі прыгразілі спыніць рэкламу школы, выключыць сайт і спыніць дзейнасць кампаніі, інакш «наступным разам прыйдуць людзі ў масках, якія не будуць усміхацца».
«Кампаніі не ліквідуюцца за адзін дзень. Мы былі на сувязі з бухгалтарам, юрыстамі. Пасля некаторых разважанняў прыйшоў да высновы, што нічога рабіць не буду. Калі яны хочуць знішчыць кампанію — няхай самі гэта робяць за кошт бюджэту. Я не хачу выдаткоўваць каля 3 тысяч даляраў на паслугі ліквідатара. Так што мы спынілі дзейнасць, адключылі сайт, спынілі рэкламу і хай самі астатнім займаюцца».
Студэнтам Аляксандр напісаў паведамленне, што прымаць плацяжы на рахунак беларускай кампаніі школа больш не зможа. Прапанаваў тым, у каго заняткі былі аплачаныя наперад, скончыць навучанне анлайн. Большасць пагадзіліся: тады выкладчык сам стаў займацца з вучнямі і папрасіў дапамогі ў сваіх калегаў у Польшчы, астатнія супрацоўнікі звольніліся.
«Мы не маглі выплачваць заробкі, плаціць за арэнду. Мне прыйшоў ліст з МПЗ, што я павінен аплаціць квартальны падатак — мабыць, разам са штрафам. Але няма сэнсу гэтымі рэчамі займацца. Мне яшчэ прыйшоў ліст, што ўбачылі факт парушэння парадку аплаты. Я ім напісаў вялікі электронны ліст, у якім патлумачыў сваё бачанне сітуацыі. Адныя дзяржаўныя органы знішчаюць бізнес, а іншыя, як быццам не ведаючы пра гэта, патрабуюць аплаціць абавязковыя страхавыя ўзносы».
«Не ведаю, ці варта працягваць праект». Адаптацыя ў Польшчы
Большасць студэнтаў ужо скончылі сваё анлайн-навучанне. Некаторыя навучэнцы прасілі вярнуць грошы за аплачаныя курсы, але, кажа Аляксандр, такой магчымасці не было.
«Былі гнеўныя паведамленні, каментары. Была жанчына, якая пісала, што ёй патрэбныя гэтыя грошы, каб аплаціць навучанне ў іншым месцы. Я напісаў: «Дай Бог, каб на тых курсах не адбылося таго, што адбылося ў нас». А хутчэй за ўсё, рана ці позна адбудзецца».
Першыя некалькі месяцаў Аляксандр аплачваў працу польскай фірмы са сваіх грошай, цяпер удалося выйсці на прыбытак. Школа прадае дапаможнікі онлайн, але складана перажывае канкурэнцыю — у Польшчы працуюць у тым ліку беларускія курсы, якія «маглі падрыхтавацца, маючы магчымасць спакойна жыць і працаваць».
«Мне было складаней, бо я не планаваў пераезд. Не ведаю, ці варта наогул працягваць праект. У Беларусі мы існавалі 9 гадоў — у нас было імя, меркаванне, сфармаванае пра нас ужо даўно. Мы былі найбуйнейшай школай польскай мовы. Цяпер ёсць маса маіх асабістых заняткаў, якія даюць мне магчымасць не быць, як 10 гадоў таму, менеджарам, рэкламшчыкам і выкладчыкам. Я трэці год пішу доктарскую дысертацыю — у Беларусі мне не далі яе абараніць».
У Польшчы Аляксандр працягвае выкладаць і перакладаць. Год таму прадпрымальнік удзельнічаў у праекце Чырвонага Крыжа — ездзіў па некалькіх гарадах, навучаючы бежанцаў з Украіны польскай мове. Беларус ходзіць у пратэстанцкую царкву і выкладае дзецям рэлігію ў мясцовай школе.
«Ужо ёсць адчуванне, што таго жыцця ў Беларусі проста не было. У нас нічога не засталося. Засталіся нейкія сваякі, сябры. Але чым далей, тым менш да ўсяго гэтага цягне. Таму жывем тут, жывем тым, што ёсць тут. Для мяне заўсёды гэта было важна.
Дурны трошкі прынцып сабе ўвёў — калі еду ў нейкую краіну, ведаць яе мову. Для мяне важна быць не проста тым, хто бярэ, але перш за ўсё быць часткай грамадства, ствараць яго. Я паціху рухаюся ў гэтым кірунку».