«Памежнікі былі няўмольныя — нам давялося вяртацца». З якімі складанасцямі сутыкаюцца беларусы, едучы за мяжу з візай PBH
У людзей з працоўнай візай або візай PBH памежнікі і раней маглі праверыць дакументы, якія пацвярджаюць мэту паездкі. Але такія праверкі на польскай мяжы сталі прыкметна больш строгімі адразу пасля адмены праграмы Poland. Business Harbour. Вось што расказалі тэлеграм-каналу DzikPic беларусы, якія ехалі праз мяжу з такой візай у лютым-сакавіку.
Праграму PBH запусцілі ў 2020 годзе, каб прыцягнуць у Польшчу спецыялістаў і тэхналагічныя кампаніі з постсавецкіх краін, перш за ўсё Беларусі. Яна ўключала выдачу нацыянальнай візы D23, юрыдычную падтрымку пры пераездзе, дапамогу ў кантактах з органамі самакіравання, СЭЗ, інвестарамі, а таксама гранты.
З 26 студзеня гэтага года Польшча закрыла праграму. МЗС краіны заявіў, што яна не апраўдала надзей; раней узнікалі сумневы ў мэтавым выкарыстанні віз.
«Калі заязджала ў Беларусь, нічога не пыталіся ні палякі, ні беларусы. Пры ўездзе ў Польшчу польскія папрасілі выпіску з CEIDG і кантракт з кампаніяй. Потым сказалі адысці ўбок і пачакаць, пакуль дакументы правераць. У выніку нешта там у камп'ютары правяралі (мабыць, дзейнае / нядзейнае ІП) і прапусцілі».
***
«У снежні мы атрымалі візу PBH па спісах PAIN (падавалі дакументы групай на рэлакацыю аддзела), у такім выпадку не прадугледжаная рэкамендацыя або запрашэнне на працу. Пераезд запланавалі на вясну. Але наш працадаўца набраў штат і ў яго адпала неабходнасць заключаць з намі кантракт. Таму мы вырашылі адкрыць ІП і працаваць з контрагентам з ЗША.
У пачатку сакавіка мы адправіліся на мяжу з Польшчай. Праз 7 гадзін чакання на мяжы палякі папрасілі дакументы, а ў нас акрамя візы нічога не было. Мы доўга спрабавалі растлумачыць, што для гэтага тыпу візы дамова не прадугледжаная. Яны былі няўмольныя — нам давялося вяртацца.
Мы вярнуліся ў Брэст і знайшлі кантакт бізнэс-інкубатара Badztu PSA. Літаральна за адзін працоўны дзень нам падрыхтавалі пагадненне аб намерах адкрыць і абслугоўваць ІП, выслалі кантракт. На наступны дзень мы зноў паехалі на другі круг. Загадзя папярэдзілі дырэктара аб праходжанні мяжы, каб ён быў на сувязі нават ноччу.
Гэтым разам у нас праверылі дакументы, патэлефанавалі па нумары з дамовы і пасля 15-хвіліннай размовы ўсё ж прапусцілі. Я польскую мову не асабліва разумею, але, здаецца, удакладнялі, калі мы звярнуліся, якую дзейнасць будзем весці, з якой краіны контрагент».
***
«Мы лёталі па PBH-візах у адпачынак з Кракава на Балі ў канцы сакавіка: работнікі ў аэрапорце перадавалі камусьці па рацыі, што мы па візе PBH. Але ўсё прайшло хутка, дакументаў не прасілі.
А вось па вяртанні прыйшлося трохі панервавацца: дакументы па ІП у нас таксама не пыталіся, проста нешта высвятлялі 10 хвілін з прыцягненнем начальніка змены, прабівалі па базах — і потым прапусцілі. Праўда, у нас забралі садавіну на мытні — 5 манга, 2 драганфруты, кіло мангусцінаў. Балазе, штраф не выпісалі, толькі пратакол канфіскацыі».
***
«Ездзіў з візай PBH у лютым і сакавіку. Правяралі дамову аб працы (яна была з сабой на паперы) і задавалі тыповыя пытанні: куды едзеце, ці жывяце ў Польшчы і г. д.».
***
«Працую ў Польшчы як ІП, загадзя раздрукавала кантракт, zaświadczenie o wpisie do CEIDG (самая важная паперка), ліст адносна таго, калі забіраць карту і дэцызію па ДНЖ. У выніку спатрэбілася толькі сведчанне ІП. Хвілін з 20 нешта глядзелі / ўдакладнялі і ў выніку прапусцілі. Пры гэтым маю знаёмую ледзь не развярнулі праз тое, што яе дакументы былі ў электронным выглядзе».
***
«Выязджала з Беларусі ў лютым па PBH як жонка айцішніка і беспрацоўная. Польскі бок раптам папрасіў дамову мужа. Гэта было няпроста, улічваючы якасць інтэрнэту на мяжы, але электронны ім у выніку падышоў. Да гэтага 4 разы нічога не пыталіся».
***
«Працую ІП. Як толькі з'явіліся навіны, што ўладальнікаў віз PBH правяраюць, я раздрукаваў дамову з фірмай, апошнюю фактуру, пацвярджэнні прыходу аплаты па фактуры і аплаты падаткаў. Пані на мяжы, пабачыўшы візу, сказала падрыхтаваць дадатковыя дакументы (але яе цікавіла толькі дамова). Потым уносіла ў камп'ютар з дамовы мае даныя і даныя фірмы, камусьці тэлефанавала. У выніку пытанняў больш не ўзнікла, і мяне прапусцілі.
Са мной ехаў калега ў госці да сяброў па не польскай турыстычнай візе — яму задалі толькі стандартныя пытанні і прапусцілі без праблем».
***
«Палякі не хацелі прапускаць з фота кантракту — патрабавалі менавіта раздрукаваны кантракт. Але ў выніку прапусцілі так».
***
«Двойчы з лютага праз мяжу ездзіў: першы раз у пачатку лютага, яшчэ нават не было навіны, што правяраюць. Быў шакаваны, але сказаў NIP — і гэтага хапіла. Другі раз хапіла выпіскі з CEIDG. Абодва разы нешта ў сябе правяралі даволі доўга».
***
«Выязджалі сям'ёй па PBH у пачатку сакавіка праз Літву ў Польшчу. Узялі з сабой працоўны кантракт, але дакументы ў нас нават не правяралі».
***
«Ехала з двума пашпартамі (новы і пратэрмінаваны з візай PBH). Палякі старанна правяралі дамову на працу, перапісвалі кудысьці звесткі (я нічога не падпісвала). Потым паклікалі начальства паглядзець на маю дамову і праз хвілін 40 прапусцілі».
***
«Я ехаў з візай PBH, мэльдункам, песэлем і дамовай аб працы. Мая жонка не працуе — памежнікі тэлефанавалі камусьці і пыталіся, ці можа яна так уехаць. Для ІП, якія ехалі, было дастаткова выпіскі з CEIDG (нават электроннай). Было шмат тых, хто ніякіх дакументаў не ўзяў, і потым пачынаў спампоўваць выпіскі з дзяржсайтаў проста каля акенца памежніка».
У Польшчы правяраюць кампаніі, якія прыцягвалі беларусаў па праграме Poland. Business Harbour. Першыя вынікі шакуюць
Польскія памежнікі не прапускаюць беларусаў з візамі PBH без працоўнага запрашэння ці дамовы
«Больш за палову майго офіса выкарыстоўвала гэтую візу проста для падарожжаў». Што думаюць айцішнікі пра закрыццё праграмы Poland.Business Harbour
Каментары