Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Кіпра
Адной з галоўных падзей двухдзённага працоўнага візіту Святланы Ціханоўскай на Кіпр стала сустрэча ў Нікасіі, сталіцы гэтай краіны, з прэзідэнтам Кіпра Нікасам Хрыстадулідзісам. Падчас яе Ціханоўская закранула праблемы спрашчэння легалізацыі беларусаў, падтрымкі беларускага бізнэсу і ціску на рэжым Лукашэнкі.
10.04.2024 / 18:33
Святлана Ціханоўская і Нікас Хрыстадулідзіс. Фота: прэс-служба Ціханоўскай
Паводле Канстытуцыі Кіпра прэзідэнт у гэтай астраўной краіне выконвае адначасова і паўнамоцтвы старшыні ўрада, таму, як падкрэсліваецца, ў паведамленні прэс-службы Ціханоўскай, пытанні, якія актуалізуюцца падчас сустрэчаў, адразу праходзяць абмеркаванне на некалькіх палітычных узроўнях.
Падчас сустрэчы бакі закранулі шэраг актуальных для Беларусі пытанняў:
- спрашчэнне легалізацыі беларусаў на Кіпры;
- падтрымка рэлакаваных бізнэсаў;
- ціск на рэжым і яго шматбаковая ізаляцыя;
- спрашчэнне бытавых юрыдычных працэдураў;
- адзіная пазіцыя па сітуацыі ў Беларусі на міжнароднай арэне.
Прэзідэнт Хрыстадулідзіс запэўніў Святлану Ціханоўскую ў падтрымцы беларускага народа. Ён падкрэсліў: палітыка Кіпра застаецца паслядоўнай у судзеянні дэмакратычным сілам і ізаляцыі рэжыму.
Прэзідэнт Кіпра паведаміў, што ягоны ўрад працуе над тым, каб перакрыць лазейкі ў санкцыях і заблакаваць кампаніі, якія звязаныя з рэжымам.
Абмяркоўваліся таксама пытанні магчымасці атрымання беларусамі кіпрскага пашпарта іншаземца, спрашчэнне для іх працэдураў, каб не патрабавалася вяртанне ў Беларусь.
Ціханоўская: Рэжым Лукашэнкі — крэсла на трох ножках: грошы, рэпрэсіі і Расія
Ціханоўская ўпершыню наведвае Кіпр з афіцыйным візітам