«Здаецца, у мяне атрымалася змяніць свет». Бізнэсмен з Глыбокага расказаў пра лёгкі хлеб, алкагольную залежнасць і што для яго грошы

Бізнэсмен Дзмітрый Якімовіч з Глыбокага шмат вандруе па розных краінах, але ўсё адно вяртаецца на радзіму, дзе і рэалізоўвае свае крэатыўныя ідэі, ствараючы працоўныя месцы для сваіх землякоў. Акрамя таго, ён ужо шмат гадоў дапамагае адштурхнуцца ад дна людзям з алкагольнай залежнасцю, піша «Звязда».

11.04.2024 / 22:08

Першае, што кідаецца ў вочы, калі трапляеш на тэрыторыю «Сядзібы Якімовіч» у Глыбокім, — гэта вялікая колькасць каменных жорнаў розных памераў. Яны там паўсюль: умураваныя ў сцены, у сцяжынкі, выстаўленыя паміж дрэвамі. Паводле слоў гаспадара сядзібы Дзмітрыя Якімовіча, на сёння яго калекцыя жорнаў з’яўляецца найбуйнейшай у свеце.

Пра прыклад ксяндза Булькі ды лёгкі хлеб

У старадаўніх жорнах асаблівая энергетыка, бо яны прызначаліся, каб малоць зерне на муку, а значыць, для жыцця. Збіраю іх ужо 32 гады. У маёй калекцыі на сёння больш за 1000 штук вагой ад 15 кілаграмаў да тоны. Яны адрозніваюцца не толькі памерам, але і насечкамі-баразёнкамі, ад якіх залежаў памол (грубы ці тонкі). Тут, на сядзібе, я ўжо падарыў другое жыццё 460 жорнам. Астатнія на складзе чакаюць свайго часу.

Натхніў мяне іх збіраць былы пробашч нашага Мосарскага касцёла Святой Ганны Юзаф Булька. Як толькі ён прыехаў на службу ў маю родную вёсачку, стаў актыўна добраўпарадкоўваць тэрыторыю вакол храма: высаджваў экзатычныя расліны, ствараў алеі, чысціў сажалкі, прыводзіў у парадак крыніцы, ставіў скульптурныя кампазіцыі, сярод якіх былі і каменныя жорны.

Я, тады яшчэ юнак, натхніўся яго прыкладам і пачаў шукаць тыя, ужо нікому не патрэбныя, прылады працы па вёсках. Штосьці купляў, хтосьці аддаваў проста так. На той момант я не ведаў, навошта яны мне ў такой колькасці…

Я з дзяцінства любіў матацыклы, таму, як толькі з’явілася магчымасць, уступіў у байкерскі клуб. Разам з сябрамі-аднадумцамі ездзіў па свеце, глядзеў, як там жывуць людзі. Самае працяглае падарожжа мы здзейснілі на матацыклах па Амерыцы. За 24 дні праехалі амаль дзесяць тысяч кіламетраў.

Вандроўкі мяне натхняюць. Менавіта падчас адной з іх і прыйшла думка пабудаваць утульную сядзібу, каб прымаць гасцей так, як прымаюць турыстаў ва ўсім свеце.

Каб зарабіць грошы, я ў свае 23 гады паехаў працаваць у Германію. Мне спадабаўся падыход да справы тамтэйшых фермераў, прыемна ўразілі не толькі працавітасць, але і чысціня ды парадак, якія яны падтрымлівалі на зямлі. Была магчымасць застацца. Але мяне цягнула дадому.

Праз паўгода вярнуўся ў сваю родную вёску і пачаў вырошчваць бульбу і капусту. Потым стаў гадаваць жывёлу і прадаваць мяса. На заробленыя грошы купіў старую хатку ў цэнтры Глыбокага, якую паступова ператварыў у сядзібу ў стылі прыватных дамоў дарэвалюцыйнага часу.

Тая хатка прадавалася ажно 15 гадоў. За гэты час яе гаспадар так і не сышоўся ні з кім цаной. І праз 15 гадоў мы з ім дасягнулі згоды. Я ўпэўнены, што гэта лёс і яна чакала менавіта мяне.

За той хатай раней было балота, пранізанае канавамі. Сёння ж тут на ўсе лады спяваюць птушкі і гуляюць закаханыя парачкі, сем’і з дзеткамі. Прыйсці сюды адпачыць можа кожны. У нас тут няма агароджаў.

Гарвыканкам выдзеліў мне тую зямлю ў часовае карыстанне. Я высадзіў экзатычныя дрэвы, зрабіў арыгінальныя сцяжынкі, ачысціў і паглыбіў сажалку, ператварыў зарослыя канавы ў акуратны ручай, зрабіў фантаны, мосцікі, крэатыўныя лаўкі, добраўпарадкаваў крыніцы. Пастаянна штосьці дадаю. Цяпер вось раблю ў парку Сад камянёў. Збіраю на палях творы прыроды, якія шмат гадоў апрацоўвалі вада і вецер. Кожны камень цікавы, са сваёй энергетыкай.

Некаторыя пытаюцца: як зарабіць грошы з нуля. Я перакананы, што ўзровень жыцця залежыць ад нашага стаўлення да працы. Уставайце з пеўнямі, працуйце аддана — і ўсё у вас будзе.

Што датычыцца бізнэсу, сваёй справы, тут галоўнае — проста пачаць, зрабіць першы крок. Разуменне, якім павінен быць наступны, прыйдзе ў працэсе.

Памятаеце, як у казцы «Лёгкі хлеб» мужык вучыў ваўка здабываць хлеб. Маўляў, не ўсё так проста: перш-наперш трэба зямлю ўзараць, потым забаранаваць, затым жыта пасеяць, дачакацца, пакуль яно ўзыдзе, наліецца, спелае жыта трэба зжаць, потым у снапы звязаць, снапы абмалаціць, зярняты адвезці на млын ды мукі намалоць, з мукі зрабіць цеста, паставіць яго ў гарачую печ.

І тады атрымаецца хлеб. Толькі папрацаваўшы напоўніцу, адчуеш яго сапраўдны смак. Усё, што даецца лёгка, часцей за ўсё не цэніцца.

Сядзіба — гэта маё месца сілы. Прыходзіш сюды вечарам стомлены фарміраваць дрэвы, папрацуеш літаральна тры-чатыры гадзіны і напаўняешся энергіяй. Я неяк сказаў сябру: ведаеш, здаецца, у мяне атрымалася змяніць свет. «Ды ну, гэта звычайнаму чалавеку не пад сілу», — пачуў у адказ.

Ну вось глядзі, мы стаім на тратуары ў цэнтры горада — гэта адзін свет, а прайдзі сто метраў — і перад табой адкрываецца зусім іншы. Той, які я зрабіў (і працягваю рабіць) сваімі рукамі. І для гэтага, як бачыце, неабавязкова з’язджаць на хутар, за мяжу… Любыя перамены пачынаюцца з нас саміх. Змяніся сам і заўважыш, як паступова пачне мяняцца і тваё акружэнне.

Пра залежнасць ад алкаголю ды стаўленне да грошай

Я добра разумею людзей, залежных ад алкаголю. Бо сам меў такія ж праблемы. Калі мне было 14 гадоў, на матацыкле насмерць разбіўся мой тата. Потым лёс мяне закінуў на таджыкска-афганскую граніцу, дзе на пачатку дзевяностых пачалася грамадзянская вайна, нейкім цудам выжыў у аўтааварыі.

Калі дачцэ было паўтара годзіка, здарылася трагедыя: яна абгарэла, я тушыў яе сваімі рукамі… Страту Алесі перажываў цяжэй за ўсё. Боль трэба было чымсьці заглушыць. Я выбраў самы просты шлях — пачаў зазіраць у бутэльку. Але гэта поўны самападман. Алкаголь не вырашае праблему, хутчэй наадварот.

Дзякуй богу, своечасова спыніўся, зразумеў, што іду не туды, што «зялёны змей» павольна мяняе забівае. І цалкам адмовіўся ад спіртнога, жыву ў поўнай цвярозасці амаль дзевяць гадоў.

Каб адштурхнуцца ад дна, трэба проста прызнаць, што ў цябе ёсць праблема. Як толькі ты прызнаеш — ёсць шанц. А далей — штодзённая праца над сабой. Бо залежнасць ад алкаголю — гэта на ўсё жыццё. Ад гэтай хваробы немагчыма вылечыцца цалкам.

Трэба проста навучыцца расслабляцца, вырашаць свае праблемы іншым чынам. Многія саромеюцца прызнацца сабе, што яны алкаголікі. «Вунь гэты, які ў канаве валяецца, — п’яніца. А я яшчэ не». Тым самым адкладваюць вырашэнне праблемы на неакрэсленае «заўтра». А яна з кожным днём толькі нарастае.

Ксёндз Булька памяняў светапогляд многіх людзей, і я не выключэнне. Ён прапаведаваў цвярозы лад жыцця, дзякуючы яму ў нашай мясцовай краме не прадавалі алкаголь. На той момант я яго не разумеў. Думаў, што ён прыехаў і нешта сваё нам тут навязвае. Але жыццё паказала, што святар меў рацыю.

Сёння ў мяне ёсць акружэнне маіх сяброў — тых, што жывуць у поўнай цвярозасці. Разам аднавілі групу ананімных алкаголікаў тут у Глыбокім, дапамагаем такім жа, як мы. Летась правялі на сядзібе семінар міжнароднага маштабу, дзе можна было падзяліцца сваім досведам.

Да мяне часта звяртаюцца людзі, якія хочуць пазбавіцца ад залежнасці, я ахвотна ім дапамагаю, накіроўваю. Некаторыя наіўна спадзяюцца на чароўную таблетку.

Думаюць, вось з’езджу закадзіруюся і не буду піць. Але гэта так не працуе. Кадзіроўка можа стаць першым крокам на шляху да новага жыцця. Але толькі гэтым праблему не вырашыш. Ведаю выпадкі, калі мужчына не піў і 10, і 25 гадоў, а потым д’ябал спакусіў і сарваўся…

Важна, каб чалавек сам шчыра захацеў вырвацца з балота. А для гэтага трэба цалкам памяняць сваё жыццё. Многія баяцца: а што скажуць людзі? Ні адзін твой сапраўдны сябар цябе не асудзіць. А вось псеўдасябры адваляцца імгненна, вось убачыш.

Мінулага ўжо няма, будучыні яшчэ няма. Ёсць толькі сёння, цяпер. Я пастаянна шукаю, як мне сабе дапамагчы. 14 дзён галадаў, ачышчаў свой арганізм пры дапамозе «часночнага метаду Чынгісхана», амаль год загартоўваюся ў халоднай вадзе. І Божачка пасылае мне патрэбных людзей, сустрэчы.

Я ні аб чым у сваім жыцці не шкадую. Больш за тое, удзячны Богу, што ён мне даў магчымасць атрымаць залежнасць ад алкаголю, каб ацаніць і прыйсці да таго, што ёсць сёння. Мне трэба было дайсці да самага дна, каб адштурхнуцца. Без цяжкасцяў я, хутчэй за ўсё, быў бы іншым чалавекам.

Грошы для мяне не мэта, а сродак — для жыцця і для рэалізацыі сваіх ідэй. Я іх у кішэнях не збіраю, жыву як усе. Грошы — гэта энергія, яны павінны працаваць, несці святло і дабрыню.

На сваёй сядзібе я адмовіўся ад продажу алкаголю. Да гэтага рашэння прыйшоў не адразу. Спачатку як усе думаў: гэта ж бізнэс, выгада, прыбытак. Па-іншаму ніяк. Але разам з тым адчуваў, што нешта не так. Мучыўся, не ведаў, як вырашыць сваю ўнутраную праблему. А потым Божачка падказаў мне адзінае правільнае рашэнне.

На сёння я з чыстым сумленнем прымаю гасцей, частую іх абедамі, ладжу ім вяселлі, юбілеі… Алкаголь яны могуць з сабой прыносіць, гэта іх выбар, але я не буду зарабляць на гэтым. На першы погляд ты быццам бы страчваеш. Але мы не ведаем, колькі Бог можа даць нам узамен… Як кажуць, не страціўшы — не знойдзеш.

Калісьці я думаў, што ўсе ўзнагароды, намінацыі, прызнанне, поспех — гэта выключна мая заслуга. Святар часта на пропаведзях кажа, што асноўная прычына, якая аддаляе нас ад Бога, — чалавечая пыха. Цяпер я разумею, што ўсё, што раблю, гэта заслуга Госпада. Менавіта Ён накіроўвае мяне, дае мне шанц нешта рабіць. Гэта можна параўнаць з сімфанічным аркестрам. Здаецца, сабраліся разам сто таленавітых музыкаў. А выдалі дырыжора — і ўсё разваліцца.

Жыццё ў пяцьдзясят, я так зразумеў, толькі пачынаецца. Летась адзначыў гэтую круглую дату. І мяне зусім неспадзявана апанавала апатыя, думкі, што ўжо пражыў большую палову жыцця.

А потым згадаў таго самага ксяндза Бульку. Ён прыехаў у Мосар у 64 гады, можна сказаць, пачаў новае жыццё на новым месцы. Колькі духоўнай работы ён паспеў правесці, колькі пасеяў добрых «зярнятак»! Ён пражыў шчаслівае жыццё. А многія ўжо сябе «спісваюць» у такім узросце. Я не хачу быць у іх ліку. Таму на сёння ў мяне планаў і ідэй яшчэ на шмат гадоў наперад.

— Калі б вам далі мільён долараў, на што б вы яго патрацілі?

— У мяне на сёння тут на сядзібе ёсць шмат незакрытых ідэй. Першым чынам я паскорыў бы іх рэалізацыю.

У прыватнасці, да пачатку XІX стагоддзя Глыбокае, а дакладней яго частка, належала роду Радзівілаў. У нашым горадзе быў нават замак, але яго разбурылі яшчэ падчас Паўночнай вайны. Таму мы вырашылі ў сядзібе адрадзіць радзівілаўскую кухню. Нядаўна прыязджала экспертка, аўтарка кнігі «Шляхецкая кухня» Алена Мікульчык, і мы ўжо пачалі работу над новым меню.

Акрамя таго, мару адкрыць яшчэ адну сядзібу каля маляўнічага возера за дзесяць кіламетраў ад Глыбокага. Там у 1905 годзе купіў участак і абсталяваўся мой прадзед, і праз сто гадоў я туды трапіў нейкім чынам. У мяне там цяпер тры гектары зямлі, дзе я ўжо пабудаваў шэсць домікаў…

Не хачу раскрываць усе задумы. Бо ідэі, як і шчасце, любяць цішыню. Але там будзе цікава. Сёння ў мяне ў горадзе шэсць інвестпраектаў. Пабудаваў гасцініцу, кавярню, адкрыў лесапілку, узяў пад крыло запушчаны парк — ператварыў яго ў рай на зямлі, здаю ў арэнду гаражы, дзе нашы гараджане могуць арганізаваць новы бізнэс.

Хацеў бы стварыць у Глыбокім тэхнапарк, куды можна прыехаць парамантаваць ды памыць машыну, і каб побач была гасцініца — камфортнае месца для адпачынку. І гэта зноў-такі будуць новыя рабочыя месцы. Мая мара — каб людзі не з’язджалі адсюль, заставаліся і працавалі на карысць сваёй радзіме.

«Цэны павышаць няма сэнсу — застанешся без турыстаў». Як аграсядзібы рыхтуюцца да новага сезона і чаго чакаюць ад яго

«Камфорт арганізаваць можна такі ж самы, што і ў горадзе». Тры гісторыі пра тое, як жывуць у вёсках узімку былыя гараджане

«Лічу сябе самым шчаслівым чалавекам на зямлі». Як жыве жанчына пасярод балота

«Не хапіла майго жыцця, каб нешта самавітае зрабіць». Фермер расказаў, ці можна ў Беларусі разбагацець, гадуючы авечак

«Хочаце эканомна расходаваць сямейны бюджэт — ежце, як елі нашы продкі». Так раіць выбітная кухарка, выпрабаваўшы ўсё на сабе

Nashaniva.com