Беспілотнікі паралізуюць поле бою ў вайне ва Украіне
Танныя беспілотнікі змянілі саму сутнасць сучаснага ваеннага канфлікту так, як танкі змянілі поле бою падчас Першай сусветнай вайны. На лініі расійска-ўкраінскага фронту іх цяпер так шмат, што войскі абодвух бакоў не маюць магчымасці перамяшчацца.
14.04.2024 / 22:06
Украінскія вайскоўцы аналізуюць відэа ад беспілотнікаў. Фота: AP Photo/Libkos
Як піша выданне The Washington Post, беспілотнікаў, якія патрулююць неба над лініяй фронту ва Украіне, так шмат, што ва ўкраінскіх і расійскіх войскаў практычна няма магчымасці перасоўвацца па полі бою.
Па словах камандзіра падраздзялення беспілотнікаў у 92-й брыгадзе ўкраінскіх войскаў Аляксандра Нясценкі, якога цытуе выданне,
рост колькасці малых беспілотнікаў на Украіне ператварыў тэрыторыю па абодва бакі ад «нулявой лініі», якую звычайна называюць «шэрай зонай», у «зону смерці». Той, хто асмеліцца перасоўвацца днём ці ноччу пад пільным наглядам варожых беспілотнікаў, «гіне адразу».
Па словах вайскоўца, адносна танныя беспілотнікі змянілі сучасную вайну. Спачатку яны далі перавагу Украіне, але потым расійскі бок пачаў масава вырабляць уласныя дроны.
Начальнік штаба кампаніі BRINC Drones, якая пастаўляе абсталяванне ва Украіну, Эндру Катэ (Andrew Coté) лічыць, што дроны змянілі гэту вайну, як танкі ў гады Першай сусветнай вайны, і дадае:
«Тое, што мы назіраем цяпер, — гэта бліцкрыг беспілотнай вайны. Гэта даволі патавая сітуацыя, таму што, калі вы знаходзіцеся на адкрытай мясцовасці, за вамі будуць паляваць».
Насычэнне беспілотнікамі, многія з якіх абсталяваны цеплавізарамі, значна скараціла прастору, па якой войскі могуць бяспечна перасоўвацца, што прывяло да вялікіх страт у апошнія месяцы і ў значнай ступені перашкодзіла абодвум бакам здзейсніць сур'ёзныя прарывы.
Аператар дронаў Nepal з 45-й брыгады, з якім размаўляў аўтар артыкула, заявіў, што велізарная колькасць беспілотнікаў азначае, што поле бою «амаль празрыста з абодвух бакоў».
Значныя цяжкасці ўносяць сістэмы глушэння, якія ператвараюць экраны аператараў FPV-дронаў у статычныя выявы. У такіх сітуацыях яму даводзіцца паражаць цэлі «амаль усляпую».
Як заўважыў у размове з журналістам выдання камандзір падраздзялення беспілотнікаў 45-й брыгады Fox, калі мінулай восенню яны маглі свабодна кіраваць сваімі апаратамі, знішчаючы расійскія цэлі, то зараз, з-за перашкод, дроны часта не могуць праляцець больш за адну мілю, як іх экраны становяцца шэрымі.
Неба запоўнена расійскімі беспілотнікамі. Па словах іншага камандзіра падраздзялення беспілотнікаў, у радыусе 10 кіламетраў мяжы знаходзіцца 100 разведвальных і ўдарных беспілотнікаў, якія лётаюць туды-сюды. Самае складанае — зразумець, украінскія гэта беспілотнікі ці расійскія.
Хоць украінскія сістэмы перашкод дапамагаюць зрываць расійскія палёты, але таксама перашкаджаюць палётам сваіх.
У той жа час расійскі бок, ведаючы каштоўнасць пілотаў беспілотнікаў, нацэльвае на іх авіяцыйныя кіраваныя бомбы і сістэмы «Град».
Аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды, ва ўмовах абмежаванасці ўзбраенняў Украіна працягвае спадзявацца ў асноўным на беспілотнікі ў імкненні ўскладніць прасоўванне расійскіх войскаў.
Паміж Расіяй і Украінай ідзе вайна беспілотнікаў нечуванага маштабу
Украіна купляе дроны для ўдараў па Расіі ў Кітая
Украіна мае наземны дрон, які падрывае масты на Данбасе
Украіна зможа атакаваць Урал і Запаляр'е. Дроны ўжо на падыходзе