Адзін з кіраўнікоў БХД абвінаваціў Рымашэўскага ў фальсіфікацыі подпісаў на выбарах-2010. Той адказаў

Абодва апелююць да Паўла Севярынца, які знаходзіцца ў турме і не можа адказаць.

24.04.2024 / 11:19

Георгій Дзмітрук і Віталь Рымашэўскі.

Канфлікт унутры былога актыву аргкамітэта партыі БХД працягваецца. Георгій Дзмітрук абвінаваціў Віталя Рымашэўскага ў тым, што БХД сфальсіфікавала больш за пяць тысячаў подпісаў на выбарах у 2010-м. Распыталі абодва бакі канфлікту.

Георгій Дзмітрук, які быў сустаршынёй у Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, выступіў з сенсацыйнай заявай:

«Ці сабраў неабходную колькасць подпісаў Віталь Рымашэўскі на выбарах 2010 года? Адказ: не. Было сабрана каля 95 тысяч рэальных подпісаў. Як заўсёды, падвяла Мінская вобласць. Не хапала 5 тысяч подпісаў. Іх Рымашэўскі «намаляваў». Рэгіянальныя актывісты БХД, асабліва з Брэсцкай вобласці, былі сапраўднымі малайцамі!»

Дзмітрук піша, што Віталь Рымашэўскі не мае дачынення да БХД, як і Вольга Кавалькова, Алег Аксёнаў і Дзяніс Садоўскі. Цяпер старшыня БХД — гэта Павал Севярынец, а Дзмітрук захаваў сустаршынства ў партыі.

Версія Георгія Дзмітрука

Георгій Дзмітрук. Фота з ягонага фэйсбука

Распыталі ў яго, чаму ён так доўга маўчаў і што адбылося ў партыі.

«Як з 95 тысячаў подпісаў атрымалася 100 тысячаў — я не ведаю. Трэба запытацца ў Віталя Рымашэўскага або ў Дзяніса Садоўскага. Я займаўся Брэсцкай вобласцю і аддаваў подпісы Дзянісу Садоўскаму.

Пра тое, што подпісы не былі сабраныя, я ведаў і раней. Але я пра гэта не казаў, бо мяне ніхто не пытаўся. Калі няма пытання, то няма на яго і адказу.

А вырашыў расказаць пра гэта пасля відэа Юрыя Беленькага (Юрый Беленькі — намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі «Беларускі Народны Фронт», якую ўзначальвае Зянон Пазняк. У відэа ён вінаваціць Віталя Рымашэўскага ў больш чым 20-гадовым стажы працы на КДБ. — «НН»).

Беленькі хоць і жыве ў ЗША, але заўважыў, што выключэнне з БХД двух сустаршыняў праігнаравалі беларускія медыя, і ў гэтым ёсць карупцыйны складнік (насамрэч адна толькі «Наша Ніва» прысвяціла гэтаму два матэрыялы — «НН»). І да мяне звярнуліся былыя партыйцы, якія папрасілі расказаць праўду пра тое, што адбываецца.

Увогуле я лічу, што многія структуры, якія цяпер у эміграцыі, мусяць прайсці шлях ачышчэння. Таму я зрабіў невялікую нататку, у якой пералічыў пяць фактаў пра БХД. Вось такую добрую мэту я пераследваў.

Таксама яны кажуць пра тое, што мяне быццам выключылі з партыі, але гэта хлусня. Хай яны адкажуць, хто, калі і па якой працэдуры выключыў мяне з партыі. У нас ёсць з'езд, у нас ёсць управа і нацыянальная рада, якую мы сабраць не можам. І ніхто з іх не можа ўцямна адказаць, хто ж мяне выключыў з партыі.

Ці, можа, мяне ў КДБ выключылі з партыі? Хай таксама тады раскажуць пра гэта.

Калі мы выключалі Рымашэўскага, Кавалькову, Аксёнава і Садоўскага, то быў з'езд БХД і была вытрыманая працэдура. Мы запрашалі іх на з'езд, але яны яго праігнаравалі.

І нават калі ўявіць, што мяне выключылі, то гэта ж не я сам іх выключаў. Гэта зрабіў з'езд, дзе акрамя мяне былі людзі.

Аніякага расколу і канфлікту не было. Пакуль мы патроху пераязджалі ў Еўропу, яны сышлі з БХД у іншыя структуры і заняліся сваімі справамі, там цэлая куча арганізацыяў.

Менавіта таму іх і выключылі — яны не займаліся справамі БХД, але прадстаўляліся сябрамі партыі. Таксама яны забралі сабе былыя сродкі камунікацыі партыі: сайт і сацсеткі.

Партыя патрабуе доўгай і руціннай працы, на гэтым надта не папіярышся. Трэба працаваць з людзьмі, праводзіць з'езды і мерапрыемствы. А яны гэтым не займаліся і адмаўляліся адказваць перад партыяй. Мы насамрэч не супраць, каб яны займаліся сваімі справамі, але навошта ім тады БХД?

Яны прад'яўляюць да нас прэтэнзіі наконт таго, што мы дзейнічаем як БХД і, быццам, падстаўляем людзей, дзейнічаючы ад імя незарэгістраванай структуры.

Яшчэ ў Беларусі была дамова пра тое, што мы дзейнічаем унутры Беларусі як «аргкамітэт партыі БХД», бо яна не была зарэгістраваная.

У нас было сем з'ездаў і пасля кожнага з іх узнікаў аргкамітэт партыі БХД. Пасля сёмай адмовы ў 2018-м годзе аргкамітэт быў распушчаны. Таму насамрэч ніхто цяпер не мае права называць сябе ўдзельнікам аргкамітэта БХД.

Але за мяжой мы з'яўляемся партыяй БХД, якая існуе на еўрапейскім узроўні з 2008-га года. Менавіта яна ўваходзіць у міжнародныя структуры. Віталь Рымашэўскі жа прадстаўляецца ўдзельнікам аргкамітэта партыі БХД, якога насамрэч ужо не існуе. Таму гэта маніпуляцыя. А мы дзейнічаем легальна і адкрыта».

Адказ Віталя Рымашэўскага

Віталь Рымашэўскі. Фота «Нашай Нівы»

Віталь Рымашэўскі таксама адказаў і настойліва папрасіў пакінуць ягоны адказ без рэдактуры, што мы і робім:

«Усю выбарчую кампанію, уключна са зборамі, праверкай подпісаў, арганізоўваў Павал Севярынец як кіраўнік выбарчага штабу. Тыя, хто хоць крыху знаёмы з працэсам выбарчай кампаніі, разумеюць, што ў кандыдата не застаецца часу ні на што, акрамя сустрэч з выбарцамі, падрыхтоўкі інтэрв’ю і выступаў на тэлебачанні.

Давяраю Паўлу Севярынцу на 100% і лічу, што ўсё магчымае для праверкі подпісаў перад іх падачай было зроблена.

Адзначу, што 14 гадоў Георгій не толькі не выступаў з падобнымі заявамі, але і падтрымліваў выбарчую кампанію, карыстаўся магчымасцю ўласнага піяру падчас кампаніі, выступаючы на сустрэчах у якасці маёй даверанай асобы.

Робячы зараз такія заявы, Дзмітрук паклёпнічае на сотні актывістаў, якія збіралі подпісы, і на Паўла Севярынца, які знаходзіцца ў турме ў поўнай ізаляцыі і не можа адказаць. Ніякай сувязі Дзмітрук з ім не мае.

Ён не проста прыкрываецца яго імем без згоды, але і сваімі неразумнымі дзеяннямі падстаўляе Паўла пад магчымыя новыя крымінальныя абвінавачванні.

На сёння Дзмітрук выключаны з БХД. Ён парушыў правіла, прынятае Нацыянальнай Радай партыі, пасля ўвядзення ў 2021-м крымінальнай адказнасці за дзеянні ад імя незарэгістраванай арганізацыі — не рабіць заяваў ад імя БХД, бо гэта небяспечна для людзей унутры краіны.

За парушэнне гэтага правіла чалавек аўтаматычна выключаецца з партыі (раней у той частцы БХД, якую прадстаўляе Віталь Рымашэўскі, казалі, што гэта зрабіла Нацыянальная рада. — «НН»).

Адзначу, што падобныя рашэнні прынятыя і іншымі партыямі — таму пасля пазбаўлення рэгістрацыі не ўбачыце заяваў ні ад імя АГП, ні ад сацыял-дэмакратаў і іншых. Бо кіраўніцтва гэтых арганізацый турбуецца аб абароне сваіх чальцоў — гэтак жа як і БХД.

Мне складана каментаваць усе дзеянні і заявы былога сябра нашай партыі Дзмітрука, бо не маю часу нават сачыць за імі. Георгій быў абсалютна неактыўны ў партыі з 2011 года. Гэта факт, які можа праверыць любы ахвотны, проста прагугліўшы актыўнасць, звязаную з БХД, і асабістую палітычную актыўнасць Георгія за 2011-2020 г.

Аднак пасля сваёй эміграцыі ў Польшчу Дзмітрук раптам стаў рабіць вельмі шмат палітычных заяваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку. На жаль, у асноўным яны тычацца нападак на былых калегаў і паклёпаў. 

Георгій зарэгістраваў фонд у Польшчы, які назваў «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», і спрабуе ўводзіць у зман людзей, што ён нібыта дзейнічае ад імя партыі БХД, што нібыта ён правёў з'езд БХД. Хоць, згодна са статутам БХД — склікаць з'езд мае права толькі Нацыянальная Рада.

На сёння — гэта больш за 60 чалавек, якія ў большасці сваёй знаходзіцца ўнутры Беларусі і якіх Дзмітрук нават не трымае ў курсе пра свае дзеянні. Дзмітрук падстаўляе ўсіх тых людзей, якія да гэтага часу знаходзяцца ў краіне, а таксама палітзняволеных хрысціянскіх дэмакратаў. А іх больш за 10 чалавек. Перакананы, што Георгій нават не ведае іх імёнаў.

Мне шкада, што падобныя рэчы адбываюцца, што чытачы «Нашай Нівы» ў чарговы раз павінны чытаць пра дробныя сваркі, выкліканыя нерэалізаванымі амбіцыямі асобных беларускіх грамадскіх актывістаў. Са свайго боку, я дарую Георгію ўвесь той паклёп і бруд, які ён вылівае ў адносінах да мяне ў публічную прастору. Няхай суддзямі будзе сумленне і Бог, якім ён так часта прыкрываецца.

Заклікаю тых, хто будзе чытаць гэты тэкст, не расчароўвацца і не апускаць рук у сваёй барацьбе за новую Беларусь, быць актыўнымі і салідарнымі, верыць, давяраць. І любіць Беларусь і беларусаў».

А днямі на сайце БХД (той часткі, якую прадстаўляе Віталь Рымашэўскі) выйшла заява, у якой Дзмітрука яшчэ раз называюць самазванцам і заклікаюць не супрацоўнічаць з ім.

Чытайце таксама:

БХД прызнала Севярынца адзіным лідарам партыі, а Рымашэўскага, Кавалькову і Садоўскага выключылі

Разборкі ў БХД: перасвараныя партыйцы выганяюць адно аднаго з арганізацыі

Кавалькова кажа, што не вярталася ў Беларусь і нікога не здавала

Nashaniva.com