БХД прызнала Севярынца адзіным лідарам партыі, а Рымашэўскага, Кавалькову і Садоўскага выключылі
10 лютага ў Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі адбыўся зʼезд партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
На зʼездзе БХД прынялі рашэнне аб выключэнні з партыі былых сустаршыняў Віталя Рымашэўскага, Вольгу Кавалькову, Дзяніса Садоўскага, а таксама былога кіраўніка Магілёўскай абласной арганізацыі БХД Алега Аксёнава. Гэта XVIII зʼезд партыі і першы ў замежжы, піша Радыё Свабода.
З'езд адкрыў кіраўнік беластоцкай суполкі Партыі БХД Сяргей Верамеенка. На з'ездзе прысутнічалі прадстаўнікі іншых партый, грамадскіх арганізацый і ганаровыя госці, якія выступілі перад удзельнікамі зʼезда.
Гэта сябра рэфармацкай партыі SGP Эверт Босма з Нідэрландаў, прадстаўнік Беларускага народнага фронту Віталь Макаранка, лідар сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Яўген Вільскі і іншыя.
З праграмнымі прамовамі выступілі кіраўнік варшаўскай суполкі БХД Яўген Дудкін і сустаршыня Партыі БХД Георгі Дзмітрук.
На зʼездзе былі прынятыя рашэнні:
- аб прызнанні Паўла Севярынца адзіным лідарам Партыі БХД;
- аб захаванні сустаршынства ў Партыі; сустаршынямі застаюцца Павал Севярынец і Георгі Дзмітрук;
- аб выключэнні з партыі БХД былых сустаршыняў Віталя Рымашэўскага і Вольгі Кавальковай, былога адказнага сакратара Дзяніса Садоўскага, а таксама былога кіраўніка Магілёўскай абласной арганізацыі БХД Алега Аксёнава;
- аб падтрымцы еўраінтэграцыі Беларусі ў Еўрапейскі Саюз і NATO;
- аб прызнанні Беларусі часова акупаванай тэрыторыяй з боку Расейскай Федэрацыі.
- аб вылучэнні спісу кандыдатаў на на выбары ў Каардынацыйную раду.
На з'ездзе выбралі Управу партыі і прынялі рашэнне аб фармаце.
Каментары