Полк Каліноўскага: «Мікола» пакуль не звольнены, а нашы байцы не могуць балатавацца ў Каардынацыйную раду

Полк Каліноўскага выступіў з афіцыйнай заявай датычна «агульнага сходу байцоў», які ініцыяваў Дзяніс «Кіт» Прохараў. Калі правіла пра няўдзел у выбарах у Каардынацыйную раду захаваецца, то полк давядзецца пакінуць намесніку камандзіра Вадзіму Кабанчуку.

24.04.2024 / 17:58

З правага боку Дзяніс «Кіт» Прохараў. Фота прэс-службы ПКК

Сёння мы пісалі пра магчымае звальненне з Палка Каліноўскага Міколы Дземідзенкі з пазыўным «Мікола». У заяве палка гэта абвяргаецца.

Згодна з заявай, байцы ПКК — частка Замежнага легіёна ГУР Украіны, дзе афіцыйна працаўладкаваныя ўсе ваяры. І не існуе працэдуры, па якой агульны сход байцоў можа некага звольніць або прыняць на працу. А кіруе палком Рада камандзіраў, якую абіраюць байцы, агульны сход жа зроблены як інструмент абмену меркаваннямі.

Пытанне па тым, ці будзе «Мікола» надалей у палку, яшчэ вырашаецца.

Таксама полк даводзіць, што Рада камандзіраў нядаўна прыняла рашэнне, згодна з якім ПКК не ўдзельнічае ў выбарах у КР. Таксама яна вырашыла, што ўсе байцы, якія хочуць балатавацца ў КР, мусяць пакінуць полк. І агульны сход не можа адмяніць гэтае рашэнне.

Калі правіла датычна КР не будзе адмененае, то полк давядзецца пакінуць аднаму з самых вядомых яго байцоў і намесніку камандзіра палка Вадзіму Кабанчуку. Ён балатуецца ў КР са сваім спісам «Воля».

Да таго ж, у агульным сходзе, які 22 красавіка ініцыяваў Дзяніс «Кіт» Прохараў, паўдзельнічалі не ўсе байцы палка і нават не большасць байцоў. Гэта, па меркаванні ПКК, дадаткова ставіць пад сумнеў легітымнасць прынятых там рашэнняў.

Чытайце таксама:

З Палка Каліноўскага выключылі Міколу Дземідзенку, аднаго з яго заснавальнікаў? Расказваем усё, што вядома

У палку Каліноўскага няма згоды, калатнеча ідзе адносна выбараў у Каардынацыйную раду

Ці рэальна абмяняць беларускіх палітвязняў на расійскіх ваеннапалонных? Тлумачыць Кабанчук

Nashaniva.com