«Пасля кампрамісу з камуністамі Пазняк не здолеў бы ўтрымацца на чале БНФ». Навумчык адказвае на артыкул у «НН»

Паплечнік Зянона Пазняка, журналіст Сяргей Навумчык у фэйсбуку падрабязна разбірае артыкул «Тры памылкі Пазняка, у выніку якіх гісторыя Беларусі пайшла так, як пайшла».

26.04.2024 / 08:44

Зянон Пазняк. Фота: Наша Ніва

Апублікаваны ў «Нашай Ніве» артыкул Міколы Бугая «Тры памылкі Пазняка, у выніку якіх гісторыя Беларусі пайшла так, як пайшла», я мог бы аспрэчваць ня тое што па кожным з трох тэзісаў — па амаль кожным абзацу.

Пры ўжо заўважаным прафэсійнымі журналістамі майстэрскім стылі (што выяўляе ў аўтары зусім не дылетанта), адзначу яшчэ адну адметнасьць тэксту: у ім закранаюцца, пераважна, узаемаадносіны паміж рознымі групамі палітычнай і кіруючай эліты пачатку 90-х.

Гэта досыць рэдкая зьява: роля элітаў звычайна ігнаруецца, як правіла, абмяжоўваюцца тэмай «асоба і масы». Тады як — і тут пагаджуся з аўтарам — у вызначальныя часы ад элітаў залежыць вельмі шмат. Калі ўвогуле ня ўсё. 

Увогуле, спрэчка на тэмы гісторыі, у тым ліку і найноўшай — справа карысная. Але пры ўмове, што аргумэнты абапіраюцца на канкрэтныя факты, а дзеючыя асобы падаюцца такімі, якія яны былі ў канкрэтны гістарычны пэрыяд, а ня тымі, якімі зрабіліся пазьней ці якімі ўяўляюцца. 

І вось тут, як мне падаецца, аўтар робіць памылкі.

Два прыклады. Шаноўны аўтар піша, што трэба было «размаўляць», «разумець інтарэсы» і нават «адстойваць» інтарэсы групы такіх, як Сямён Шарэцкі. Маюцца на ўвазе дырэктары саўгасаў і старшыні калгасаў, сярод якіх Шарэцкі ўяўляецца аўтару самым прагрэсіўным. 

Але Шарэцкі ў 1994-м, яшчэ ня будучы старшынём ВС-13, асуджаў падпісаньне Белавескіх пагадненьняў, а стаўшы сьпікерам, вітаў падпісаньне Ельцыным і Лукашэнкам дамовы аб утварэньні т.зв.беларуска-расейскай супольнасьці 2 красавіка 1996 і нават назваў гэты дзень самым шчасьлівым у жыцьці. Так, у другой палове 1996 ён ужо казаў іншае. Але якія «інтарэсы» Шарэцкага ўзору пачатку 90-х мусіў адстойваць БНФ?

Альбо папрок у непадтрымцы Пазьняком Шушкевіча, «несумненнага беларускага патрыёта». 

Насамрэч, БНФ падтрымліваў Шушкевіча на выбарах у 1989 і 1990, на выбарах першым намесьнікам старшыні ВС-12 у 1990, выбарах старшынём ВС у 1991. Мы блякавалі спробы наменклатуры адправіць яго ў адстаўку летам 1993 (удалося) і зрывалі галасаваньне ў студзені 1994 (не ўдалося, бо супраць Шушкевіча ўжо галасавалі Ганчар, Булахаў і група Карпенкі).

Пры гэтым, Шушкевіч «зарубіў» ініцыяваны БНФ рэфэрэндум у 1992 годзе, выступаў за аб'яднаньне грашовых сыстэмаў Беларусі і Расеі ў 1993 і, нарэшце, падпісаў пагадненьне аб далучэньні да сыстэмы АДКБ, што фактычна і ўцягнула Беларусь у арбіту вайсковых інтарэсаў Масквы. Неяк не зусім спалучаецца з беларускім патрыятызмам, не знаходзіце? Але мы разумелі: калі здымуць Шушкевіча — будзе горш. 

А вось калі ён ужо быў зьняты, даверу да яго як да палітыка ўжо не было. Таксама нагадаю, што менавіта дэпутаты, якія падтрымлівалі Шушкевіча, у апошні момант адклікалі свае подпісы за Карпенку — што і не дазволіла зарэгістраваць апошняга ў якасьці кандыдата.

Вышэйназваныя дзеяньні Шушкевіча (і ня толькі яны) вясной 94-га не дазвалялі ўспрымаць яго ў якасьці пасьлядоўнага і надзейнага палітыка, які б адстойваў інтарэсы Беларусі.

Ня ведаю, зь якой колькасьцю дэпутатаў ВС-12, кіраўнікоў ураду, рэгіёнаў даводзілася быць знаёмым аўтару артыкулу. Мне за шэсьць гадоў дэпутацтва прышлося сумаўляцца практычна з усімі. 

Гэта былі — на 80% — людзі прарасейскай арыентацыі, якія не падтрымлівалі дзяржаўную незалежнасьць. (Аўтар, дарэчы, памыляецца, кажучы, што і паплечнікі Пазьняка, магчыма, глядзелі на незалежнасьць як на часовую з'яву. Не, мы былі перакананыя, што Незалежнасьць — назаўжды). 

Я кажу пра асноўную масу чынавенства, бо і ў дэпутацкім корпусе, і ў апараце ўраду была група, якая сьвядома і мэтадычна, і даволі прафэсійна, працавала на Маскву, рабіла прыблізна тое, што, як цяпер пацьверджана, дзесяцігодзьдзямі рабіла маскоўская агентура ва Ўкраіне — і ў дзяржапараце, і ў сілавых структурах. 

Між іншым, а Мікола Бугай ніколі не задумваўся, чаму першы старшыня КДБ РБ генэрал-палкоўнік Шыркоўскі пасьля сваёй адстаўкі пераехаў на жыхарства ў Маскву?

І чаму потым кожны другі кіраўнік КДБ пераяжджаў у сталіцу Расеі?

Большасьць дэпутатаў, па-першае, успрымалі незалежнасьць як недарэчнасьць, а па-другое, не ўяўлялі прыняцьце колькі-небудзь істотных рашэньняў у кантэксьце менавіта самастойнасьці Беларусі.

І, бадай, галоўнае: яны не былі палітыкамі, не мысьлілі палітычнымі катэгорыямі, на неабходнасьць прымаць удзел у сэсіях яны глядзелі як на прыкры абавязак, а вось пайсьці ў перапынку да віцэ-прэм'ера і «выбіць» у яго будматэрыялы — гэта так, карысная і вартая дэпутата справа.

Адносна ж кіраўнікоў у цэлым, бадай пагаджуся з аўтарам, што шмат хто зь іх марыў стаць уладальнікамі бізнэсаў, капіталістамі, іншымі словамі, канвэртаваць свой дэпутацкі мандат ці сваю пасаду ў грошы ды матэрыяльныя даброты. 

Аўтар папракае Пазьняка «бессарэбніцтвам» (першы раз чую, каб такім папракалі) і тым, што не зразумеў звычайнага, такога чалавечага жаданьня палітычных апанэнтаў.

Што на гэта можна сказаць? З гледзішча сёньняшняга дня, я б у верасьні 91-га даў кожнаму з нашых апанэнтаў па мільёну даляраў (прыняўшы папраўку ў бюджэт), — пры ўмове, што яны складуць свае дэпутацкія паўнамоцтвы, і да Дому ўраду ня будуць падыходзіць бліжэй, чым як толькі ў Чырвоны касьцёл, памаліцца.

Якраз у той час Пазьняк выступіў з ідэяй датэрміновых парлямэнцкіх выбараў («новая краіна — новая ўлада»), і ўвосень 91-га, на хвалі народнага энтузыязму, новы парлямэнт быў бы непараўнальна больш дэмакратычны. 300 мільёнаў — зусім невялікія грошы за прадухіленьне ўсяго таго, што потым было наканавана народу Беларусі. 

Але вось у чым справа: кожны, хто прапанаваў бы падобны варыянт, быў бы разарваны, як толькі выйшаў бы за сьцены Дому ўраду. 

Наконт «кожнаму камуністу — па мільёну» — гэта, вядома, жарт. Але практычна і ўсе тыя «кампрамісы», якія прапануе Мікола Бугай з Кебічам, з «чырвонымі памешчыкамі», выклікалі б нэгатыўную рэакцыю ня толькі БНФ, але і ўвогуле прыхільнікаў якіх-небудзь дэмакратычных пераменаў.

Па шчырасьці не ўяўляю, як пасьля «кампрамісу» з камуністамі Пазьняк здолеў бы ўтрымацца на чале Фронта. І як увогуле хто-небудзь з такой ідэяй мог бы прэтэндаваць на лідарства ў БНФ узамен яго.

Аўтар публікацыі не ўлічвае фактар, які заўсёды адыгрывае вельмі важную і вызначальную ролю, але часта не бярэцца ў разьлік: настроі грамадзтва і эмацыйны фон. 

Немагчымыя былі ніякія «кампрамісы» з камуністамі ў тым іх выглядзе, якімі яны былі ў Беларусі. Гэта азначала б толькі адно: зьнікненьне БНФ як палітычнай арганізацыі.

Хаця зусім не выключаю, што акурат такі варыянт і хацеў бы дапусьціць Мікола Бугай, проста ўспрымалася б ужо, як той казаў, занадта.

«Лагічна было б дзейнічаць па-мінімалісцку, а не па-максімалісцку, ставіць мінімальныя, а не максімальныя задачы і хапацца за любыя кааліцыі і саюзы, — піша аўтар. — Або нават ціха спрыяць захаванню ўлады Кебічам, даць час грамадству вырасці».

«Ціха спрыяць захаваньню ўлады Кебічам» — гэта тое самае, як у 2020 годзе прапанаваць «ціха спрыяць захаваньню ўлады Лукашэнкі».

Бо ў пяпярэднія гады была і «мяккая беларусізацыя», і «макееўская лібералізацыя адносінаў з Захадам», і кожны дзень адбываўся ці канцэрт беларускага гурту, ці прэзэнтацыя кніг незалежных выдавецтваў, ці прэм'ера, ці адкрыцьцё выставы, а ў Менску і некаторых гарадах працавалі крамы, дзе можна было свабодна набыць сувэніры з нацыянальнай сымболікай. Усё тое, што сёньня ўспрымаецца як сон. І галоўнае: тысячы не сядзелі ў турмах, дзесяткі тысяч не былі рэпрэсаваныя, сотні тысяч тых, хто пазней апынецца на выгнаньні — жылі на Бацькаўшчыне. 

Перанясіце сябе ў жнівень 2020 году і ўявіце, што вы прапануеце «ціха спрыяць захаваньню Лукашэнкі».

Можна, канешне, пайсьці і далей, у «канструктыў». Беларусь сёньня ў сытуацыі, калі ад анэксіі яе аддзяляе хіба толькі жаданьне або нежаданьне Пуціна. Ва ўсякім разе, пагроза страты дзяржаўнасьці вялікая, як ніколі.

Не апошняя прычына — тое, што Лукашэнка апынуўся пад поўным кантролем Масквы. І эканамічным, і палітычным.

І калі страшнае ўсё ж адбудзецца — ці не напіша праз 30 гадоў хто-небудзь у «Нашай Ніве», што Ціханоўскай трэба было «шукаць кампрамісу» з Лукашэнкам (бо «шанец на перамогу, калі ты слабы, даюць не белыя пальчаткі, а кампрамісы»? «Ісці на нераўнапраўны, а можа быць і прыніжальны саюз» з сілавікамі (Церцелам, Карпянковым, etc.) і «кашалькамі Лукашэнкі»?

Нарэшце, паляцець у Брусэль, Бэрлін, Вашынгтон і ўгаворваць заходніх лідэраў распачаць самае шырокае эканамічнае супрацоўніцтва з рэжымам, выдаткаваць яму мільярдную дапамогу — каб пазбыцца залежнасьці ад Пуціна. 

Не зьдзівіўся б, калі б праз 30 гадоў такая «прапанова ў мінуўшчыну» прагучала, і зь ёй бы пагадзіліся — так, не пайшла на «прыніжальны саюз», і вось вынік!

Але паспрабуйце прапанаваць гэта камандзе Ціханоўскай. І ўявіце сабе рэакцыю яе прыхільнікаў, калі б яна такую прапанову прыняла. 

(У дужках заўважу, што, на маё перакананьне, аслабленьне сувэрэннасьці — вынік 30-гадовага марыянэткавага — у інтарэсах Масквы — праўленьня Лукашэнкі. Да падзеяў жніўня 2020 стаўлюся як да рэалізацыі сьвятога права народа на паўстаньне супраць узурпатара. Іншая справа — непрафэсійныя дзеяньні кіраўнікоў штабу, сярод якіх практычна не было людзей з палітычным досьведам, і якія потым прызналіся, што сотні тысяч людзей на вуліцах былі для іх нечаканасьцю).

І яшчэ крыху пра тое, што ўяўляла кіроўная эліта 80-х — пачатку 90-х, зь якімі кіраўнікі БНФ мусілі шукаць паразуменьне, аж да «самапрыніжэньня».

Аўтар прыводзіць прыклады Літвы, Латвіі, Эстоніі і Малдовы. Але чамусьці ня ўзгадвае, што ў гэтых тагачасных савецкіх рэспубліках яшчэ ў сіле было пакаленьне, якое памятала, што такое грамадзянскія свабоды і прыватная ўласнасьць.

 І што кіраўнікі кампартыяў у іх (як і ў Украіне, якую ўзгадвае аўтар) былі арыентаваныя на дасягненьне незалежнасьці сваіх краінаў (я ўжо не кажу пра стаўленьне да роднай мовы). Прыклад — Бразаўскас, які ня толькі вывеў кампартыю са складу КПСС, але і падтрымаў ідэю поўнай дзяржаўнай незалежнасьці Літвы. А яшчэ — паспрыяў правядзеньню ў Вільні ўстаноўчага з'езду БНФ (кіраўніцтва КПБ праводзіць яго ў Менску забараніла).

Сярод беларускай камуністычнай намэнклятуры ўзроўню ад першага сакратара райкаму тых, хто сымпатызаваў ідэі нацыянальнага Адраджэньня, я магу пералічыць на пальцах адной рукі (літаральна). 

Адзін зь іх — мой бацька, які доўгі час займаў пасаду сакратара Віцебскага абкаму (але пры гэтым сябраваў з Бураўкіным ды Законьнікавым, быў у добрых адносінах з Быкавым і Броўкам, а Караткевіч запрашаў яго на свае сьвяты). Выбачаюся за нясьціпласьць, узгадваю гэта толькі таму, што ніжэй дам вельмі ўжо красамоўны прыклад таго, што ўяўляла сабе ў асноўнай масе камуністычная наменклятура.

Нядаўна бацька патэлефанаваў былому першаму сакратару аднаго з райкамаў партыі, каб павіншаваць яго з днём народзінаў (абодвум — далёка за 80).

Ягоны візаві быў не апошнім у градацыі партначальнікаў, кіраваў буйным раёнам, быў дэпутатам і г.д. Бацька больш за два дзесяцігодзьдзі ўзначальваў Віцебскую абласную Раду ТБМ, гаворыць па беларуску і, зразумела, віншаваў па беларуску. У адказ пачуў:

«Благодарю за поздравление, Но по-белорусски говорить с Вами не хочу. Я вообще последний раз на белорусском языке говорил 70 лет назад, когда заканчивал семилетику».

Ясная справа — Пазьняк вінаваты, хто ж яшчэ.

Тры памылкі Пазняка, у выніку якіх гісторыя Беларусі пайшла так, як пайшла

«Я ж думаў, што гавару па-руску, а мяне ні ў водны тэатральны не ўзялі». Зянон Пазняк — пра юнацтва, мемы пра сябе і як паставіў Лукашэнку на месца

«Любоў да Беларусі ў яе такая ж моцная, як каханне да Зянона». Топ фактаў пра жонку Пазняка

Ці магла б Беларусь стаць незалежнай без Пазняка?

У якіх рэгіёнах Беларусі Пазняк перамог Лукашэнку на выбарах-1994?

Nashaniva.com