«Любоў да Беларусі ў яе такая ж моцная, як каханне да Зянона». Топ фактаў пра жонку Пазняка
Сёння, 24 красавіка, свой 80-гадовы юбілей адзначае Зянон Пазняк. Тры апошнія дзесяцігоддзі поруч з ім яго жонка — Галіна, якая часта застаецца ў цені мужа. Прытым што сама яна таксама нямала зрабіла для беларушчыны.
Расказваем некалькі фактаў з біяграфіі Галіны Пазняк.
Нарадзілася ў сям’і настаўнікаў, сама выкладала рускую мову і літаратуру
Галіна Фёдараўна Палачаніна-Вашчанка нарадзілася на Лагойшчыне. Яе бацькі — настаўнікі.
Галіна таксама пайшла па іх слядах. Скончыла Мінскі педінстытут і аспірантуру пры ім, працавала ў Мінскім інстытуце педагогікі. Даследчыца напісала шэраг навукова-метадычных артыкулаў па сваёй тэматыцы і выдала кнігу пра тое, як выкладаць рускую літаратуру школьнікам у 9-м класе.
Паглыбілася ў палітыку пасля ўбачанага на Дзяды-1988
Галіна з нараджэння размаўляла на рускай мове і, як яна сама неяк пісала ў сваёй кнізе «Беларусь у сэрцы», «пра беларускую справу асабліва не задумвалася. Але пры гэтым ў душы я заўсёды заставалася беларускай».
Яе шлях да беларушчыны пачаўся восенню 1988 года — 30 кастрычніка ў савецкай яшчэ Беларусі прайшлі першыя масавыя Дзяды. Галіна таксама вырашыла схадзіць у гэты дзень на Усходнія могілкі.
«У метро высветлілася, што цягнік на станцыі «Усход» не спыняецца: на некалькі гадзінаў улады перакрылі ўвесь транспарт, і дабрацца да могілак на пэўны момант было немагчыма. Праз нейкі час транспарт зноў запрацаваў, і я прыехала са спазненнем…
Салдаты, нябачаная раней тэхніка, перакошаныя твары, грубасць, крыкі міліцыянтаў «расхадзіцца», іх неабгрунтаваная агрэсія супраць мірных людзей, многія з якіх прыйшлі на могілкі з кветкамі, каб ушанаваць памяць продкаў — усё гэта ў імгненне перавярнула маё жыццё. Стала абсалютна зразумела: трэба пачынаць жыць дзеля Беларусі, трэба ўключацца ў барацьбу», — пісала яна ў сваіх успамінах.
Удзельнічала ў працэсе пераводу сталічных школ на беларускую мову ў 90-я
Калі кажуць пра час нацыянальнага Адраджэння пачатку 90-х, многія найперш згадваюць дэпутатаў апазіцыі БНФ у Вярхоўным савеце. Між тым вялікую працу ў гэтым кірунку тады рабілі і дэпутаты Мінгарсавета. Сярод іх Галіна Вашчанка была адной з самых актыўных. Адзін факт таго, што яна перамагла на выбарах у 1990-м пры тагачаснай канкурэнцыі (да дзясятку кандыдатаў па некаторых акругаў) вельмі шмат кажа пра яе характар.
Ëн праяўляўся і далей: разам са сваёй паплечніцай, старшынёй камісіі Мінгарсавета па адукацыі, Вашчанка дамагалася таго, каб да 1994 года ўсе сталічныя школы былі пераведзеныя на беларускую мову.
Нягледзячы на прыняты Закон аб мовах, супраціў з боку чыноўнікаў на месцах, па словах сведак тых часоў, быў каласальны. Таму патрэбны быў вялікі энтузіязм і талент пераканання, уменне аргументавана дамаўляцца з апанентамі — гэтым Галіна якраз валодала.
«Яшчэ 5 верасня 1991 года, у тым ліку дзякуючы дэпутатцы Галіне Вашчанка, Мінгарсавет прагаласаваў за тое, каб нароўні са сцягам БССР у Мінску выкарыстоўваўся і бел-чырвона-белы сцяг. І калі праз два тыдні, 19 верасня, дэпутаты Вярхоўнага Савета ішлі на сесію, яны бачылі нацыянальны сцяг над будынкам Мінгарсавета. Сведчу, што гэта мела істотны ўплыў на вынік галасавання ў Вярхоўным Савеце па дзяржаўных сімвалах незалежнай Беларусі», — расказвае Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага савета ў 1990—1996 гадах.
Дарэчы, пра дзейнасць ва ўладзе Галіна напісала кнігу «Менскі гарсавет у пэрыяд нацыянальнай рэвалюцыі». Рэвалюцыя — вельмі трапнае абазначэнне таго, што адбывалася ў той час, а сама праца — звышкаштоўная для сённяшніх і будучых гісторыкаў.
Дадатковым штуршком да беларушчыны для Галіны стала наведванне аднаго са сходаў Народнага фронту напярэдадні выбараў у Вярхоўны Савет СССР. Ëн праходзіў у будынку Чырвонага касцёла, дзе тады месціўся Дом кіно. Там яна ўбачыла Зянона Пазняка жыўцом і вельмі натхнілася яго прамовамі пра будучыню Беларусі, неабходнасць незалежнасці краіны.
Крыху пазней Галіна прачытала артыкул Пазняка пра двухмоўе — ён яе так уразіў, што яна яго нават заканспектавала. Неўзабаве жанчына, якая скончыла аспірантуру з тэмай па рускай класічнай літаратуры і сама размаўляла па-руску, перайшла на беларускую. Стаяла ў шэрагах тых, хто выходзіў на плошчу Незалежнасці з патрабаваннямі, каб беларуская стала адзінай дзяржаўнай мовай.
Дапамагала дзецям Чарнобыля і палітычным арыштантам
Ад самага пачатку існавання БНФ Галіна ўваходзіла ў яго Сойм. Пэўны час была кіраўніком найбуйнейшай раённай фронтаўскай структуры ў Мінску — Койданаўскай рады, а таксама старшынёй арганізацыі «Дзеці Чарнобыля БНФ». Менавіта яна доўгі час дапамагала арганізоўваць для дзяцей Чарнобыля аздараўленне як за мяжой, так і ў самой Беларусі.
Таксама Галіна дапамагала палітычным зняволеным. Па ініцыятыве Алеся Бяляцкага на офісе БНФ вясной 1996-га была сабраная група людзей, у якую, акрамя спадарыні Вашчанка, уваходзіла Мая Кляшторная і яшчэ некалькі чалавек. Яны пачалі тэрмінова збіраць інфармацыю пра затрыманых, арганізоўваць дапамогу сем'ям пасля мітынгаў. У тым ліку з гэтых дзеянняў пачыналася гісторыя праваабарончага цэнтра «Вясна».
Выбіла памяшканне для БНФ
Будучы дэпутаткай Мінгарсавета, Галіна Вашчанка дамаглася таго, каб Беларускаму Народнаму Фронту выдзелілі памяшканне на Варвашэні, 8 (пазней — праспект Машэрава). Менавіта тут з 1993-га да 2011-га года месціўся штаб не толькі фронтаўцаў, але і іншых дэмакратычных сілаў. Па адрасе праводзіліся ўстаноўчыя сходы розных грамадскіх арганізацый, канферэнцыі і круглыя сталы, выставы і прэзентацыі.
Прыняла каталіцтва, каб абвянчацца з Пазняком
Аднапартыйцы і аднадумцы Галіна і Зянон Пазняк ажаніліся ў 1994-м годзе, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, на якіх палітык заняў трэцяе месца. Для Зянона гэта быў першы шлюб.
Пышнага вяселля пара не ладзіла: на падзеі проста сабраліся пара дзясяткаў чалавек.
Многія калегі па палітыцы пра вянчанне пары, якое адбылося ў Магілёве ў касцёле Святога Станіслава, даведаліся ўжо постфактум: Пазняк увогуле не любіў распаўсюджвацца на тэму асабістага жыцця. І нават пасля цырымоніі не хацеў, каб інфармацыя пра іх шлюб і вянчанне з’яўлялася ў прэсе. Але ў выніку журналістка «Свабоды» ўгаварыла Галіну на невялікае інтэрв’ю — падзея была сапраўднай сенсацыяй.
Для вянчання з Зянонам Галіна прыняла каталіцтва — веру свайго мужа. «Я паважаю ўсе канфесіі і рэлігіі, але глыбока перакананая, што муж і жонка павінны хадзіць у касцёл разам», — тлумачыла жанчына. Яна называла іх шлюб «сапраўдным каханнем, дзе няма месца ахвярнасці».
Сваіх дзяцей у Пазняка няма, але падчарку Надзею, па словах атачэння, ён ніколі не называў інакш як «дачка».
У эміграцыі прыходзіла на вакзал, каб дакрануцца да цягніка з Беларусі
Галіна і Зянон выехалі з Беларусі ў 1996-м, калі ўзнікла пагроза жыццю палітыка.
Эміграцыя давалася жанчыне няпроста. Кажуць, што нейкі час яна прыходзіла на варшаўскі вакзал, каб дакрануцца да цягніка, які ішоў з Беларусі. У тыя гады Пазняк вельмі шмат рабіў, каб Галіна дала рады гэтай пакутніцкай настальгіі.
Жанчына ж, у сваю чаргу, усім чым магла стала памочніцай мужа: набірала яго тэксты, вычытвала, працавала, каб у сям’і былі дадатковыя грошы: няньчыла дзяцей, даглядала за хворымі.
Разам яны рабілі і выдавалі часопіс «Беларускія ведамасці» — своеасаблівую энцыклапедыю палітычнага змагання канца 20-га — пачатку 21-га стагоддзяў. З 1996 па 2013 год выйшла 70 нумароў выдання.
І па сёння Галіна і Зянон трымаюцца за ручкі
У Варшаве Галіна сёння часта выступае з гістарычнымі дакладамі, як і Зянон. «Схаваны Купала», «Наш вялікі Якуб Колас» — гэта толькі частка аўтарскіх лекцый, якія можна пачуць у яе выкананні на розных пляцоўках.
І па сёння Пазнякі трымаюцца за ручкі, калі ідуць на нейкае мерапрыемства разам ці шпацыруюць.
«Галя — беларуска наскрозь, і любоў да Беларусі ў яе такая ж моцная, як каханне да Пазняка. Гэта не пафасныя словы, не перабольшванне», — каментуе Сяргей Навумчык.
Каментары
Света Ціханоўская, якая ездзіла па гэтай праграме за мяжу, магла б хоць раз выказаць словы ўдзячнасці Галіне Пазьняк.