Судзяць жанчыну, якая адмовілася размаўляць з Азаронкам — пагражае да 12 гадоў. А з яе тэлеграм-акаўнта актыўнічае ГУБАЗіК

Імаверна, прычына ў двух каментарах у тэлеграме. Незадоўга да затрымання Наталля Крук вярнулася з Польшчы.

27.04.2024 / 07:00

Наталля Крук. Фота з яе старонкі Укантакце

Мы пісалі пра Наталлю Крук у жніўні 2023-га. Тады губазікаўцы паказалі відэа з адважнай мінчанкай — жанчыну спрабаваў апытаць Азаронак, але яна не захацела адказваць на яго пытанні.

Наталлі Крук 39 гадоў. Пасля 2020-га яна выехала ў Польшчу і спрабавала там адкрыць свой бізнэс. Але ён прагарэў, бо Наталлю падмануў партнёр.

Апошняе паведамленне, якое яна пакінула ў тэлеграме, датаванае 31 мая 2023-га — яна шукала, з кім у чэрвені вярнуцца ў Беларусь.

Апошняе паведамленне, якое пакінула Наталля ў тэлеграме

Па вяртанні яе затрымалі. Было невядома, за што яе будуць судзіць, але губазікаўцы адразу заявілі, што яна застанецца за кратамі.

Імаверна, жанчыну судзяць за два каментары ў тэлеграме, сэнс якіх зводзіцца да таго, што «каб перамагчы, нам патрэбная забастоўка». Гэта палічылі «заклікамі да дзеянняў, якія наносяць шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі». Яшчэ адзін артыкул — 342 КК РБ, удзел у пратэстах.

Знайшлі яе вельмі проста — акаўнт Наталіі падпісаны яе ўласным імем, а таксама прывязаны да яе беларускага нумару.

Пакуль жанчына за кратамі, губазікаўцы вырашылі скарыстацца яе акаўнтам. Яны пакінулі два каментары ад яе імя, абодва датычацца Аляксандра Азарава і плана «Перамога». Абодва каментары пакінулі 15 сакавіка 2024 года.

Каментары, якія губазікаўцы пакінулі з акаўнта Наталіі

Суд на Наталляй пачнецца 7 мая ў Мінскім гарадскім судзе.

@nashanivanews Азаронак накінуўся на прарасійскую актывістку — што было далей #азаренок #беларусь #конфликт #лукашисты #нашаніва #беларусьновости #новостибеларусь ♬ Funny Guy - Parry Music

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Што новага правяраюць у тэлефонах на мяжы пры вяртанні ў Беларусь

67-гадовая беларуска вярнулася са Швецыі. Цяпер ёй пагражае да дзесяці гадоў турмы

Nashaniva.com