Што новага правяраюць у тэлефонах на мяжы пры вяртанні ў Беларусь
Спецслужбы Беларусі пачалі лазіць у тэлефонах на мяжы яшчэ больш прыдзірліва. Расказваем, што змянілася і як абараніцца.
Што новага глядзяць у тэлефоне
Па паведамленнях відавочцаў, шмат часу спецслужбісты на мяжы пачалі надаваць вывучэнню праграмы «Тэлефон» і спісаў апошніх тэлефанаванняў.
Яшчэ адзін пункт — тэлефонныя кнігі і кантакты там. Таксама вельмі шмат увагі надаюць кантактам у тэлеграме.
Па нашых звестках, праглядаюць таксама архівы пошты.
Як пачысціць тэлефонныя кнігі
Спіс тэлефанаванняў на андроідзе выдаліць проста (на айфонах схема падобная).
Адкрыйце праграму «Тэлефон». Перайдзіце ў спіс апошніх выклікаў. Націсніце той нумар, які вы хацелі б выдаліць. Адкрыецца меню — там трэба націснуць «Выдаліць».
Пасля адкрыецца акенца пацвярджэння. Націсніце «Выдаліць» яшчэ раз.
Як пачысціць спіс кантактаў у тэлефоне
Каб выдаліць некага з кантактаў на Android, зайдзіце ў праграму «Тэлефон» і абярыце пункт «Кантакты».
Адшукайце кантакт, які хочаце выдаліць. Націсніце на яго.
Націсніце на тры кропкі ў правым верхнім куце.
Далей адкрыецца меню. Націсніце «Выдаліць» і пацвердзіце выдаленне.
Як пачысціць кантакты ў тэлеграме
Што да кантактаў у Telegram, то вы можаце выдаліць іх і забараніць іх сінхранізацыю, каб палепшыць вашу бяспеку.
Для гэтага націсніце на тры рыскі ў левым верхнім куце экрана. Далей абярыце «Налады» і ўвайдзіце ў пункт «Прыватнасць і бяспека».
Дагартайце пункт «Прыватнасць і бяспека» да пункта «Кантакты». Націсніце «Выдаліць сінхранізаваныя кантакты» і пацвердзіце выдаленне. Пасля адключыце пункт «Сінхранізаваць кантакты» і «Прапаноўваць частыя кантакты».
Як пачысціць гугл-пошту
Пра тое, як пачысціць гугл-пошту, расказваецца ў нашым вялікім гайдзе пра ачыстку Google-акаўнта. Для электроннай пошты ад любога іншага сэрвісу схема будзе падобнай.
«Развод» на прызнанне
Апошнім часам, па звестках нашых чытачоў, усё часцей падчас допытаў людзей спрабуюць «развесці» на прызнанне ў пэўных дзеяннях — удзеле ў пратэстах, ахвяраваннях фондам салідарнасці ці рэчах такога кшталту. Таксама падчас такой гутаркі на мяжы на людзей маглі крычаць і пагражаць. Прычым у некаторых нават не глядзелі тэхніку, а проста гутарылі ў такім ключы.
Важна падрыхтавацца да допыту маральна і не весціся на правакацыі. Калі вы ахвяравалі не з беларускай карткі ці праз даўно ўжо выдалены або ананімны фэйсбук, то даказаць гэта практычна немагчыма (у фэйсбуку шмат платных опцый — да прыкладу, закупы ў гульнях). Калі вы ахвяравалі прыватна, даказаць гэта спецслужбісты на мяжы таксама не здолеюць.
А што яшчэ глядзяць і як абараніцца?
Па ранейшых гісторыях вядома, што сілавікі могуць праглядаць таксама:
- Telegram. Прычым усё ў ім — каналы, чаты, кантакты, спампаваныя фота і відэа, перасланыя спасылкі.
- Іншыя месенджары — да прыкладу, фэйсбук-месенджар і вайбер.
- Youtube — падпіскі, лайкі, каментары, прагледжаныя і схаваныя відэа.
- Галерэя фота, у тым ліку гугл-фота і iCloud.
- Сацыяльныя сеткі. Сілавікоў могуць зацікавіць падпіскі, паведамленні, лайкі і каментары.
Што можна зрабіць, каб абараніцца?
Спачатку варта пачысціць ваш тэлеграм і іншыя месенджары. Яшчэ лепш — прачытайце артыкул пра тое, як шукаюць людзей у тэлеграме ўвогуле. А таксама пра тое, як вычысціць «пратэсныя» тэлеграм-боты з вашага акаўнта. А пасля — папкі «Спампаваныя» і «Медыя», пра якія мы пісалі ў гайдзе пра перасячэнне мяжы.
Пасля вычысціце ваш Instagram. Потым праглядзіце «Аднакласнікі», «УКантакце» і Facebook. Асобна звярніце ўвагу на вашы лайкі. А вось інструкцыя для тых, хто ахвяраваў праз Facebook — як выдаліць акаўнт у Facebook правільна.
Пасля гэтага вычысціце ваш YouTube і гугл-акаўнт.
Варта таксама праглядзець галерэю і пачысціць фота, а пасля — Google Photos і iCloud (асобнага гайда пра яго ў нас няма, але шмат напісана ў артыкуле пра ачыстку фота).
Калі ў вас няма сіл на гэтыя маніпуляцыі, то можна ўзяць асобны тэлефон для перасячэння мяжы, цалкам чысты.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары